Падарожжа з Рацыяй – Дзённік Графамана. Грузія
14.06.2013
vგამარჯობა 😉 Так я нарэшце ў Грузіі.
Учора заехаў. У першай краме набыў хлеб ды піва і выправіўся ў пошуках месца для начлегу, але… Па дарозе пабачыў кафэшку (многа сказана – парасоны, а пад імі сонная жанчына ўжо напэўна некалькі гадзінаў чакае ахвотных выпіць піва ці кавы). Падумаў: Чаму б не. Першая кава за 2 тыдні… Заехаў, заказаў каву, паставіў тэлефон на падзарадку, пад парасонамі з’явілася яшчэ трое мужчынаў, заказалі па піве… Я спакойна дапіваю каву з думкамі пра маё піва ды памідорку і відам на мора… Тут чувакі запрашаюць прысесці да іх. Чаму б не. Бяру сваю каву іду за іх стол. Частуюць півам, дакладней адзін з іх, старэйшы, частуе ўсіх. І тут аднекуль з’яўляецца яна… чача – самагонка адсюль (чаму я прыдумаў гэтае Горыс, калі яна ўжо тут ёсць). Я галодны, на стале толькі садавіна, але вытрымоўваю годна атаку. Нават душэўны тост кажу – грузіны пад уражаннем… Усё ж чакалі, што я хутка здамся, а я трымаюся да апошняга. Праз гадзінкі дзве з’яўляецца маці аднаго з хлопцаў, забірае яго. Аказваецца на заўтра ў яго суд (ударыў чалавека нажом). На гэты сігнал усе падымаюцца, развітваюцца са мною. Тамада, які раней прапанаваў начлег, таксама… Дык і я, што буду сядзець, забіраю свой тэлефон, разлічваюся за сваю каву ды іду на мора. Добра, што не дайшоў, а то гэты блог мог закончыцца некралогам… Чача ўсё ж такі дзейнічае. Я 50 метраў ад берага хаваюся ў нейкай будоўлі – усё ж набліжаюцца маланкі, з’ядаю сваю памідорку з хлебам ды кладуся спаць…
Раніцай акунуўся ў моры ды выправіўся ў Батумі ў пошуках вай фая, грузінскіх грошай ды роварнай шыны. Мая задняя шына трымаецца ўжо на некалькіх нітках. Учора вельмі маліўся, каб яна не сарвалася ў якім-небудзь тунэлі. Шына трымаецца пакуль што, але без запаснай у далейшую дарогу не хачу рызыкаваць…
Усё ж такі заўтра самы цяжкі пад’ём за ўсю паездку: перавал на 3 тысячах метраў над узроўнем мора, 50 кіламетраў без асфальту (дарэчы google maps не паказвае гэтай дарогі…;)
Батумі – другі горад у Грузіі, сталіца Аджарыі – аўтаномнай краіны ў Грузіі, дзе ў большасці жывуць мусульмане.
Горад-курорт. Шмат турыстаў. Нікога не здзіўляе чувак з роварам. Сустракаю парачку з Польшчы. Томак ды яго дзяўчына прыляцелі WIZZAIR-ам на некалькі дзён у Грузію. Вельмі ім тут падабаецца, а паколькі ў Батумі ўжо другі дзень, арыентуюцца ў горадзе трошкі лепш, чым я. Дапамагаюць мне знайсці тур-інфармацыю, дзе бяру халяўную мапу Грузіі…
Пазней знайшоў роварную майстэрню, дзе ўдаецца мне набыць шыну „second hand” за 3 лары (каля 2 даляраў). Новая каштуе 15.
Паабедаў на аўтавакзале ў забягалаўцы (мой любімы клімат). Смачны, танны ды тоўсты суп, праўда трэба есці яго вілкай, але паколькі даюць да гэтага палову хлеба, не так гэта і страшна. Ды зноў КАВА 😉 …
[Not a valid template]
Добра, але пара. А то з раніцы зрабіўся вечар. А файна было б ад’ехаць сёння яшчэ некалькі дзясяткаў кіламетраў у пошуку сапраўднай Аджарыі, без пластмасавых дэльфінаў ды макдональдсаў…
А песня сёння грузінскае рэгі 😉
_____________________________________________________________________________
18.06.2013 Батумі – Перавал
(“Чача, быццам сабакі ў Румыніі, паяўляецца невядома адкуль”)
З Батумі выбраўся толькі ў 17 гадзінаў, то бок атрымалася праехаць у той дзень толькі 40 кіламетраў. На выездзе з горада бачу, як карова шукае ежы ў кантэйнеры для смецця ды б’ецца за яго з сабакам… – бачна, што ўязджаю ў незвычайную краіну…
Дарога вельмі прыгожая: уздоўж ракі, паміж двума горнымі хрыбтамі, усё ярка-зялёнае (тут вельмі цёпла ды часта ідзе дождж, дык расліннасць проста выбухае).
Час ад часу на ўзбочыне бачу кактусы, пальмы, еду няспешна, разглядаю наваколле. Часам нехта затрымоўвае: “Давай, пасядзі, адпачні, пагаворым.” Каля 19 гадзінаў змяркаецца. Разумею, трэба ў першай вёсцы зайсці ў краму, набыць нешта на вячэру. Вясковая крама, каля яе кабак з півам, мужыкі сядзяць выпіваюць тое піва, пазіраюць на мяне здзіўленым позіркам: “Што ж гэта за дзіва з’явілася ў мясцовасці”.
Вітаюся з імі (гамардзёба/добры дзень – амаль адзінае грузінскае слова, якое ведаю). Іду ў краму, купляю хлеб і самую танную каўбасу (прадавец мне прапануе даражэйшую, але гэтым разам не здаюся), ды піва да вячэры.
Выходжу з крамы, размаўляючы пра маё падарожжа, да размовы далучаюцца астатнія. 3 тысячы кіламетраў іх уражваюць.
Файна размаўляецца. Вырашаю пасядзець з імі яшчэ трошкі, заходжу ў кабак, заказваю куфель піва. Бармен доўга налівае. У той час размаўляем. Ён кажа, што дасць мне змазку да ровара (якую я забыўся надыбаць у Батумі). На пытанне: «Колькі за піва?» – Доўга думае, ды потым кажа: «Нічога, пі на здароўе…»
Іду на вуліцу, няспешна п’ю піва, размаўляю, насмароўваю зубатыя колы, развітваюся ды ад’язджаю ў пошуках добрага месца для начлегу. Праз кіламетраў 10 бачу файны прыпынак, побач крыніца са смачнай вадою, а трошкі ніжэй нават сапраўдная прыбіральня, толькі закруткі ад вады нехта скраў – цудоўнае месца для начнога прывалу.
Іду ў прыбіральню. Думаю, вярнуся, памыю рукі, дастану вячэру, сяду за стол – на дэсерт піва. Ужо зусім цёмна…
Калі вяртаюся, каля майго ровара стаіць маршрутка ды трое хлопцаў, пытаюць пра запальнічку. «Не куру, дык не маю,» – кажу я…
Далей ужо звычайная размова пра маю вандроўку….і тут з’яўляецца «Яна». Хлопцы пытаюць: – Чачу будзеш? – З чаго? – З хурмы. – Можна паспрабаваць… – Давай, едзь за намі метраў 500.
Еду ў цемры за маршруткай па нейкіх горных дарогах, нейкіх ненадзейных мосціках, ды пад’язджаем, нарэшце, пад хату аднаго з хлопцаў.
На стале пад грушай хутка акрамя самой чачы, з’яўляецца дольма (галубцы ў вінных лістах), сыр, хлеб, агурцы, памідоркі, ды самое лепшае ў гэты дзень – яшчэ гарачы хлеб з кукурузнай мукі…
Сядзім. Зразумела тосты працягваюцца не менш за 5 хвілінаў…
Сядзім гадзінкі дзве, але і пазней мяне не адпускаюць, толькі селяць у пакой (пакойчыкам гэтага не назаваеш – гэта была сапраўдная каралеўская комната) на другім паверсе, праўда памыцца можна толькі ў крыніцы, але ж… – я шчаслівы… 😉
Раніцай аказалася, што я ўстаў на гадзіну пазней, чым думаў (не перавёў гадзіннік). Хлопца, які працуе на маршрутцы ўжо няма, але яго маці частуе мяне смачнай кавай.
Ды ў дарогу… Да перавала застаецца кіламетраў 70-80 (кожны кажа нешта іншае).
Зноў цудоўныя краявіды. На адным спуску на павароце два салдаты, зусім п’яныя (шкада не дазвалюць фатаграфаваць сябе). Трошкі размаўляем, прапануюць мне кола ад Камаза – карацей, разумею, што няма што тут сядзець з імі. У іх і слова даволі цяжка складваюцца, далей на спуск…
Пераязджаю наступныю вёску, мужыкі сядзяць пад плотам: «Давай, адпачні, пасядзі з намі хвіліначку!» Ах, толькі што адпачываў, але няхай, спынюся на 5 хвілін…
Бачу побач на «жыгулях» чалавек прадае бутылкі з чырвонай вадкасцю. Думаю, не дрэнна было б дабавіць трошкі чырвонага сухога ў мой бідон (я ўжо ў Балгарыі заўважыў, што калі зусім трошачкі дадаць яго да вады, дык на многа лепш здымае смагу), але аказваецца, што гэта машынны алей.
Але адзін з мужыкоў (у фірмовай вопратцы запраўкі, якая насупраць) кажа: «Хочаш паспрабаваць дамовае віно? Пайшлі!»
Ідзем метраў 200, заходзім у нейкі двор, вітаемся. Хазяін як раз даглядае вінаград…
Спыняе працу, выцягвае вялікі слоік, віно ставіць пад грушай ды вяртаецца да сваёй працы. Яго жонка выносіць хлеб, свежыя аладкі ды сыр (дарэчы грузіны ніколі не п’юць віно без ежы ды без тостаў, зразумела). Выпіваем, напэўна, літры 2, я не пабаюся сказаць, лепшага віна ў маім жыцці (яны на смак адрозніваюць нават сорт вінаграда, з якога зробленае віно, на жаль, не запамятаў назвы) не піў.
Развітваемся з гасціннай сямейкай. (Спадар, які зрабіў гэтае віно, жартуе: «Наступны раз прывязі ровар для майго сына.» Блін, так цудоўна было б выканаць гэтае пажаданне. Я ўжо бачу гэтую радасць. Эх, каб гэты параход праз Чорнае мора быў трошкі таннейшы…)
Сядаю на ровар. Хаця і сонца, і шмат віна ў крыві – стома не адчуваецца, еду далей.
У горадку Кулё абедаю смачным, тоўстым, сытным ды вельмі танным супам з мясам (тут цудоўны звычай даваць да супа цэлы хлеб). Так сытна, што без піва ніяк…
Праз наступныя кіламетраў 15 пачынаецца дождж. Бачна, што праз 15 хвілін ён скончыцца. Вырашаю даехаць да вёскі, схавацца ў краме на адно піва. Даязджаю да вёскі, шукаю крыніцу хмеля, ды чую: «Давай да нас! Адпачні хвілінку!»
Уваходжу ў памяшканне, аказваецца, гэта і ёсць крама. Адразу наліваюць мне піва. Тут я раблю першае faux pas: кажу тост півам, яны не крыўдуюць, але смяюцца (гэта, напэўна, будзе ў гэтай кампаніі анекдот на доўгія гады)… Усё вельмі файна, але еду далей, застаецца кіламетраў 20 да перавалу. Апошнія 10 круты пад’ём. Ужо ніякіх кактусаў, нават хвояў не шмат, трошкі холадна, дарога дрэнная, перадачы не заўсёды працуюць як трэба, але метр за метрам падымаюся.
Я ўжо разумею, што сёння не паспею з’ехаць, трэба будзе шукаць начлег наверсе, але гэта яшчэ кіламетры 4 (значыць гадзінкі 2).
І тут даганяе мяне маршрутка. Аказваецца людзі, з якімі я размаўляў па дарозе, ведаюць куды еду. – Давай падкінем на гару!
Грузім ровар і падымаемся. Машына ледзь цягне, такі круты пад’ём. Але нарэшце мы наверсе. Моцны вецер ды вечар, за хвілін 20 будзе зусім цёмна.
Уладальнік машыны Дадо з Батумі ўпрошвае:
– Калі ласка, толькі не едзь далей, там ужо лес ды ваўкі. Пераначуй тут. Ёсць гасцініца.
Думаю, грошаў няшмат, але можа і праўда трэба здацца і туды ісці. Ваўкоў не хочацца, а дубак такі, што нават калі б меў нармальную палатку, не змог бы яе паставіць. Кажу:
– Добра, пайду, толькі зайду тут у краму, кавы пап’ю. – Ок, пайшлі разам!
Заходзім у невялікую драўляную пабудову, тут цёмна, няма электрычнасці. Пасярэдзіне сядзіць мужчына, з якім Дадо вітаецца вельмі сардэчна, таксама з яго жонкай, якая выдабываецца з цемры памяшкання…
І тут з’яўляецца «Яна». Дадо да мяне: – Чачу з вінаграду будзеш? – Можна па адной.
Спадарыня падае яму пластмасавую бутылку, ставіць на стол хачапуры ды смятану (чачу яны таксама ніколі не п’юць без ежы).
Тут я зноў станаўлюся тэмай анекдота:
Дадо: – Давай паспрабуй смятану, яна лепшая ў свеце! Не люблю я смятану, але што ж трэба хаця б трошкі, каб не крыўдавалі…
Бяру ложачку ды каштую смятану – тут усе ў смех…
– Ты другі ў Грузіі, што паспрабаваў смятану ложачкай, да цябе гэта зрабіў толькі прэзідэнт Саакашвілі…
Не зусім разумею, што адбылося, але наступную порцыю смятаны ўжо спачатку намазваю на хачапуры. Пасля 4-5 стаканаў чачы Дадо кажа: – Думаеш у мяне толькі адна хата у Батумі. Тут у мяне таксама хата, тут жыве мая цёшча. Пайшлі!
[Not a valid template]
Працяг будзе…а пакуль што песня:
_____________________________________________________________________________
19.06.2013 Перавал – Ахалцыхе
Дадо ўвечары мяне завеў ды пакінуў з добрай жанчынай. Праўда яна размаўляе толькі на грузінскім дыялекце тутэйшых мусульманаў.
Я кладуся зноў у ложак. Пада мною спіць карова. Усё вельмі проста, але вельмі добра я сябе тут адчуваю. Раніцай прачнуўся, схадзіў у прыбіральню, яна на вуліцы, але на другім паверсе, пада мною метраў дваццаць… Апрануўся, жанчына кажа: – Сядай у кухні, пачакай каву…
Яна разпальвае печку, ставіць на яе філіжанку з вадой ды кавай. Праз хвілін 20 п’ю лепшую каву ў сваім жыцці ды закусваю свежа спечаным хлебам, якога чакаю столькі ж колькі і каву. Сняданне яшчэ з сырам ды смятанай…
Развітваюся ды еду ўніз…
Кіламетраў 20 не карыстаюся педалямі, але тармазы ажно чырвоныя ад працы. Дарога такая, што памятаючы, што ровар павіннен вытрымаць прынамсі яшчэ 3000 км цяперашняй вандроўкі, не даю яму разганяцца болей за 10 км у гадзіну.
Унізе ўсё ж трэба памяняць шыну. Да армянскай мяжы застаецца 180 км. Можа даеду… І тут паяўляецца хто…? 😉 Праз некалькі кіламетраў некалькі мужчынаў сядзяць пад дрэвам: – Давай адпачні! Пасядзі з намі! На добры дзень – чача, ды пазней віно, шмат, шмат,шмат віна… Паколькі з’яўляецца госць (то бок я), накрываецца «стол» – сасіскі, квашаныя памідоры, сыр, хлеб, ды рознае іншае… Тосты. Ёсць такі момант у каўказскім застоллі, калі тамада (чалавек, які гаварыць тосты) намякае, што зараз твая чарга. Я спрабую… Кажуць, што душэўна сказаў, але ў сапраўдным тосце трэба больш алегорыямі казаць – нельга ўсё казаць даслоўна.
Калі, нарэшце, вырашаю, што трэба ехаць, то аказваецца маё кола здулася. У даволі дзіўным стане мяняю камеру. Усе (таксама ў цікавым стане спрабуюць мне дапамагчы)… Блін, зламаў насос…
Знаходзім нейкі, але не шмат надувае. Кажуць, што праз 2 кіламетры вулканізацыя. Добра паеду – думаю, усё роўна трэба адсюль выбірацца.
Праз 2 кіламетры вулканізацыі няма, я кладуся на прыпынку ды сплю некалькі гадзін…
Прачынаюся. Кола здутае, насос не працуе, ніякіх людзей навокал… Што рабіць…
Трэба ісці наперад, шукаць людзей, можа ў каго будзе роварны насос…
Іду трошкі растроены. Блін, што ж мне рабіць…
Ды тут чую кліч з поля парослага часныком – хадзі сюды, пагаварым, паямо трошкі… Мужчына гадоў 50-і частуе мяне хлебам ды цыбуляй. Я распавядаю яму пра свае беды. Ён ідзе на дарогу, спыняе машыну, бярэ насос, разам спраўляемся з колам… Можна ехаць далей.
Цёмна ўжо. Даязджаю толькі да горада Ахалцыхе. Спыняюся на прыпынку перад уездам у горад. Першая ноч на прыпынку ў Грузіі. Але ніяк не галодная…
[Not a valid template]
Перад тым як уехаць у горад дасылаю смс-ку сяброўцы Яне ў Чэшскую Рэспубліку, якая месяц назад закончыла свой валанцёрскі праект менавіта ў гэтым горадзе. Яна прысылае мне свайго сябра, які праўда не можа даць мне начлег, але корміць мяне, поіць півам ды пакідае ежу на сняданне… Усё ж такі Грузія… 😉
_____________________________________________________________________________
20.06.2013 Ахалцыхе – Гюмры
У Ахалцыхе знайшоў каталіцкі касцёл. Як раз нядзеля. Ксёндз у час імшы вітаў ды жадаў добрай дарогі.
Пасля службы выбіраюся з горада ў напрамку горада Ахалкалакі. Да мяжы застаецца трошкі больш за 100 км, да Гюмры 160, можа даеду за дзень.
Дарога спакойная, ніякіх грузінаў пад дрэвамі ды нядзіўна, бо дужа спякотна. Еду праз горныя пустэчы – населеныя пункты толькі праз 20-30 км. Добра, што знайшоў у заплечніку чырвонае сухое віно (якое мне падкінулі хлопцы з-пад дрэва), з вадою вельмі добра здымае смагу.
Дваццаць кіламетраў перад Ахалкалакі пачынаецца пад’ём, не круты, але цягнецца да самага горада.
Ад сонца ўсё навокал у зялёна-шэрых колерах…
Але, нарэшце, даязджаю да гэтага дзіўнага горада. Тут жывуць амаль толькі армяне. На вуліцах двухмоўныя надпісы, аднак горад неяк не ўражвае.
Яшчэ зноў чую аднекуль – Хэлоў, Джон! Гэта ўжо раздражняе. Нечаста брыдкаслоўлю, але тут ледзь стрымліваюся ад таго, каб паслаць чувака… Гэтага ўражання не выпраўляюць і наступныя асобы, якіх сустракаю. Накіроўваюся хутчэй на трасу…
Дарэчы, парада для ўсіх «спыншчыкаў» калі будзеце падарожнічаць па Арменіі ці Грузіі ды «застопіце» армяніна з Ахалкалакі, выхадзіце пахутчэй з машыны, ён на 99% таксіст. Да мяжы застаецца 30 км, але ўвесь час угару.
20 км ад мяжы пачынаецца дубак, вельмі холадна ды моцны вецер не дазваляе ехаць хутчэй чым 5-7 км у гадзіну…
Аказваецца я падняўся ўжо вышэй чым 2000 метраў над узровень мора. Ніякіх дрэваў, навокал зялёны горны стэп… Калі нарэшце дапіраюся да мяжы, ужо цёмна… У 22 гадзіны грузінскага часу я перастаўляю гадзіннік на 23 армянскага.
Բարի երեկո Հայաստան (Барі Ерэко Гаястан) – Добры вечар Арменія
За мяжой гарадок Бавра. Пад царквой хаваюся ад ветру ды вельмі магчымага дажджу. На вячэру хлеб ды астаткі вельмі вострай турэцкай намазкі. Чутна толькі вецер, пад яго музыку засынаю..
…А прачынаюся ад крыку асла. Марудна падымаюся, даядаю хлеб ды выпраўляюся ў Гюмры – горад, у якім я правеў калісці 9 месяцаў. Калі бачу яго з горнага хрыбта, думаю: – Мой горад…
Сябры трошкі крыўдуюць, што называю яго Сталіцай Дэпрэсіі, але паводле мяне гэта вельмі добры брэнд… Хачу калі-небудзь прыехаць сюды з фатографам у пачатку красавіка, у час калі снег ужо растаяў, а трава яшчэ не паспела вырасці – сезонныя краявіды.
[Not a valid template]
Але пра Гюмры ў наступным выпуску…
Песня гурта Рэінкарнейшын – Сер (Каханне)