Жывыя крыніцы Паміра: Гарм-Чашма



Вандруючы па Паміры, мы завіталі да нашага новага сябра Сашы, з якім пазнаёміліся ў самалёце да Харога. Ён запрасіў нас у незвычайнае месца, куды сам накіроўваўся – у Гарм-Чашму. Вельмі спакуслівай выдалася дарога з Харога да Гарм-Чашмы, бо цераз раку Пяндж, без перапынку выглядваў гарысты Афганістан, які надоўга зачыніў свае дзверы для цікаўных падарожнікаў.

[Not a valid template]

У былым СССР Гарм-Чашма – гэта быў добра разрэкламаваны курорт, куды па блату можна было атрымаць пуцёўку. Увогуле ў 70-ых грошы з Масквы сюды наплывалі, як з лейкі. Савецкі Саюз, як толькі мог, дэманстраваў сваю сілу, цывілізацыю і магутнасць суседняму Афганістану. Па савецкім баку ракі Пяндж у хатах людзей уночы гарэла святло, па дарогах, быццам жукі-насарогі, рухаліся блакітналобыя ЗІЛЫ. Толькі Саюз распаўся. Пачаліся сілавыя канфлікты ў краіне. Выбухла грамадзянская вайна ў Таджыкістане. Перасталі ездзіць турысты, перасталі паступаць саюзныя грошы, і памірцы засталіся сам-насам са сваімі бедамі і патрэбамі. Яны вярнуліся да вырошчвання таго, на што дазваляе капрызны горны клімат: бульба, морква, урукі (па-нашаму абрыкосы). Састарэлыя за шчаслівыя савецкія гады ЗІЛЫ пашуць на карысць памірскага чалавецтва і па сённяшні дзень. А людзі жывуць у сваіх утульных хатках, пякуць ляпёшкі і чакаюць нешматлікіх у гэтых краях турыстаў, каб прапанаваць ім эксклюзіўны начлег у сапраўднай памірскай хаце за 3 даляры.

[Not a valid template]

Але, не зважаючы на ўсю чалавечую немач і глупоту, у Гарм-Чашме не перастае здзіўляць шчодрая прырода, якая адорвае людзей цудадзейнымі крыніцамі, якія вылечваюць цэлае мноства дакучлівых хваробаў. Спецыялізацыя гарачых крыніц у Гарм-Чашме – захворванні скуры. А непадалёк прабіваюцца праз зямлю рознакаляровыя мінеральныя воды, насычаныя горнымі металамі і мінераламі.

[Not a valid template]

Кася Бергель