Падарожжа з Рацыяй – Дзённік Графамана. Арменія
21.06.2013 Гюмры
Сёння раніцай зноў прыгода з дзвярыма… 😉 Я спыніўся ў хаце валанцёраў – Анна і Ёанна з Нямеччыны ды Крыстофэр з Даніі – вельмі файныя людзі, цярпліва слухаюць маіх бясконцых аповедаў на маёй англа-польска-беларуска-армянскай трасянцы. Нават, здаецца, нешта разумеюць… 😉
Учора вечарам мы зноў доўга сядзелі за півам ды кавай і размаўлялі пра падарожжы, армянскую штодзённасць, нямецкія футбольныя клубы. Пазней усе пайшлі спаць, а я сеў, каб напісаць Вам мае графаманскія расповеды пра вандроўку… У 2 гадзіны ночы, вельмі захацелася спаць. Вырашыў пакласціся ды дапісаць раніцай… Паставіў будзільнік на 7 (армянскае жыццё пачынаецца не раней за дзясятую)… Уставаць, безумоўна, не хацелася, але ж прымусіў сябе…
З пачатку ў душ, але ж я забыўся ручнік. Спрабую вярнуцца – дзверы заклінавала з сярэдзіны, ніяк не магчыма адчыніць. Спрабую стукаць у іх, але ўсе спяць… Ну што ж… Пакуль што памыюся, буду выцірацца майкай. Лезу ў ванну і тут аказваецца… раніцай таксама ваду адключаюць (пазней аказалася, што трэба было перакруціць закрутку, якая была ў іншым пакоі)… Ну вось, сяжу ў вязніцы – ні памыўся, ні напісаў… Час ад часу стукаю ў дзверы ды сцяну. Адкруціў закруткі. Можа хаця б ваду дадуць, дык будзе магчымасць доўга ды дакладна памыцца… Не далі. Толькі праз гадзіну прачынаецца Ані ды выратоўвае мяне… Ну што ж, яна адкруціла таксама ваду. Дык душ, кава сняданне ды нарэшце пісаць…зноў мала часу…
Дык вось, прыехаўшы да Гюмры я зразумеў, што час паміж Грузіяй ды Арменіяй ужо не мяняецца, значыць я прыехаў на гадзіну раней, чым думаў… 10 гадзін раніцы, нікога не магу знайсці. «Арэгак» (дзённы цэнтр для дзяцей-інвалідаў) яшчэ пусты, офіс арганізацыі, якая мяне прынімала, зачынены…
Што ж рабіць, еду на рынак памяняць грошы ды іду ў мой любімы «рэстаран» на піражкі і гарачае віно. Месца знаходзіцца на рынку, каля гандлёвых радоў, дзе з аднага боку прадаюцца розныя спецыі, прыправы, зеляніна, а з другога можна набыць свежа адсечаную галаву быка…
Кабак звонку выглядае трошкі як гарадская прыбіральня, але гэта любімае месца ўсіх валанцёраў… У свой час я кожную нядзелю ездзіў на службу ў армяна-каталіцкую царкву, якая ў трох кроках ад Шукі (па-армянску «рынак»).
Пасля заканчэння вельмі доўгай ды не зусім зразумелай для мяне літургіі я заўсёды заходзіў сюды, каб паесці гарачых піражкоў са смачным ды танным дамашнім віном.
Калісці нават каньяк прапанавалі – вельмі смачны. Я пытаю ўладальніка: – Гэта вы таксама робіце? – Ды не, з Арарацкага завода «заднім выхадам»… Дык падыходжу. І цяпер на ўваходзе як заўсёды жонка ўладальніка смажыць піражкі. Вельмі ўзрадавалася, калі мяне ўбачыла…
У сярэдзіне толькі адзін стол (калісці я за ім сустрэў дзеда, які адзначаў тое, што яго ўнук стаў чэмпіёнам Еўропы ў цяжкай атлетыцы). Не надта чыстае акно, але і так тут няма на што глядзець, на ім вісіць французскі сцяг, які мы два гады таму знайшлі па дарозе ды прынеслі сюды.
– Я ніколі яго не здыму. Гляджу на яго ды ўспамінаю вас. Аказваецца, перарвалася валанцёрская традыцыя, не было каму перадаць эстафетную палачку і новыя не ведаюць пра гэтае месца (спрабую гэта выправіць ды прыводжу ў наступны дзень валанцёраў, у якіх жыву, ім спадабалася, абяцаюць хадзіць).
Пытаю пра мужа. Аказваецца паехаў на год працаваць у Якуцію. – Хацеў забраць мяне з сабою, але ж у мяне хворыя нагі, я засталася, але і ён ужо праз 3 месяцы вернецца…
Пасля піражкоў яшчэ кафэ «Мастак».
Звонку месца выглядае як шмат будынкаў разваленых пасля землятрусу ў 1988. Я толькі пасля трох месяцаў зразумеў, што там усё ж такі можна папіць кавы: калісці з сябрам блукалі па горадзе, рабілі фоткі, ды вырашылі зайсці ў гэты развалены будынак, аказалася ён адчынены ды ў сярэдзіне сядзіць жанчына гадоў пад шэсцьдзесят ды прапануе каву толькі за 100 драм (1$-412 драм)… Дарэчы, кава гэта адзінае, што ёсць у меню. Ну ёсць яшчэ хаш (спецыяльнасць кухні таго рэгіёна Арменіі, суп з каровіных капытаў, які ядуць толькі мужчыны, толькі халоднай раніцай ды толькі з гарэлкай, кажуць, ён настолькі цяжкі, што ў час яды трэба разоў 5 адпачываць, я неяк вырашыў не каштаваць)… Пасля кавы еду зноў у “Арэгак”. Дзеці ўжо ёсць, ёсць шмат новых, а старыя значна пасталелі, але пазнаюць, гуляем трошкі, дапамагаю ў час абеду – кармлю майго “старога” сябра Вардана.
Пазней еду ў офіс арганізацыі, аказваецца яны пераехалі, але ўсё ж знайшоў. Там таксама цёплы прыём: армянская кава (так тут называюць тое, што ў нас завецца турэцкай;) і торт. Тут пазнаю гаспадароў хаты, у якой буду жыць наступныя 2 дні… Непадалёк ад іх раёна Польскі Дом.
У час майго пражывання тут, таксама даволі часта наведваемае намі месца. І цяпер Карэн (брат старшыні меснага аб’яднання палякаў) сустракае вельмі сардэчна з абедам ды маім любімым гюмрыйскім півам…
Я спадзяюся, будзе яшчэ магчымасць распавесці Вам больш пра гэты горад. Ён хаця і дэпрэсіўны, але ж блізкі сэрцу…
[Not a valid template]
Зараз збіраюся. Сёння яшчэ трэба знайці новы насос ды даехаць да Ерэвана. Дык пакуль што пакідаю Вас з гюмрыйскім гуртом Бамбір:
_____________________________________________________________________________
21.06.2013 Патоп, чай
Эх, пакуль знайшоў насос, пакуль сабраў рэчы, пачаўся лівень. Пасля яго вуліцы Гюмры проста плаваюць…
Да Ерэвана ўжо сёння не паспею, вырашыў пераначаваць яшчэ адну ноч тут ды выехаць заўтра з самай раніцы.
Буду спрабаваць даехаць да Горыса ў два дні, а не як планаваў у тры (начлег у Ерэване хутчэй за ўсё адмяняецца). Бо ёсць чуткі, што 27-га з Поті адплывае мой параход, а гэта яшчэ 1200 км (а яшчэ чарнаморскія параходы могуць прыплыць пазней, а могуць і раней – трошкі загадзя;) …
Але ёсць нарэшце час, каб, як абяцаў, распавесці вам пра турэцкі чай. Ёсць нагода – адсюль да турэцкай мяжы 7 км, праўда мяжа гэта поўнасцю закрытая.*
* паміж Турцыяй і Арменіяй парваныя дыпламатычныя адносіны з-за таго, што Турцыя не прызнае генацыдам разні армянаў у 1915 годзе. Тады з рук маладатуркаў загінула 1.5 мільёна людзей…
Чай у Турцыі сапраўдная містэрыя. Не выпадкова карыстаюся словам «чай». І тут гэта не русізм, а туркізм. Для мяне чай – гэта толькі турэцкая гарбата, вараная адмысловым спосабам. Ніякі там дарагі Lipton, які мне прадалі ў першай турэцкай краме на мяжы.
У Турцыі амаль ніхто не ўжывае алкаголь, але ў кожнай нават маленькай вёсцы ёсць прынамсі два бары з чаем. У такім бары заўсёды шмат мужчын (жанчыны туды не заходзяць нават у гэтых частках краіны, дзе іх бачна на вуліцах), а ў меню толькі чай.
Мне некалькі разоў атрымалася пабываць пры працэсе прыгатавання гэтага напоя…
Але найбольш прыемна было ў Гасана, калі той вынес уначы на вуліцу адмысловую печку да варэння чаю. Напаліў у ёй дрэвам са сваёй сталярскай майстэрні… На печку паставіў два чайнікі, адзін на дрігім, вада толькі ў ніжнім.
Хвілін 30 чакаем пакуль яна пачынае кіпець, тады да верхняха нагрэтага Гасан насыпаў адмысловую гарбату (туркі кажуць, што найлепшая гарбата з ваколіцаў горада Різэ), ды залівае кіпнем. Чайнікі зноў ставяць на печку. Ніжні кіпіць, у верхнім няспешна варыцца гарбата… Праз наступных 20 хвілінаў да адмысловага кубка, хутчэй стакана, наліваецца трошкі заваркі ды дапаўняецца кіпнем.
У турэцкім чаю звычайна 3-4 косткі цукру…
[Not a valid template]
А зараз… сядзім, размаўляем, ды час ад часу даліваем новую дозу. Спачатку трэба спаласнуць стакан, а пасля наліць заварку ды кіпень… І так да позняй ночы, а раніцай… ізноў.
Вось вам да чаю Neuro Dubel «Чай Липтон»
_____________________________________________________________________________
22.06.2013 Кропка вяртання
Вітаю сардэчна! Я вельмі прашу прабачэння, але ж я вырашыў перанесці „кропку звароту” з Горысу на Клуб Калюмэтэ ў Ерэване – дужа стомлены… А яшчэ трэба было б вялікіх сілаў, каб вытрымаць тэмп ды паспець на параход.
Засталося праўда толькі 250 км, але ўсё ж такі вырашыў абраць курс на поўнач…
_____________________________________________________________________________
22.06.2013 Гюмры – бар “Калюмэтэ” ў Ерэване…
Заканчэнне дня даволі нечаканым атрымалася, як і ўсё ў час гэтай вандроўкі…
Раніца яшчэ нічога не прадказвала. Вельмі хацеў нагнаць страчаны час, таму падняўся а 6-й раніцы (дзіўна лёгка гэта атрымалася). Пайшоў у душ (дзверы не надта моцна зачыняў…;), сабраўся і, не будзячы маіх новых міжнародных сяброў (у бонусны вечар зноў файна паразмаўлялі), “аб’ючыў” свой ровар ды наперад – па дарозе кава з піражком ды на Ерэванскую трасу; Ерэван меўся, паводле плану, застацца міма, але, як звычайна, усё атрымалася па-іншаму…
Ехалася даволі добра, але па дарозе ўказальнік Ані ўлева.
Вельмі хочацца Вам паказаць гэтае месца, таму вырашаю ўсё ж такі дабавіць некалькі кіламетраў…
Ані – быўшая сталіца армянаў, ляжыць, праўда, на турэцкім баку, але на самай памежнай рэчцы. Кажуць, што ў ХІІ стагоддзі гэта быў адзін з найбольшых гарадоў той часткі свету. Усё магчыма: я быў там 2 гады таму (хоць ад Гюмры да Ані км 30, з-за закрытай мяжы трэба было ехаць км 300 у адзін бок) і самі разваліны робяць вялікае ўражанне. Праўда, туркі пасуць тамака кароў, а турыстам прадаюць квіткі за 3 еўра (атрымалася прайсці з каровамі;).
Мне з самага пачатку падарожжа дужа цікава паглядзець на гэта з армянскага боку… Па дарозе пытаю людзей, адкуль найлепш бачна:
– Праедзеш км 3, павярні ўлева, а там ёсць указальнікі. – Але даеду да самай ракі? – пытаю. – Не, там ваенная зона. Цябе не пусцяць. Але ёсць адмысловае месца, з якога добра бачна.
Паварочваю на разбітую дарогу ў вёсцы, дзе, як заўсёды, лянотна пасуцца каровы. Указальнік скіроўвае мяне на дарожку, парослую травою; пад’язджаю пад адмысловае месца ды… Можа і добра бачна, калі ў цябе тэлескоп, – вайсковая зона, абведзеная калючым дротам, як аказваецца, мае км 20…
Трошкі засмучаны, даядаю ранішні хлеб, дапіваю ваду з віном ды еду далей… Настрой трошкі сапсаваны, нават не ведаю, на каго крыўдзіцца. Пазней дарога ідзе ў сотні метраў ад дарогі, але Ані ўжо за дзвюма гарамі. Але што ж застаецца – еду далей праз пустыя горныя палі; даволі добра едзецца, увесь час спакойны спуск.
Арагац (вышэйшая гара Рэспублікі Арменія) ды Арарат (святая гара армянаў, выява якой ёсць у кожнай хаце, якія кожны дзень глядзяць на сябе з абодвух бакоў Арарацкай даліны) здаецца, пасварыліся, бо адзін і другі хаваецца ў хмарах.
Пасля 60 км спускаюся ў цёпленькую даліну Арарата, перакусваю абрыкосамі непасрэдна з дрэваў, у адной вёсцы бачу людзей, якія ЗБІРАЮЦЬ… БУЛЬБУ!!! (20 чэрвеня)
Праз настуныя 40 км даяжджаю да горада Эчміядзін – армянскага Ватыкана, тут мае сваю сталіцу Каталікос – галава Армянскай Царквы, якая аддзельная як ад каталіцкай, так і ад праваслаўнай.
Дарэчы, літургія ў іх вельмі цікавая. На жаль, не разумею настолькі армянскай мовы, каб уцяміць, у чым рэч. Тым больш што гэтая канфесія карыстаецца стараармянскай мовай, якая не заўсёды зразумелая для саміх армянаў.
Паціху выбіраюся з гэтага горада, бяру кірунак на Масіс, каб абмінуць Ерэван, які ўжо бачны па левай руцэ. Тут якраз на 4000 кіламетры заязджаю трошкі падмацавацца пячэнкай ды кавай…
Гляджу яшчэ раз на мапу, кіламетры, горы ды дату парахода, размяркоўваю мае сілы (дарэчы, перад Эчміядзінам тэмп вельмі падае: я цягнуся вельмі марудна, хоць у гэтым раёне гораў амаль няма, і мая графаманія з кожным днём павялічваецца;)… ды выходзіць, што я павінен перанесці кропку звароту з горада Горіс да бару “Калюмэтэ” на вуліцы Пушкіна, 56A – меккі ўсіх замежнікаў, якія прыязджаюць сюды з усіх куткаў Арменіі трошкі адпачыць ад мясцовых звычаяў (калі пажыць тут болей за 3 месяцы, усё роўна трошачкі трэба адпачыць)…
Так я і павярнуў улева. Адразу скончыўся дождж ды вызірнулі з-за хмараў Арарат злева ды Арагац справа. Можа, гэта знак добрай дарогі. Мо, патрэбна гэта, каб пазней “не выпінрываўся” я… Праз настуныя 2 гадзінкі дацягуўся да “Калюмэтэ”, ерэванскае піўка не надта добрае, асабліва ў параўнанні з “Гюмры Голд”, але гэта адзіны недахоп гэтага месца…;)
[Not a valid template]
Зараз сяджу з ерыванскімі сябрамі ў наступным бары ды падымаю “Катайк” (назва ерэванскага піва). За Вас, сябры…
Усіх, хто пасля гэтай нататкі перастане чытаць гэты блог, поўнасцю разумею ды жадаю ўсяго лепшага, а тых, хто ўсё ж такі застанецца, забіраю заўтра на шпацыр маімі дзіўнымі ерэванскімі сцяжынкамі, а пазней на поўнач, у бок Ванадзора, Алавердзі, Тблісі і далей…
Спадзяюся, сябры берасцейскага клуба задаволяцца напіткам з паўночнай часткі Каўказа. Я думаю, знайду там яшчэ нешта смачнае…;)
Песня на сёння – Культ – Электрычныя Нажніцы з гораў (хоць я не вяртаюся, ды не той самай дарогай;)
Наступны “Катайк” за Вас, сябры!!!!
_____________________________________________________________________________
24.06.2013 Ерэван – скрыжаванне роварных дарог
У армянскай сталіцы спыняюся ў Васі – сяброўкі з даўных часоў. Калісьці яна працавала барменшай у Калюмэтэ ды вучылася ў кансерваторыі. Зараз яна дыпламаваны кампазітар ды працуе як… барменшча ў іншым бары. Кажа: «Мы, мастакі, тут нікому непатрэбныя. Я папрацавала некалькі месяцаў па спецыяльнасці, як выкладчык, у сваёй кансерваторыі, кожны дзень занімалася са студэнтамі. Але ці можна гэта назваць працай, калі ў выніку за месяц атрымоўваеш 7000 драм (я разоў 5 перапытваў, ці яна не пераблытала суму) ды яшчэ кажуць, каб радавалася, што ёсць праца». 7000 драм я нават не хачу пералічваць на іншую грашовую адзінку, скажу толькі, што самое таннае піва ў бары, у якім яна працуе, каштуе 1000 драм… Ну, кватэра файная: двухпакаёўка (другі пакой забудаваны галбец – звычайная справа на Каўказе), каля адзінай у Ерэване мячэці (дзякуючы гэтаму арыентацыйнаму пункту я лёгка знаходжу хату, калі гуляю па горадзе).
Вася жыве з Настай, тая па валанцёрскай праграме 2 гады жыла ў Камбоджы ды прывезла адтуль шмат цікавых расповедаў. Дзяўчынкі кормяць мяне ды доўга размаўляем на кухні…
На наступны дзень я вырашаю пагуляць па горадзе, працерці старыя сцежкі.
Спачатку на Вернісаж – ерэванскую барахолку, другое месца акрамя Калюмэтэ, дзе перасякаюцца шляхі ўсіх замежнікаў.
Можна тут набыць розныя сувеніры (як заўсёды, сцягі, лялькі, магніцікі ды іншую дробязь «мадэ ін Кітай»), але і старыя кнігі, і боты, і гітару, і пустую фляшку ад гарэлкі…
Каля рынка мой любімы бар у Ерэване – адзін з тых, куды ўваходзіш і разумееш, што гэта можа быць найлепшы або апошні вечар твайго жыцця…
Уваход закладзены мальбертамі вернісажных мастакоў, якія кожны дзень спрабуюць зарабіць на гарэлку, прадаючы розным турыстам карціны з відам Арарата.
Пакідаю ровар ды ўваходжу. Дзіўна сёння: нікога няма, толькі сталая жанчына (тая самая, што два гады таму, напэўна, і дваццаць гадоў таму была тая самая) падлічвае мой заказ…
Мая армянская, на жаль, вельмі ўбогая, а спадарыня карыстаецца толькі гэтай мовай, таму я расплачваюся акрамя катлета, кабачкоў ды хлеба за віно і піва (на жаль, няма Гюмрі, бяру Кілікію). Але ўсё абыходзіцца ў такой суме, што мне не выпадае крыўдзіцца…;) Бяру відэлец (якому напэўна гадоў 40) ды сядаю за сталом у прыцемку. На сценах шмат карцінаў (бачна мастакі, часам імі расплачваюцца за гарэлку)… Катлета трошкі салёная, але ёсць чым запіць… Пасля абеда еду на каву. Непадалёк на грюмрыйскім аўтавакзале ёсць мая любімая піражкарня….
Аказваецца была, але заходжу ў іншы шапік, дзе прыгожая Сона варыць мне смачную каву, ды пазней нават бясплатна дабаўляе другую порцыю напоя.
Праўда, уваходзячы ў намёт, дзе звычайна ёсць адзін стол ды крэслы, бачу, што тамака сядзяць два мужыкі – блін, трэба будзе піць гарэлку… Ды як звычайна: адкуль, куды, колькі дзён, колькі кіламетраў… Яны аказваецца чакаюць аўтобус у Растоў-на-Доне ды адтуль едуць ва Украіну зарабляць грошы… – Сто грам будзеш?
Усё ж такі прыйшлося піць гарэлку.
Эх, усё ж такі не выкруціўся. Вось у плане напояў мне ў Грузіі больш падабаецца. 'Чача’ – прадукт натуральны ды піць прыемна, ды на другі дзень няма праблемаў. А вось гэтыя два стаканы гарэлкі (тан – армянскі адказ на турэцкі айран на запівон) я адчуваю пазней цэлы вечар 'на галаве’. Гэты напой ніяк не натхняе!!! Так хутка пакідаю кампанію ды спяшаюся на Каскады (вялікая лесвіца, якой ерэванцы вельмі ганарацца, лесвіца як лесвіца, але з яе выдатны від на Арарат). Спяшаюся, каб паспець яшчэ сфоткаць Арарат.
Арарат – гэта для армянаў святая гара, у кожнай армянскай хаце знойдзеце прынамсі адну выявы гэтай гары. Ды ўявіце: вы жыхар гэтага амаль двухмільённага горада (уся Рэспубліка Арменіі – 3 мільёны), які кожны дзень, выходзячы на працу, бачыць выразна гэтую гару, гэта дае радасць, але зараз за ёй з’яўляецца злосць – гара ж на турэцкім баку… Пад Каскадамі сустракаю раварыстаў: венгр вяртаецца з Ірана, француз Рон едзе туды на сустрэчу з бацькамі сваёй дзяўчыны. Пазней у Калюмэтэ сустракаю яшчэ амерыканца, які вандруе навокал свету, ды вырашыў з Істамбула да Кітая таксама на ровары праехаць…
Ёсць рэчы, якія на ніякія грошы не пералічыш: мой ровар на фоне гары Арарат
З размовы з французам вынікае, што ў нас супадаюць планы на заўтра – Севан. Мяняемся тэлефоннымі нумарамі, можа, сустрэнемся…
Ды сустрэліся, я даганяю яго на выездзе з Ерэвана, дзе ён спыняецца з’есці кебаб. Калі дапіваем піва, з’яўляецца і венгр, але той вельмі стомлены, нават больш, чым я, накіроўваецца на аўтавакзал…
А мы з Ронам едзем разам паўтара дня, паўтара, таму што паблыталі дарогу ды да Севана даехалі толькі на наступны дзень. Па дарозе непрыемны выпадак з маёй нагой. Мы вырашылі спыніцца адпачыць ды паесці свой нішчымны хлеб на пікніковай пляцоўцы на рэчцы… У Арменіі шмат такіх месцаў, дзе ў выходныя можна прыехаць з сям’ёй, зрабіць шашлык, адпачыць на прыродзе…
Якраз субота дык толькі адзін свабодны стол. Клічуць нас да другога ды частуюць куркамі, лавашам (вельмі тонкім армянскім хлебам), агароднінай ды напоямі.
Мы вяртаемся з гэтым дабром да свайго стола, пачынаем есці. А на другім боку ракі дзеці гуляюць у футбол. Ды нечакана мяч уцякае ў раку, я бягу яго ратаваць, парог горны вельмі круты, шмат камянёў, перавальваюся, але даганяю мяч, кідаю дзеткам, вяртаюся ды бачу, што з маёй нагі кроў л’ецца быццам з фантана.
Француз спалохаўся, кажа: «Давай да лякарні», а я да ніякай лякарні не хачу, неяк атрымоўваецца спыніць крывацёк, знайшоўся бінт, на гэта адзяваю шкарпэтку – паехалі!
Падымаемся яшчэ гадзіну, але бачу, што маё задняе кола ледзь жывое. Пайшоў шукаць інструменты, каб пачыніць. Інструменты знайшоў, амаль нічога не выправіў. Тое, чаго вельмі баяўся, ад армянскіх дарогаў псуецца супарт, трэба б памяняць, але гэта і грошы, ды трэба горад шукаць. Скручваю ды малюся, каб вытрымала магчыма доўга… Ад уладальнікаў інструментаў даведваемся, што апошнія гадзінкі 3 мы згубілі на пад’ём у тупік, трэба вяртацца, што зробіш… Нягледзячы на маю нагу, маю гуму ды супарт, гонім назад (усё ж такі спуск) км 20 з хуткасцю 30-40км/г. Але да Севана не паспяваем – ставім лагер на прыгожым лузе пад гарой.
Наведваюць нас мясцовыя падлеткі, але ўсё ў сяброўскай атмасферы, яны на сваіх роварах адвялі нас наступнага дня км 20. У нядзелю пасля абеда даязджаем, нарэшце, да Армянскага мора – мясцовыя называюць яго возерам Севан.
Яно на самой справе вялікае; гадзінка прывалу ды едзем далей на Дыліжан. Рон едзе на хіпі-фэст «Rainbow», які адбываецца ў глушы, км 40 ад гэтага горада. Ён кліча і мяне… Ах, безумоўна, ахвота, але ж мой параход не будзе чакаць. Я ўсё ж такі бяру кірунак на горад Ванадзор. Вельмі сардэчна развітваемся з Ронам. Спадзяюся, нашыя шляхі яшчэ калі-небудзь скрыжуюцца…
[Not a valid template]
Песня сёння ад майго любімага францускага гурта Люіс Атак
_____________________________________________________________________________
25.06.2013 Ціцэрнак
Вобласць Лоры з галоўным горадам Ванадзор, які і так усе ў Арменіі называюць Кіравакан
Ванадзор пабудаваны ў вельмі прыгожым месцы: на рэчцы паміж зялёнымі гарамі. Праўда, чамусьці ўсе называюць яго па-ранейшаму Кіраваканам. Армяне вельмі ганарацца сваёй даўняй традыцыяй, але чамусьці ўсе карыстаюцца менавіта савецкімі назвамі гарадоў. Яшчэ не чуў, калі б нейкі гюмрыец у размове з другім гюмрыйцам свой горад назваў іначай, чым Ленінакан (не, прабачце, Ленінаканам называюць яго іншыя армяне, а мясцовыя – Ленаканам, ад Ленана, напэўна…;) Тое самае з Ташыр-Калінінам ды Ванадзор-Кіраваканам. Спачатку гэта трошкі нас блытала. Калі першы раз выбіраліся спынам наведаць ванадзорскіх валанцёраў, на пытанне: „Куды едзеце?” чуем адказ: „Кіравакан”. Глядзім на мапу – няма ж такога горада: „Нам не туды. Дзякуй”.
У горад дабраўся каля восьмай вечара, хутка ў краму за хлебам ды можа яшчэ атрымаецца ад’ехаць км 20, каб заўтра было бліжэй да Тбілісі.
Дзве гадзінкі раней даслаў смс валанцёрам з Гюмры, мо ведаюць тых з Ванадзора ды будзе магчыма ў іх застацца. Але паколькі не атрымліваў адказу, не надта спадзяваўся на гэты начлег.
І тут атрымліваю інфу: знайдзі лагер “Ціцерак” (значыць “Ластаўка”), там Нэлі вядзе міжнародны трэнінг, знойдзецца там месца і табе.
Нэлі я бачыў толькі адзін вечар; калі прыехаў, яна была ў нейкай вандроўцы – так і не паспелі шмат паразмаўляць тады. Але сустрэла вельмі сардэчна, неяк не па-нямецкі, як мне здавалася (мо рабіўся чарговы стэрэатып)… Аказалася, ёсць для мяне аддзельны пакой, дзе я мог выбіраць адзін з чатырох ложкаў, цёплы душ, кава, бінт ды ёд для прамывання раны.
Увечары ў іх было караоке сумесна з джэм-сэйшынам.
Усе падыходзяць, знаёмяцца ды выказваюць павагу да маёй вандроўкі. Дзяўчынкі з Італіі вельмі хацелі сфоткацца, хлопцы з Нямеччыны частавалі півам ды гарэлкай, армянскія падлеткі ціснуць руку… – неяк няёмка.
Планаваў я выбірацца з самай раніцы, але Нэлі кажа: – Дык мо хоць паснедаеш з намі? – А ў колькі сняданне? – У 9.
…Эх, і што Вы думаеце, я прапусціў такі шанец паесці? Зразумела, што не! 😉 Развітваюся з усімі ды выбіраюся толькі ў 10 гадзінаў. Дарога спакойная ды прыгожая, трошкі пад’ёмаў, трошкі спускаў, абрыкосы пры дарозе – так на самой справе ТУТ, і тут я знайшоў залатое руно. А то тыя армяне казалі, што толькі поўдзень ды Карабах… Берасце! Чакайце, маю! Праўда, вельмі мала, стараўся скідваць кошты, але на шмат не хапіла – падзелім неяк…;)
У адной з нешматлікіх вёсак шукаю хлеба да прыдарожных абрыкосаў. Зайшоў у краму – усе позіркі на мяне. Блін, напэўна, зноў прымаюць за нейкага амерыканца або немца… Прадаўшчыца кліча з заплечча маладую дзяўчыну, якая хутка ўзгадвае ўсе ангельскія словы, якія вучыла ў школе. Эх, думаю я, не сіліся так – я ўсё роўна гэтай мовы не ведаю):
Па дарозе сустракаю чарговага раварыста – гэтым разам немец едзе ў Іран. Вітаемся сардэчна ды жадаем ўсяго лепшага. Я аддаю яму мапу Арменіі (да мяжы ўжо толькі 30 км) ды кантакты ў Ерэване.
На апошніх кіламетрах заязджаю на каву. 'Кафэшка’ – драўляная буда, выглядае хутчэй на пакінутую, але камінная труба чорная, значыць павінна нешта быць, паспрабуем.
Думаеце, гэта не працуе; думаеце, тут не можна папіць кавы…
Рассоўваю заслону, павешаную на ўваходзе, з-пад ног уцякае кошка. У сярэдзіне адзін стол са старай цыратай, на якой ляжыць даляр (напэўна, доўга ляжыць, а то ўжо чорны ад пылу), жалезная печка, газавы балон, лядоўня „Масква” ды ложак, з якога марудна выбіраецца жанчына гадоў 45-50. Кажу: – Барэв Дзез (Добры дзень) – Барэв Дзез, ахпэрдзан (Добры Дзень, сябра) – Сурч ка? (Кава ёсць?) – Ка (Ёсць) – Карэле мэк (Калі ласка, адну) – Лавэ, спасэк (Добра, пачакай) Бярэ джазву ды як звычайна з армянскай кавай (гэта тое самае, што мы называем турэцкай, але армяне вельмі крыўдзяцца на такую назву) налівае туды кубак вады (гэты кубак мае недзе 100 мілілітраў – хутчэй стаканчык з вухам), сыпе паўтары лыжачкі кавы, ды дзве лыжкі цукру. Падпальвае газавы балон ды ставіць туды джазву. Праз 3 хвіліны маю смачную каву… Тут маёй армянскай, на жаль, ужо не хапае… 🙁 – А можна я вам фотку зраблю пры вашай працы? – Не, не рабі, я не прычасаная… – Дык не, вы вельмі прыгожая і кафэшка ў вас файная… – Не, вось калі ў салон пайду – тады прыгожая. А месца… ніхто сюды не заязджае, трэба мяняць занятак ды і святла няма… Далей размова зноў сыходзіць на маю вандроўку ды гарачае надвор’е. – Добра, еду я! Колькі за каву? – Ды нічога, на здароўе! – Ой! Дзякуй вялікі! – Мо вады налі на дарогу?
Хаця і меў амаль поўны бідон, усё ж такі адліў трошкі (нагрэлася кажу, вашая будзе лепшая). Нельга ж адкідваць такой дабраты! – Шат шнуракалюцюн! (Вялікі дзякуй!) – Га’ерэн кідэс? (Гаварыш па-армянску?) – Шат кіч ( Вельмі дрэнна) – Вочінч! Гадзёлюцюн! (Нічога! Шчасліва!) – Сцэсуцюн! (Да пабачэння!)
Мяжу перасякаю ўвечары 24 чэрвеня… Не вельмі задаволены я гэтай часткай сваіх расповедаў (можа Вы незадаволеныя і з папярэдніх…;) Шмат чаго яшчэ хацеў напісаць пра гэтую краіну: і анекдотаў, і фактаў, і шмат чаго паказаць… Але неяк не хапіла часу ды натхнення. Можа і стома перашкаджае ўжо трошкі, пакуль забяруся пісаць, што надумаў, забываецца. Трэба будзе калісьці вярнуцца сюды з большым багажам часу ды сілаў…
А пакуль што едзем у Тбілісі…
Тут чакаюць сябры з Польшчы. Дабіраюся дужа позна. Ноч застае мяне на вялікім ды крутым пад’ёме, навокал фуры ды кіроўцы з каўказскім тэмпераментам. Мой ліхтар ужо амаль не працуе, трошкі выратоўвае мяне жоўтая камізэлька, але і так 'сэрца на далоні’ 😉 … На цёмным спуску пачынаецца дождж. Эх, толькі гэтага не хапала…
Але ўжо, ужо бачнае святло горада. Першы ліхтар я сустрэў з такой радасцю, што ажно зайшоў у краму адсвяткаваць ліманадам…
[Not a valid template]
На мяжы даведваюся, што мой паром не 27-га, а 30-га, ды што не да Керча, а да Ілічэўска (каля Адэссы). Атрымліваю 2 дні адпачынку. Шкада, што ў Грузіі няма беларускага прадстаўніцтва, а то скарыстаўся б часам ды падаў тут на беларускую візу, а то зараз зноў ад Кіева трэба будзе змагацца з часам…
Песня на сёння Трабанд Ластоўкі
Хаця і Ліхтары Сцяны ў тэму 😉 Але не маю, не бачу якаснай версіі ў нэце