Падарожжа з Рацыяй – Дзённік Графамана. Турцыя



padaroazRacyjaj

02.06.2013 Турцыя

Дарога да мяжы такая, быццам у вымерлую зону. Бачна, што калісьці тут нешта было, вось толькі што і калі…

На самай мяжы ёсць абменнік, але няма нашто мяняць грошы, апошняга лева запускаю ў банкамат (як гэта называе мая сяброўка з Менска) з кавай ды пячэннем. Добры банкамат дае мне яшчэ ваду на дарогу.

Уязджаю ў Турцыю з дзвюма банкамі фасолі, адным балгарскім паштэтам, прыхаванай польскай кансервай 'на чорную гадзіну’ ды дзвюма запаснымі камерамі. Што рабіць, пражывем неяк.

На мяжы невялікі скандал: чалавек, які прадае візы, прыклеіў візу на старую турэцкую пячатку, памежнік кажа: „віза прабітая, ідзі набывай новую”. Шчасце, атрымалася ўсё патлумачыць, атрымліваю пашпарт ды ў дарогу.

Дарэчы, дарога на турэцкім боку новенькая, шырокая ды… уся для мяне, машыны праязджаюць вельмі рэдка, усе сігналяць – вітаюць.

Хоць і гор хапае, але праз 2 гадзіны дабіраюся да першага турэцкагка мястэчка. Вырашаю заехаць у краму, зарыентавацца ў коштах ды наогул у мясцовых звычаях. Надзіва, усе добра ставяцца да раварыста, сігналяць толькі каб прывітацца.

У краме я разумею, што зубам маім, як спявае “Нейра Дзюбель”, 'поўны піз….ц, самы поўны’…, што дарагое, гэта дарагое, а ўсякіх салодкіх прысмакаў шмат ды ў даволі прыстойных коштах… Неяк пражывем 😉

Зноў сабакі. Аказваецца гэтыя бяздомныя румынскія не такія страшныя, бо яны ад голаду не маюць сілаў.

А тут адкормленыя, здаровыя абаронцы ўласнай тэрыторыі з адчыненай брамай. Дзень раней мяне атакаваў такі ў Балгарыі ды тут на добры дзень у Турцыі.

Віка, прабач, калі ласка, у Тваёй сакве не стала паловы задняй кішэні, спадзяюся ён надзеўся на відэлец, які я тамака звычайна трымаю.

У той дзень ужо ў дваццаць гадзінаў сілаў не стала. Да Стамбула засталося кіламетраў 160.

Убачыў каля дарогі прыемную хатачку ў полі, якую яўна не будуць наведваць уначы.

[Not a valid template]

Разбіў я свой лагер за плотам, дзе і выгодны ложак, і стол атрымалася змайстраваць. Добра ноч цёплая ды зоркі зноў бачна.

Таццяна Беланогая – „Мой Голас Чорны” – песня на спакойную ноч  😉

_____________________________________________________________________________

03.06.2013 Стамбул

Першая раніца ў Турцыі. Вельмі не хацелася падымацца, але трэба ехаць. Толькі 150 кіламетраў. Але зноў дождж. Неяк пераблытаў дарогі ды паехаў на 20 болей. Але ў гэтым „Падарожжы з Рацыяй„ мяне першы раз сустракае мора – Мармуровае мора…

is8

Стамбул – гэта вялізны горад. Я 4 гадзіны блукаў па горадзе, каб нарэшце дабрацца да Таксіма, дзе жывуць мае гаспадары з каўчсёрфінга – паляк Пётрэк ды чэшка Аня. Яны прыехалі сюды на год па праграме „Эразмус”.

is1Мае гаспадары – Пётрэк і Аня

Хата ў самым цэнтры: чатырохпавярховая, на кожным паверсе пакой ды ванны пакой, на апошнім кухня, а на даху… тэраса.

is2Від з даху

У хаце жывуць яшчэ дзве францужанкі, але як гэта бывае ў студэнцкіх кватэрах народу заўсёды намнога больш, чым жыхароў. Мне падабаецца – тым больш, што ёсць і цёплая вада, і пральная машына.

А з-за гэтай тэрасы мяне сустрэла цікавая гісторыя.

Сёння раніцай я засеў тамака з кавай ды компам, каб напісаць Вам, што са мною адбывалася цягам апошніх дзён. Але праз нейкі час батарэя нагадала пра сябе. Я спускаюся за падзарадкай ды тут разумею, што мяне зачынілі… Ніякія стукі, крыкі не дапамагаюць. Вырашыў паспрабаваць знайсці іншы выхад. Праз суседні пад’езд спусціўся на вуліцу, але аказваецца дзверы да майго прыбытку закрытыя, на званкі ніхто не адгукаецца. Дагестанец, які ўвесь дзень сядзіць насупраць, кажа: „Дык усе з хаты выйшлі дзве гадзіны таму…” А я тут стаю без ключоў ды ботаў. Грошы, дакументы, тэлефон, фоцік, на жаль, таксама не падумаў узяць з даху…

Паразмаўляў трошкі з дагестанцам. Ён тут жыве 12 гадоў хаця ў яго канадскі пашпарт, бо прыехаў, закахаўся, нарадзіў сына. Але жонка памерла. Цяпер сядзіць увесь дзень на парозе ды бухае…, адкуль ён на гэта бярэ грошы???

Дарэчы, я зайшоў у вялікай краме ў аддзел з алкаголем ды зразумеў, што да Грузіі прахібіцыя… – блін, самое таннае піва ў краме каштуе як у нармальным менскім клубе, пры чым у менскім клубе яно нашмат смачнейшае…

is6Дарагое ды несмачнае турэцкае піва (дарэчы, адзіная марка)

Ну што ж рабіць? Чакаць? Дагестанец увесь час падсмейваецца, што я без ботаў. Не ў кайф тут сядзець увесь дзень, трэба ісці пагуляць па горадзе…

Пайшоў спачатку да дэманстранаў. Тут, дарэчы, аказваецца малая рэвалюцыя, улады горада вырашылі знесці парк – улюбёнае месца мясцовай тусоўкі. Пачаліся студэнцкія пратэсты, якія ператварыліся ў антыўрадныя пратэсты. У парк з’ехалася моладзь ды творчыя людзі з усёй Турцыі. У іншых вялікіх гарадах пачаліся хваляванні супраць таго, што партыя ўлады ўводзіць мусульманскія правілы ў краіне.

is3Паліцыйны ўчастак у гэтыя дні вельмі ўзмоцнены

 

is4Плошча Таксім удзень

На плошчы ўночы слезацечны газ, пратэстоўцы ставяць барыкады са спалёных ментоўскіх машынаў, але таксама вечарам бачыў два спаленыя гарадскія аутобусы, ды некалькі тэлевізійных (не ўсё тут разумею, хто з кім супраць каго), па-над народам пераважна камуністычныя ды анархічныя сімвалы, але таксама паўсюдны нацыянальны сцяг.

 

is5

is7Плошча Таксім уначы

 

is9Спалены паліцыйны аўтобус

У дзень у парку спакойна, хаця людзей многа. Бачна, што заставаліся там і ўначы. Усё спакойна, усюды бачна прадаўцоў ежы, напояў, сцягоў, свісткоў, супрацьгазавых масак – бачна народ ведае куды прадаць тавар…

Але таксама ёсць месцы з дармовай ежай, якую прыносіць пратэстоўцам народ і я трошкі паеў, паназіраў. Вось як шкадаваў, што не ўзяў фоціка з даху (пазней увечары выправіліся з Пётрэкам ды Аняй адмыслова, каб перадаць Вам некалькі фатаграфіяў з плошчы…)

Але тады патусіў трошкі тамака, аднак цяжка без мовы, пайшоў далей гуляць па цэнтры…

Адчуваў сябе амаль як герой кніжкі Артура Клінава 'Шалом’ – чалавек-мастацкі праект – чалавек без ботаў, з доўгімі вусамі, у зялёных шортах ды майцы з надпісам „MeryCrisis”

Гуляць па галоўных вуліцах горада сярод натоўпу турыстаў, жыхароў (якія, дарэчы, вельмі сочаць за сваім абуткам) ды, у гэтыя дні, пратэстоўцаў… – можа гэта і ёсць ідэа для наступнага падарожжа. Трэба падумаць.

А пакуль што іду спаць.

Што ж песня… Час такі, партызанская тэма вельмі актуальная ды кліп зняты ў Стамбуле 😉

Эх, 3.00 раніцы. Не ведаю, як я прачнуся…

_____________________________________________________________________________

04.06.2013 Кропка Вяртання

Сёлета гэта была венгерская вёска Бакод. Тамака вырашыў, што трэба вяртацца, што гэта апошні момант.

bokodЗараз збіраюся выязджаць з горада Стамбула і, здаецца, гэта і была мая кропка вяртання, што вяртацца няма куды, ужо толькі на перад у Берасце…

Так едзем у Азію…;)

_____________________________________________________________________________

09.06.2013

Прывітанне Сябры! Даўно не бачыліся… Я жывы і здаровы, проста даўно не было інтэрнэту… Сёння забег на хвілінку ў інтэрнэт-кафэ ў гарадку Кавак (паспрабуйце знайсці на мапе 😉 )

Часу не шмат (ужо чутны абедзенны запеў з мінарэта, а хочацца яшчэ сёння пацягнуць пад сотню). А расказаў у галаве назбіралася. Таму сёння хуценка прывітаюся і кіну некалькі фотак, ды абяцаю, што буду старацца кожны дзень рабіць абедзенны перапынак у нейкай інтэрнэт-кафэшцы ды патрошку расказваць Вам пра тое, што адбывалася са мною за тыя дні дарогі праз азіяцкую частку Турцыі. Раскажу пра турэцкую гасціннасць, асабліва гасціннага Гасана…

czaj4…ды пра турэцкі чай (прабачце мяне, калі ласка, але менавіта гэтым словам буду карыстацца ў дачыненні да турэцкай гарбаты, ды выключна да яе – у гэтым выпадку гэта не русіцызм, а туркізм. Абяцаю, што як толькі пераеду грузінскую мяжу, перайду на… каву 😉 )

Вось праехаў я ўжо амаль 1000 км па Турцыі, а мяжой ды і не пахне (зараз сяджу ды адчуваю, што я наадварот пачынаю пахнуць – вельмі спадзяюся на гэтае мора… 😉

Засталося кіламетраў 50 да горада Самсон. Ды калі ўсё атрымаецца, сёння Падарожжа з Рацыяй прывітаецца нарэшце з Чорным морам 😉

[Not a valid template]

Ды песня на сёння „Przepraszam” – Sztywny Pal Azji Тут бачу блакаваны Youtube ;(, але спадзяюся спасылка добарая.

_____________________________________________________________________________

11.06.2013 Стамбул – Самсун

Вітанкі!

Учора не атрымалася знайсці інтэрнэт. Быў у кафэшцы, але там не магчыма было ўставіць флэшку ў комп…

Дык каротка пра тое, што са мною адбывалася праз гэтыя дні…(каротка, бо не магу я дамовіцца з гэтай турэцкай разкладкай на клавіятуры…)

Развітаўся я з Пётрэкам, апошні раз праехаў праз стамбульскую плошчу, ды выправıўся на азіяцкі бок Стамбула – апошні позірк на Сафıйскı сабор.

Дарэчы, калі ў пачатковай школе мы праходзілі заняцце Канстантынопаля праз туркаў, настаўнік сказаў, што калі нехта патрапіць у гэты горад, дашліце мне, калі ласка, паштоўку… Я гэта зрабıў некалькі гадоў таму, калі першы раз наведваў гэты горад. Настаўнік прыемна здзівіўся ды і мне было прыемна…

Азія сустрэла мяне невялікім пікетам каля параходнай пераправы, але я еду далей. Трошкі заблукаў у прэстыжным раёне. Каля дзявятай вечара пачалося стуканне ў каструлі – гэта нейкая фішка звязаная з пратэстам. Уражанне, што ўвесь горад стукае.

Выбраўся даволі позна таму і адразу трэба было шукаць месца на начлег. Пераначаваў пад дрэвам на Мармуровым моры.

На наступны дзень пачалася бязмежная турэцкая прастора ды турэцкая гасціннасць.

Я тут ровар наогул спакойна пакідаю, так упэўнены ў гэтых людзях. Па дарозе кожная трэцяя машына сігналіць – перадае прывітанне, людзі клічуць папіць з імі чаю, або проста каб прывітацца, паразмаўляць.

Шкада мовы не ведаю, але можа і лепш. Калі б я гутарыў з кожным, дык дарога праз Турцыю заняла б месяцаў 5… Ем звычайна на малых запраўках па дарозе. Не таму, што люблю пах саляркі, а таму, што звычайна частуюць чаем, а часам і пячэнькамі.

Асабліва прыемай была сустрэча з Гасанам.

Гасан: – Салям алейкум – Алейкум салям (супакой Табе ды Табе супакой)

У горадзе Гэндэк заехаў у краму ды набыў свой звычайны набор на вячэру: хлеб ды арыян (кісла-салёны малочны напой, не ведаю ці падобны на кефір, бо з дзяцінства не люблю я кефір).

Выязджаю з горада ды думаю, што трэба ўжо паціху шукаць месца для начлега. Ды тут на вуліцу выбягае сталяр са сваёй майстэрні і кажа: „Прысядзь, з’еш турэцкую цукерку, пагутарым.”

Мае 7 тысячаў км не робяць на Гасане вялікага ўражання. Ён часта спыняе раварыстаў на дарозе. Ды два гады таму гасцяваў Кіма з Японіі, які з Кітая ў Партугалію ехаў 21 тысячу.

Гасан разпавядае (калі можна гэта так назваць пры ненаяўнасці агульнай мовы, пра свой радыёмотаклуб, пра турэцкую культуру). Пазней едзем да яго сяброў слесараў, якія пояць нас чаем ды кормяць кебабам.

Пазней позна ўначы сядзім з Гасанам ды яго сябрам на вуліцы і п’ем гарачы чай, кожую хвіліну падыходзіць нехта новы ды знаёміцца са мною – уражанне, што ўжо ўвесь горад ведае пра дзіўнага раварыста. Хазяін некалькі разоў ходзіць у суседнюю пякарню ды прыносць гарачанькі хлеб…

Кладуся спаць дужа позна, а раніцай зноў чай…

Знаёмлюся з дачкой Гасана, якая прыходзіць сказаць бацьку:  «Добрай   раніцы»… Шмат яшчэ ў галаве, але час канчаецца. Дапішу на днях, а зараз у дарогу.

[Not a valid template]

Трошкі трывожна за пашпарт. Ён замок ды пацякла турэцкая пячатка з візы. А памятаеце можа маю гісторыю з балгарска-турэцкай мяжы, калі візу мне наклеілі на старой турэцкай пячатцы. Цяпер невядома каторая з іх каторая, а новай печаткі амаль небачна. Але гэтае пытанне будзем вырашаць не раней, чым паслязаўтра. Спадзяюся пераскочу – у іх жа з Грузіяй Мытны саюз…

Ды песня – можа нешта па-турэцку: Duman „Aman Aman”

https://www.youtube.com/watch?v=fXhBRQEqp-A

_____________________________________________________________________________

pasztouka_____________________________________________________________________________

13.06.2013 Самсун – Батумі

Я ведаю, шмат чаго я Вам яшчэ абяцаў напісаць, але ўвесь час не хапае часа-інтэрнэта…

Давайце дамовімся, што пра турэцкі чай я Вам распавяду, калі даеду да Гюмры. Там думаю зрабіць дзень адпачынку, так і час, думаю, будзе…

А зараз пра дарогу па Чорным моры…

Першы дзень вельмі дажджлівы – зноў быў увесь мокры ды брудны, нават на чай не хацелася хадзіць…

Вельмі ўсцешыла мора, якое было са мною ўвесь час цягам 3 дзён. Горад Самсун я сустрэў пасля 5-і дзён дарогі праз сярэднюю Турцыю. Праўда тут на моры не так ужо частуюць. Амаль усе глядзяць не як на чалавека, а як на вялікі гаманец. Але ўсё ж такі ёсць выключэнні. У адным з гарадкоў, куды я заехаў, каб купіць нешта на вячэру, працаўнікі аптэкі запрашаюць папіць чаю. „Размаўляем”, абменьваемся фэйсбукам. Яны абяцаюць сачыць за блогам.

У пякарні пасля таго як паказваю свой лічыльнік (тамака дарэчы ўжо 3 тысячы), уладальнік дае мне хлеб бясплатна…

Па дарозе сустракаю іншых раварыстаў (пры іх маё падарожжа гэта невялікі шпацыр – Рышард з Галяндыі выправіўся ў Новую Зеландыю, а чувак з Францыі едзе ў Бангкок).

Пад’ехаў некалькі дзясяткаў кіламетраў з французам, ён запрасіў мяне на гарбату. Там і разыходзімся: ён на начлег – знайшоў яго праз „лан-шаер” (старонка падобная на каўчсёрфінг), а я далей у дарогу. У тую ноч начаваў на моры (нарэшце ноч без дажджу, выкупаўся ў моры, так можна сказаць, што і я меў душ;)

Наступнага дня дагнаў мяне Рышард. Зноў некалькі кіламетраў супольнай вандроўкі. Пазней раз’язджаемся кожны сваім тэмпам. Можа сустрэнемся яшчэ, але ўсё ж кожны валачуга мае свае звычаі. Файна сустрэцца, паразмаўляць, абмяняцца досведам, але ўсё ж мы не стадныя жывёлы… 😉

[Not a valid template]

У Грузію думаў даеду толькі сёння, але ўчора каля 6 вечара ўбачыў удалечыні дзіўныя хмарачосы Батумі. Ды ажно ровар сам ехаў! Так у вечары сказаў ужо „Гомардзоба”… 😉 За гэтыя дні ў Турцыі надыбаў некалькі слоўцаў: (прашу прабачэня ўсіх, хто ведае турэцкую, я напішу як чуў 😉

Тэшікюр – дзякую Чай – турэцкая гарбата Аркадаш – сябра Чадор – намёт Су – вада Экмэк – хлеб Айран – малочны салёна-кіслы напітак Карадэніз – Чорнае мора Гюргістан – Грузія Алеманя – Нямеччына (Наступным разам паеду ў майцы „Я не з Нямеччыны”, а то ўсе ЎСЁ, што немец, немец. Напэўна, таму што я ехаў у майцы Neuro Dubel з надпісам Belarus Uber Alles 😉

Песня на сёння: Neuro Dubel – „Belarus Uber Alles”