Вялікі чалавек з малой краіны
Сёння хочам распавесці вам пра чалавека, які ў ХХ стагоддзі ўзбагаціў навуку і змяніў на лепшае жыццё людзей або прынамсі зрабіў яго лягчэйшым. У Бялградзе знайшлі мы яго значны след у выглядзе музея, але самога Тэслу, то бок яго выявы, сустракалі амаль ад першага дня пабыўкі ў сербскай сталіцы. Як хаця б на сувенірных магнітах, але сама постаць Тэслы ці яго прозвішча з’яўляецца ў гарадах цэлага свету, пачынаючы з чэшскай Прагі, дзе знойдзем прысвечаную яму скульптуру, праз Загрэб, дзе спатыкаем Тэслу з камяня, па Нью-Ёрк і Лонг-Айланд, дзе яго імем названая адна з вуліц.
Невялікая сёння краіна, бо ў Сербіі жыве зараз крыху болей за 7 мільёнаў людзей, выдала на свет гэтага ВЯЛІКАГА чалавека. Нікола Тэсла нарадзіўся 10 ліпеня 1856 года ў сербскай сям’і праваслаўнага святара ў вёсцы Смілян, якая ляжыць у сённяшняй Харватыі. Імя атрымаў па сваіх абодвух дзедах, але найважнейшaе, пра што будзем казаць, гэта яго вынаходніцкі талент.
Нікола Тэсла – гэта аўтар звыш 300 патэнтаў, але гаворыцца нават пра 800 вынаходстваў, сярод іх зменны ток, мнагафазная сістэма, асінхронны рухавік, рэзанансны трансфарматар і радыёсувязь. Ну вось, да сённяшняга дня вядзецца часта дыскусія: аўтарам радыё з’яўляецца Марконі ці Папоў. Але адразу пасля смерці Тэслы ў 1943 годзе амерыканскі суд пасведчыў, што гэта Тэсла з’яўляецца вынаходнікам радыёсувязі. У фізіцы паўсюль вядомая таксама адзінка вымярэння магнітнай індукцыі, названая ў гонар гэтага навукоўца. Пры дапамозе магнітнай індукцыі Тэсла таксама паказаў, як можна справіцца з яйкам Калумба, то бок паспяхова прывесці яго да вертыкальнай пазіцыі. Копію машыны можна паглядзець, між іншым, у Бялградзе.
Тэсла шанаваў навуку і яе вынаходнікаў. Часта ўзгадваў у размовах ці інтэрв’ю, што яго адкрыцці і вынаходніцтвы не былі б магчымыя без працы яго папярэднікаў, як Джэймс Максуэл ці Майкл Фарадай. Але сам такой пашаны ў навуковым свеце не дачакаўся. Узгаданае радыё…і Марконі, які нібыта яго збудаваў, гэта толькі адзін з выпадкаў прыпісвання сабе заслугаў Тэслы. Агульнавядомы ў свеце амерыканскі вынаходнік Томас Эдзісан, у лабараторыі якога нейкі час працаваў Нікола Тэсла, таксама падпісваў сваім прозвішчам патэнты сербскага навукоўца. У самім Бялградзе стараюцца ўсё ж такі захаваць належную яму памяць. Імем Ніколы Тэслы названы аэрапорт у Бялградзе, бялградскі Дом інжынера, вуліцы ў многіх гарадах, але перадусім адзінка вымярэння магнітнай індукцыі. Варта таксама дадаць, што выяву Тэслы знойдзем на банкнотах нацыянальнага банку вартасці 100 дынараў.
https://www.youtube.com/watch?v=qOo3AaOmZg8&feature=youtu.be
Ідучы ўніз ад будынка сербскага Парламента па вуліцы Князя Мілоша, паварочваем у другую вуліцу налева. Пры вуліцы Крунскай з 1952 года знаходзіцца музей, прысвечаны аднаму з найбольшых вынаходнікаў пералому ХІХ і ХХ стагоддзя. Музей невялікі, але ўтульны. Падзелены на дзве часткі. У адной знойдзем шмат дакументаў, інфармацыю з біяграфіі Тэслы, фотаздымкі. Другая прысвечана ўжо навуковай дзейнасці, з копіямі прыладаў, машынаў, з макетамі лабараторый.
Вядома, што, каб рэалізаваць свае вынаходніцкія ідэі, Нікола Тэсла з’ехаў у ЗША. Сёння многія маладыя сербы пайшлі б ахвотна следам Тэслы, бо беспрацоўе сярод маладых людзей паміж 25 і 30 гадамі жыцця на ўзроўні 50 адсоткаў. Але не ў кожнага такія магчымасці, такі талент і столькі адвагі, каб прысвяціць жыццё толькі навуцы. А пры тым крыху шчасця, бо, калі Нікола Тэсла пачынаў сваю працу ў Амерыцы, падтрымлівалі яго, між іншым, уласнікі гатэля „Уольдарф Асторыя”, дзе Тэсла пражываў нейкі час, ці заснавальнікі кампаніі „IBM”. Прыхільныя да яго бізнесмены спрычыніліся да таго, што геній працаваў у сваіх лабараторыях у Нью-Ёрку, Каларада-Спрынгз ці на Лонг-Айланд. А як выглядалі – хопіць зазірнуць ва ўзгаданы музей, дзе можна таксама прыняць удзел у эксперыментах, а на канец набыць плакат з Тэслай у якасці сувеніра. А ўжо будучы дома, уключаючы радыё ці тэлевізар пры дапамозе пульта, не забываць, што гэта таксама Тэсла.
З Бялграда для Беларускага Радыё Рацыя Ілё Карпюк і Радэк Дамброўскі.