Суб’ектыўны аналіз… падгледжанае, падслуханае
Сёння зірнем на пару месцаў і сітуацыі, якія заўважаем у штодзённым жыцці Бялграду. Але ўсё такі яшчэ з перспектывы часовых жыхароў, якім шмат чаго новае, а таму цікавае.
Кладоніца ці спартова кладоніца – гэтыя словы сустракаюцца ў вокнах пэўных установаў амаль на кожнай вуліцы. Спартовая кладоніца – гэта, у перакладзе з сэрбскага, стаўкі на спорт. Прасцей, азартныя гульні, якія падаюцца людзям нібыта ў мяккай форме, бо гэта не рулетка, дзе лічыцца толькі шчасце, але магчымасць скарыстаць свае аналітычныя веды ў галіне спорту. У спартыўных кладоніцах увесь час хтосьці сядзіць, хтосьці заходзіць туды. Можна на месцы пасядзець за столікам, папіць кавы ці іншых напояў, папаліць папяросу, а то і дзясяткі папярос, як і ў большасці бялградскіх кавярняў. Кладоніца гэта пэўнага роду клуб, месца адпачынку, дзе можна, гаворачы ў двукоссі, зарабіць… але як гэта ў азарце ёсць, часцей страціць, бо ў іншым выпадку гэтыя ўстановы даўно б ужо не працавалі. Парадаксальна наяўнасць такіх устаноў у такой колькасці, адна кладоніца на чатыры тысячы сэрбаў, можна тлумачыць якраз нізкім узроўнем заработных платаў і беспрацоўем. А кладоніца і ўдзел у гульні, якую яна прапануе, гэта тэарэтычная магчымасць адмяніць свой нялёгкі лёс…
Нізкія заробкі, беспрацоўе, адсутнасць перспектыў не спыняюць жыхароў Бялграду ад выдаткаў на модную, а затым і адносна дарагую вопратку. Калі не хапае грошай, буцікі ці крамы з вопраткай прапануюць крэдыт… На вітрынах крамаў разам з новымі мадэлямі абутку прапануецца купіць яго ў растэрміноўку. Балканы гэта месца, дзе добра выглядаць, хораша апрануцца – гэта абавязак і таму гандляры выходзяць насустрач чаканням народа.
Паўднёвая культура ў Бялградзе праяўляецца таксама ў папулярнасці кавярні і сяброўскіх сустрэч людзей у розным узросце, не выключаючы жанчын, якіх аднак заўважаецца менш. Моладзь у парках і ля фантанаў з папяросамі і півам, пенсіянеры з ракяй, кавай і папяросай, ды маладыя і сярэдняга ўзросту ў кожную пару дня і ночы запаўняюць кавярні, кафаны, рэстараны, пабы і складаюць чэргі да роштіляў, дзе пасля інтэнсіўнай забавы ці размоваў рэгенеруюць сілы з дапамогай плескавіцы, чэвапа ці іншага мяса з грыля ў булцы, з дадаткам агародніны і соўсу.
Апрача адсочвання вынікаў спартыўных мерапрыемстваў папулярным з’яўляецца іх наведванне. Спорт карыстаецца вялікай папулярнасцю ў Бялградзе таксама таму, што лепшыя каманды ў краіне ў розных відах спорту якраз сталічныя. Найбольш папулярныя Crvena Zvezda i Partizan, якія сваю пазіцыю, узровень і вартасць правяраюць зразумела ў час матчаў. Але пра добрае імя клубу і іх гонар дбаюць таксама балельшчыкі, яны рыхтуюць арыгінальныя афармленні спартыўных сустрэч, але і менш арыгінальна выказваюцца ў публічнай прасторы з дапамогай балонаў з фарбай.
У красавіку праходзіла некалькі футбольных матчаў у Бялградзе, але самымі важнымі паказаліся ў палове месяца баскетболныя сустрэчы ўзгаданых клубаў. На матч у галу „Піянер” атрымаць білеты было немагчыма, у фан краме інфармавалі, што разыйшліся квіткі паўтары месяца раней, а перад матчамі ў ваколіцы галі сустракалася больш ахвотных пакупнікоў, чым прапанавалася білетаў з другой рукі, ды ўвогуле ўражанне складалася, што іх цалкам няма, а спробы дзясяткаў балельшчыкаў набыць іх у апошні момант па вышэйшым кошце былі бессэнсоўныя.
Ранг баскетболных змаганняў Crvenaj Zvezdy i Partizana паказвала таксама колькасць паліцыі і жандармерыі, якія ахоўвалі тэрыторыю вакол галі „Піянер” ды пільнавалі вуліцы і двары на падыходзе да яе. З розным узбраеннем у машынах, пешшу і на конях.
А мы на гарадскім транспарце вярнуліся дадому, дзе тое, што прайшло ў галі „Піянер”, паглядзелі ў інтэрнэт-трансляцыі. А вы таксама за нашымі рэляцыямі сачыце ў інтэрнэце на сайце racyja.com ды слухайце нас у аўторак, чацвер і суботу ў 8.50 польскага часу.
Радэк Дамброўскі і Ілё Карпюк. Беларускае Радыё Рацыя. Бялград.