Зацягнутае дрыгвой – Кудрычы: загублены свет сярод багнаў
“Загублены свет” – такую назвую атрымаў фільм, прысвечаны вёсцы Кудрычы і яе жыхарам. Аднак сёння вёска не такая ўжо і загубленая. У 1986-м годзе тут пабудавалі дарогу, што зрабіла магчымым бліжэй пазнаёміцца з унікальнай культурай Кудрычанаў, схаванай сярод палескай дрыгвы.
Па дарозе мы ўрэшце пакаштавалі духмянае палескае сала.
Як аказалася, у вёску Кудрычы вядзе толькі адна дарога, якую мы згубілі, дзякуючы нашаму незаменнаму навігатару. Прыйшлося пакінуць машыну ў кустах і пешкі пераходзіць шлюз праз Прыпяць.
Усё меней захоўваецца аўтэнтычных хат, крытых чаротам, які колісь багата рос каля вёскі і нават служыў для мясцовых дадатковым заробкам.
На падворках і ў садах яшчэ можна ўбачыць рэдкасныя стогадовыя вуллі-калоды, аднак толькі ў некаторых яшчэ завіхаюцца працавітыя пчолы. Маісей Елісеевіч ветліва пагадзіўся паказаць нам свае вуллі. Бортніцвам у яго сям’і займаюцца ўжо некалькі пакаленняў. Аднак стары пчаляр перажывае, што ў яго не знайшлося пераемцаў сямейнай традыцыі.
Такім прыладам працы, якія знаходзяцца ў клуні спадара Стаса, можа пазайздросціць не адзін этнаграфічны музей. Сярод іх коўшык, каб вычэрпваць ваду з лодак або “турма” для ўюноў, якія водзяцца толькі на Палессі.
Калісьці глухая вёска ўсё часцей прыцягвае замежных турыстаў. У свой час яна прэтэндавала нават на статус этнаграфічнага музея пад адкрытым небам. Аднак у беларускай дзяржавы не знайшлося грошай дзеля аховы архаічнай палескай вёскі, якой з’яўляюцца Кудрычы.
Кася Бергель, Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя