Стражніца “Каменны Воз”



Сучасную вёску Хралы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці можна аднесці да тых вёсак, якія паціху адміраюць. Мясцовых жыхароў становіцца з кожным годам усё меньш, а пустыя дамы купляюць расіяне.

Пасля 1921 г. веска ўвайшла ў склад ІІ Рэчы Паспалітай. Блізу вёскі, дзе зараз Псуеўскі лес, у 20-30-я гг. ХХ ст. было поле. На гэтым полі праходзіла савецка-польская мяжа. Тут была пабудавана памежная польская стражніца “Каменны Воз”.

На гэтай стражніцы 17 верасня 1939 г. адбыўся бой паміж савецкімі салдатамі і камандзірам пагранічнай заставы Паўлам Палчыньскім. Бой цягнуўся цэлую гадзіну, пакуль Палчыньскага не забілі.

Пахаваць яго цела адразу не давалі. Па некаторых звестках, яго таемна ноччу пахавалі жыхары вёскі Шо блізу стражніцы. Па іншых, цела за бутэльку водкі выкупілі браты, якія з ім сябравалі. Месца, дзе знаходзілася магіла, было забыта. І толькі ў 2011 годзе косці Палчыньскага былі знойдзены падчас капання супрацьпажарнай паласы ў лесе. Перапахаваны 17 верасня 2011 года на могілках у Копцеўцы на каталіцкай частцы.

Наш суразмоўца Віктар Жаваранак, дзякуючы якому на месцы былой польскай стражніцы зараз стаіць памятны крыж.

Памятны крыж і інфармацыйны стэнд на месцы былой стражніцы “Каменны Воз”. Мяжа дзяліла вёскі Хралы і Шо Глыбоцкага р-на.

Інфармацыйны стэнд, дзе пазначана, што менавіта тут загінуў камандзір пагранічнай заставы Павел Палчыньскі. Каля гадзіны вёў барацьбу з савецкімі салдатамі, прыкрываючы адыход сваіх салдат. Цела пахавалі жыхары вёскі Шо недалека ад стражніцы. За магілай ніхто не даглядаў і яна была згублена. Перапахаваны праз 72 гады на могілках у Копцеўцы (Глыбокае).

Ганак з прыступкамі – гэта ўсе, што захавалася ад былой стражніцы.

Дарога каля стражніцы была брукаванай. Часткова захавалася.

Помнік партызанскаму атраду “Грозны” ім Кароткіна.

Уля Шубзда, Ганна Шарэнда, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Краязнаўча-турыстычную перадачу «Уздоўж падзеленай Беларусі» слухайце на нашых хвалях ў 11:20 і 21:35 па польскім часе, па беларускім на гадзіну пазней. З 09 па 27 ліпеня ў кожны будзённы дзень. 30.07 – завяршальная перадача.