100-я гадавіна Слуцкага збройнага чыну
Зварот Івонкі Сурвілы з нагоды стагоддзя Слуцкага збройнага чыну
Сёння — 100-годдзе Слуцкага збройнага чыну. 27 лістапада 1920 году Слуцкая брыгада БНР прыняла першы бой з войскамі Чырвонай Арміі.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла да стагоддзя Слуцкага збройнага чыну выступіла са зваротам.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Хведар Данілюк – адзін з удзельнікаў Слуцкага паўстання
Шмат гадоў сябраваў і перапісваўся са сваім земляком Барысам Данілюком (1923-2011) – беларускім грамадскім деячам у ЗША, які нарадзіўся на Слонімшчыне.
Хведар Данілюк з сынам Барысам, 1930-я гады.
Гэта быў чалавек энцыклапедычных ведаў, з добрай і светлай памяццю. Яго бацька Хведар Данілюк (1887-1960) прымаў удзел у Слуцкім паўстанні. У пісьмах Барыс Данілюк часта прыгадваў свайго бацьку. Амаль усе лісты ад Барыса Данілюка я захаваў у сваім хатнім архіве. У адным з іх нядаўна прачытаў:
“Мой бацька, айцец Хведар, ці як у нас казалі Тодар Данілюк, нарадзіўся 25 жніўня 1887 года ў вёсцы Сурынка Жыровіцкае воласці Слонімскага павета, — распавядаў Барыс Данілюк. – Ягоны бацька Васіль быў інвалідам расейска-турэцкае вайны 1877-1878 гадоў і гаспадаркай у асноўным займалася маці Агрыпіна. Яна гадавала яшчэ ў курнай хаце пяцёра дзяцей.
Зямлі было мала і таму на аднаго з хлопцаў, гэта значыць на майго бацьку, у якога выявіліся здольнасці да навукі, выпаў выбар „ісці ў людзі”.
Гэтай „дарогай у людзі” была, аднак, толькі парафіяльная школа, а пасля яе „духоўнае вучылішча” пры Жыровіцкім манастыры, куды малым хлопчыкам і паслалі майго бацьку здабываць навуку.
Пасля духоўнага вучылішча бацька некалькі гадоў працаваў настаўнікам народнага вучылішча каля Кобрына, а пазней – у Забуллі на Слонімшчыне.
Бываючы часта ў Жыровічах, ён пазнаёміўся там з маёй маці Марыяй Стальмашук і ажаніўся з ёю ў 1910 годзе. А праз год у іх нарадзілася дачка Глафіра і бацька атрымаў прызначэнне на дзяка ў Вярэйкаўскую парафію каля Ваўкавыска.
У Вярэйках маладую сям’ю застала ў 1914 годзе Першая сусветная вайна. Бацьку адразу мабілізавалі на службу ў артылерыю пад Варшаву.
Летам 1915 года расейская армія пачала адступаць і, дзе магла, прымушала беларускае насельніцтва выязджаць у бежанства ў глыб Расеі. Гэткім чынам мая маці з дачкою, ейнымі бацькамі і братам апынуліся ажно ў Таганрогу. А дзе тады служыў у войску мой бацька – я не ведаю. Вядома толькі, што ён быў накіраваны ў лістападзе 1916 года ў школу прапаршчыкаў у Гатчына.
Скончыўшы гэтую школу, ужо пасля лютаўскай рэвалюцыі, у сакавіку 1917 года бацька служыць у гарнізоне горада Таржка, дзе далучаецца да беларускага нацыянальнага руху сярод вайскоўцаў і нават прымае ўдзел у іхнім з’ездзе.
У лістападзе 1917 года бацька атрымлівае прызначэнне на Румынскі фронт. Але расейская армія хутка капітулюе і пачынае дзяліцца на нацыянальныя адзінкі. Хведара Данілюка выбіраюць ці прызначаюць нацыянальным беларускім камісарам ІV корпуса. Ён рыхтуе адну беларускую роту і накіроўвае яе на Беларусь.
Летам 1918 года бацька вяртаецца ў Вярэйкі. Але Заходняя Беларусь яшчэ была пад немцамі і бацька арганізоўвае Беларускі Нацыянальны Камітэт у Ваўкавыску. Сябры Камітэта купляюць у немцаў збожжа і дапамагаюць беларусам, якія вяртаюцца з бежанства, а таксама паціху займаюць адміністрацыйныя пасады.
На жаль, беларускіх вайскоўцаў на абарону гэтых дасягненняў не хапала, і ў пачатку 1919 года польскае войска пачынае займаць Заходнюю Беларусь і арыштоўваць беларускіх дзеячаў, ды вывозіць іх у канцлагер у глыб Польшчы. Быў арыштаваны і мой бацька, але ён уцёк з арышту ў Беластоку і падаўся ў Гародню, дзе дзейнічаў Першы Беларускі полк. З Гародні яго накіроўваюць у Коўна, дзе арганізаваліся беларускія адзінкі пры літоўскім войску, у адной з якіх бацька трохі служыць.
Пасля няўдачы з арганізацыяй Першага Беларускага палка і беларускіх аддзелаў пры літоўскай арміі, Хведар Данілюк зноў вяртаецца ў Вярэйкі і служыць у царкве. Летам 1920 года яго арыштоўваюць бальшавікі, але па дарозе на Барысаў, ён уцякае і накіроўваецца зноў у Гародню, дзе пачала дзейнічаць Беларуская Вайсковая Камісія, якая павінна была займацца арганізацыяй беларускіх аддзелаў пры Войску Польскім.
У Гародні Хведар Данілюк запісваецца ў Камісію афіцэрам і ў пачатку лістапада 1920 года едзе ў Слуцк, дзе пачалося антыбальшавіцкае паўстанне. Аднак у Слуцк ён з капітанам Якубецкім і падпаручнікам Падгурскім фурманкамі дабрацца не паспяваюць, а далучаюцца да паўстанцаў у Семежаве. Там майго бацьку прызначаюць камандзірам вучэбнай каманды (падафіцэрскае школы) Грозаўскага Палка Слуцкай Брыгады Беларускай Народнай Рэспублікі, а падпаручнік Падгурскі становіцца ягоным памочнікам (капітан Якубецкі праз пару дзён вярнуўся ў Гародню). Паўстанцы, як вядома, з-за нястачы зброі і іншых вайсковых патрэб, не здолелі ўстаяць супраць вялікай Чырвонай Арміі, і былі вымушаны перайсці польскую мяжу, дзе ў большасці былі інтэрнаваныя, а падафіцэрская школа, мой бацька і падпаручнік Падгурскі былі пасланыя ў Першы Беларускі батальён у Лодзь.
Пасля Рыжскае дамовы ў красавіку 1921 года, Першы Беларускі батальён быў ліквідаваны, бацька вярнуўся дамоў і стаў працаваць святаром. А 24 кастрычніка 1921 года гарадзенскім епіскапам Уладзімірам ён быў асвечаны ў святарскую годнасць і прызначаны на парафію ў Сынковічы, а пасля ў Старыя Дзевяткавічы на Слонімшчыне…”.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара
* * *
Гісторык Юры Глушакоў: Улада праігнаравала 100-годдзе Слуцкага збройнага чыну
100-годдзе Слуцкага збройнага чыну прайшло без увагі з боку ўладаў Беларусі. У прыватнасці, Слуцкі раённы выканаўчы камітэт на сваім сайце зусім не ўзгадаў пра Слуцкае паўстанне.
Гісторык Юры Глушакоў тлумачыць, чаму ўлады не ўшаноўваюць слуцкіх паўстанцаў.
– Зараз усе спрэчкі вакол Слуцкага паўстання вельмі палітызаваныя. І пра Слуцкі збройны чын кажуць, зразумела, палітычныя апаненты ўлады. Уладзе, зразумела, гэта непрыемна. Што там казаць пра Слуцкі збройны чын. Зараз аніякія збройныя чыны ў нас не вельмі шануюцца. Улада, як мне падаецца, падтрымлівае паслухмянасць, славутую дысцыплінаванасць беларусаў, каб яных хадзілі ўвесь час шыхтом.
Слуцкі збройны чын распачаўся 27 лістапада 1920 года. Гэта было паўстанне супраць савецкай улады.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Беластоку адкрылася выстава да 100-годдзя Слуцкага паўстання
“Беларусы змагаюцца так, як 100 гадоў таму”. Пад беларускім консульствам у Беластоку прайшла акцыя да 100-годдзя Слуцкага збройнага чыну. З- за пандэміі не магла яна быць шматлюднай, і ўсё ж такі арганізатары акцыі паклапаціліся, каб кожны ахвотны прыгадаў слуцкіх паўстанцаў. Тут, насупраць консульства, адкрылася выстава, прысвечаная гэтай падзеі. Адным са стваральнікаў фотавыстаўкі з’яўляецца Павел Станкевіч з арганізацыі „Тутака”.
– Слуцкі збройны чын для беларусаў Падляшша – гэта таксама важная рэч, каб не забыць пра гісторыю, пра гэтую падзею. І таксама малодшым сказаць, што беларусы не толькі сёння змагаюцца за сваю свабоду, але таксама змагаліся і 100 год таму.
Тамаш Суліма: Вось такія прыклады, якія на гэтай выставе – гэта людзі звычайныя з народу, якія выйшлі, якія змагаліся. Хаця шансаў можа не было шмат. Але яны проста верылі, што беларус павінен быць гаспадаром на беларускай зямлі.
– Гэтая дата для нас вельмі важная. Бо народ Беларусі і сёння змагаецца за сваю вольнасць, за сваю незалежнасць. Маю надзею, што шмат людзей пабачыць гэтую выставу. У такі спосаб хочам паказаць, што народ Беларусі варты лепшага.
Дадала Марына Ляшчэўская з арганізацыі „Беласток 2020”. Выставу будзе можна аглядаць да палавіны снежня.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
***
Вулічная выстава, прысвечаная Слуцкаму збройнаму чыну, адкрылася па вул. Электрычнай насупраць консульства Рэспублікі Беларусь.
Аб’яднаўшы намаганні, фонд „Тутака”, фонд „Беларусь 2020” і Беларускае гістарычнае таварыства вырашылі ўзгадаць важную дату ў гісторыі Беларусі і Польшчы. Слуцкае паўстанне было першым самастойным беларускім паўстаннем за свабоду сваёй Радзімы. Афіцыйная дата пачатку Слуцкага збройнага чыну – 27 лістапада. Гэта таксама дзень, які ўрачыста адзначаецца як Дзень герояў, прысвечаны ўсім, хто змагаўся за незалежную Беларусь 100 гадоў таму. Слуцкае паўстанне, нягледзячы на тое, што яно не мела поспеху, было зафіксавана ў беларускай памяці на роўні, падобным да пераможнай бітвы пад Воршай з пачатку XVI ст.
„Выставай перад консульствам Рэспублікі Беларусь мы хочам ушанаваць памяць усіх, хто змагаўся за Беларусь 100 гадоў таму. Арганізоўваючы выставу, мы хацелі б падкрэсліць, што мы памятаем і беларускія намаганні 100-гадовай даўніны ў Беластоку і на Падляшшы. Сардэчна запрашаем”, – адзначаюць арганізатары выставы.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Андрэй Чарнякевіч пра Слуцкі збройны чын
27-га лістапада адзначаецца 100-годдзе Слуцкага збройнага чыну. Гэта кульмінацыйны пункт антыбальшавіцкага змагання ў Беларусі. Адчуванне сябе часткай маштабнага працэсу барацьбы за самастойнасць Беларусі падштурхоўвала да рашучых крокаў.
„Госць Рацыі” гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч:
– Хацелася б канешне, каб усё беларускае грамадства адзначала, нават параўноўваючы са 100-годзем Беларускай Народнай Рэспублікі ці мінулагоднім перапахаваннем Каліноўскага, усё ж такі сённяшнія падзеі палітычныя ў Беларусі трошкі гэту гісторыю перакрываюць. Безумоўна, што выпадкі 100-гадовай даўніны, яны так ці інакш узгадваюцца. Наконт сялянскага паўстання, гэта зноў жа дыскусія пра сялянскую нацыю. Падзеі Слуцкага збройнага чыну ці Слуцкага паўстання безумоўна звязаны з беларускім сялянствам. Назваць іх сялянскімі ўсё ж такі гэта абагульненне.
Тое, што там аднымі з галоўных дзеючых асобаў былі сяляне – гэта бясспрэчна, але мы павінны памятаць пра тое, што сам Слуцк – гэта ўсё ж такі гарадскі асяродак, мястэчкі. Постацямі былі беларусы-жаўнеры, якія далучыліся або сябры Беларускай вайсковай камісіі, гэтыя ўзброеныя атрады. У дадзеным выпадку гэта вельмі агульнае атаясамленне. Гісторыя грамадзянскай вайны ведае менавіта сялянскія паўстанні, усё ж такі Слуцкі збройны чын тут адрозніваецца фактычна, нават вось на канкрэтных прыкладах мы можам пабачыць.
Калі мы трошкі паглыбімся ў гісторыю, то пабачым асаблівасць гэтага рэгіёна – Слуцка. Мы бачым выключныя прыклады і здольнасці да самакіравання, самаарганізацыі. Напрыклад, ужо ў часы Расейскай імперыі ў 20 стагоддзі гэта шмат у чым такі „залаты”, хлебны рэгіён з вялікімі магчымасцямі для нацыянальнага развіцця. Невыпадкова вось не так даўно даследчыкі, якія займаюцца вытокамі беларускага адраджэння, звярнулі ўвагу на тое, што большасць карэспандэнтаў „Нашай Нівы” паходзіць, у тым ліку, ёсць два такія рэгіёны, у тым ліку гэта якраз Слуцкі. Гэта яшчэ нашаніўскі перыяд. Калі браць ужо Першую сусветную, то Слуцк апынуўся па расейскі бок фронту. Ён шмат у чым пазбегнуў вайсковага знішчэння, а з іншага боку ён адчуў вельмі моцна гэты ціск палітынчых і эканамічных умоваў існавання ў ваколіцах фронту. Што цікава, ужо падчас польска-савейкай вайны ў 1920 годзе менавіта Слуцк, Слуцкі павет стаў адной з крыніцаў антыпольскага руху. Калі мы займаемся пытаннямі Слуцкага паўстання, то забываемся пра тое, што былі яшчэ падзеі вясны 1920 года, калі беларускія эсэры рыхтавалі ў Слуцку паўстанне, але не супраць бальшавікоў, а ў першую чаргу супраць мясцовай польскай адміністрацыі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
Сёння беларусы свету святкуюць 100-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну
Шанцаў на перамогу ва ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну не было. Так лічыць гісторык Юры Глушакоў.
Аднак, як адзначае эксперт, беларусы павінны з павагай ставіцца да мужнасці слуцкіх паўстанцаў.
– У тым выглядзе, як гэта ўсё адбылося, гэта ўсё ж было адначасова і вельмі падобна на пэўную авантуру, ці на жэст адчаю, бо сілы былі няроўныя. Калі казаць пра пашырэнне гэтага руху, то тут трэба было рыхтавацца. Павінна была быць прапаганда ў тыле Чырвонага войска, павінны былі пачацца нейкія сялянскія паўстанні.
27 лістапада 1920 года распачалося паўстанне супраць савецкай улады – Слуцкі збройны чын. Яно адбывалася пад лозунгамі незалежнасці Беларусі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Радай БНР.
Беларускае Радыё Рацыя
***
«Пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына» – гэтыя словы былі лозунгам змагароў са Слуцкага збройнага чыну. Сёння беларусы свету святкуюць 100 гадавіну Слуцкага збройнага чыну, але таксама ўшаноўваюць усіх герояў, змагароў за вольную Бацькаўшчыну.
Беласток адзначае гэтую дату адмысловай выставай, кажа актывіст з ліку сучасных беларускіх эмігрантаў Дзяніс Бондараў:
– Ужо некалькі месяцаў таму ў нас разам з мясцовымі беларусамі ўзнікла такая задума, каб неяк гэта адзначыць. Гэта аповед пра тое, што адбывалася тады. Плакаты, на якіх будуць фотаздымкі тых часоў байцоў-случчакоў. Гэта здымкі розных артэфактаў і, безумоўна, тэкставая інфармацыя, якая датычыць гэтага часу.
Выстава ладзіцца пад патранатам Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку. На думку прафесара Алега Латышонка, сённяшняя дата мае выключнае значэнне для беларусаў і беларускай гісторыі:
– Я лічу, што практычна Слуцкае паўстанне было адзіным самастойным узброеным выступленнем за свабоду. Гэта прыклад, калі ініцыятыва ідзе знізу, проста насельніцтва выбірае сваё прадстаўніцтва і пачынае збіраць сваё войска. Таму мы павінны гэтую падзею шанаваць, гэта прыклад таго, што беларусы здольныя змагацца за сваю краіну, праліваць за яе кроў.
Урачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай стагоддзю Слуцкага збройнага чыну адбудзецца а 14.00 па польскім часе ля Генеральнага Консульства Беларусі ў Беластоку.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Рэкламны падарунак нашага радыё да юбілейных угодкаў Слуцкага чыну і Уладзіміра Караткевіча
Беларускае Радыё Рацыя з прыемнасцю інфармуе, што 26 лістапада з’явілася наша новая рэкламная прадукцыя. Яе можна пабачыць на білбордах у Беластоку, а таксама дарогах да памежных пераходаў Кузніца-Беластоцкая-Брузгі і Баброўнікі-Пагранічны.
Новыя рэкламныя білборды – гэта падарунак ад Цэнтру Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь у Беластоку, які атрымаў падтрымку ад Фонду міжнароднай салідарнасці/Fundacja Solidarności Międzynarodowej, Варшава.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Знойдзены невядомы фотаздымак аднаго з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну
Да стагоддзя „Дня Герояў” у сацыяльных сетках з’явіўся раней невядомы фотаздымак аднаго з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну, ці Слуцкага Фронту БНР 1920 года, Уладзіміра Пракулевіча.
Захоўваецца арыгінал фота ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Масквы. Гарадзенскаму гісторыку Аляксандру Горнаму фотаздымак пераслалі расейскія калегі Ігар Барынаў ды Генадзь Рыжэнка.
Кажа Аляксандр Горны:
– Было знойдзена некалькі спраў у гэтым архіве, якія датычацца аднаго з лідараў Слуцкага паўстання, кіраўніка беларускай Рады Случчаны – Уладзіміра Пракулевіча.Гэта яго студэнцкія справы, ён скончыў маскоўскі ўніверсітэт, юрыдычны факультэт. Уладзімір Пракулевіч уваходзіў у тую кагорту беларускіх дзеячаў, якія мелі рэальную скончаную вышэйшую адукацыю. Ён меў дыплом юрыста. І менавіта ў гэтых справах знаходзяцца фотаздымкі, толькі адзін здымак Уладзіміра Пракулевіча – гэта з яго следчай справы – Саюза вызвалення Беларусі.
На думку Аляксандра Горнага, публікацыя фотаздымка Уладзіміра Пракулевіча ў студэнцкія гады дае паўнейшае ўяўленне пра гэтага неардынарнага чалавека, душу Слуцкага беларускага руху сто гадоў таму.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Беластоку пройдзе выстава, прысвечаная 100-годдзю Слуцкага паўстання
Адкрыццё выставы, прысвечанай Слуцкаму збройнаму чыну, адбудзецца а 14.00 у гэтую пятніцу, 27 лістапада, па адрасе вул. Электрычна ля консульства Рэспублікі Беларусь.
Аб’яднаўшы намаганні, фонд „Тутака”, фонд „Беларусь 2020” і Беларускае гістарычнае таварыства вырашылі ўзгадаць вельмі важную дату ў гісторыі Беларусі і Польшчы. Слуцкае паўстанне было першым самастойным беларускім умяшаннем у барацьбу за свабоду сваёй Радзімы. Афіцыйная дата пачатку ваеннага акту – 27 лістапада. Гэта таксама дзень, які ўрачыста адзначаецца як Дзень герояў, прысвечаны ўсім, хто змагаўся за незалежную Беларусь 100 гадоў таму. Слуцкае паўстанне, нягледзячы на тое, што яно не мела поспеху, было зафіксавана ў беларускай памяці на роўні, падобным да пераможнай бітвы пад Воршай з пачатку XVI стагоддзя.
„Выставай перад консульствам Рэспублікі Беларусь мы хочам ушанаваць памяць усіх, хто змагаўся за Беларусь 100 гадоў таму. Арганізоўваючы выставу, мы хацелі б падкрэсліць, што мы памятаем і беларускія намаганні 100-гадовай даўніны ў Беластоку і на Падляшшы. Сардэчна запрашаем”, – адзначаюць арганізатары выставы.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Беласток адзначыць 100-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну
Неўзабаве беларусы будуць святкаваць сотую гадавіну Слуцкага збройнага чыну. Беласток таксама не застанецца ў баку, упэўнены сённяшні госць “Рацыі” Дзяніс Бондараў.
Што плануецца зрабіць у Беластоку і што з запланаванага яшчэ неабходна завяршыць літаральна ў некалькі дзён. Збор сродкаў на тэматычную вулічную выставу ў Беластоку:
Пра гэта з „Госцем Рацыі” размаўляе Ганна Комінч:
РР: Распавядзіце, чым вы займаецеся і чаму менавіта гэтая тэма вас зацікавіла?
– Я адзін з тых беларусаў, які доўгі час жыў у Беластоку сам па сабе, але гэтае лета злучыла нас усіх, і кожны са сваім нейкім багажом ведаў. Я цікаўлюся гісторыяй, і таму мне падаецца, што вельмі важна адзначаць беларускія даты. І гэтыя гады 17, 18, 19, 20 багатыя на круглыя даты, вось адна з гэтых дат – гэта стагоддзе Слуцкага збройнага чыну.
РР: Вы кажаце, што вы сочыце за гісторыяй і што круглых датаў багата. Але чамусьці гэтая падзея прыцягнула вашую ўвагу.
– Я бачыў, як святкавалі стагоддзе Купалаўскага тэатра. Гэта была падзея, якая мяне ўразіла, было шмат людзей. І я зразумеў, што інтарэс да беларускай гісторыі ёсць, як у беларусаў, якіх шмат зараз жыве ў Беластоку, якія сюды пераехалі апошнім часам, так і ў меншасці, якая жыве тут. Гэтыя людзі ўсім гэтым цікавяцца. Але, безумоўна, і палякі таксама гэтым цікавяцца.
Мая асабістая ўвага да Слуцкага збройнага чыну таму, што гэта падзея, якую варта адзначыць, і апошнім часам можна правесці шмат паралеляў з тым, што было тады, 100 год таму, і з тым, што зараз адбываецца на вуліцах Менска. Калі хуценька ўзгадаць, што тады было, то была такая сітуацыя – у дваццатым годзе на Случчыне мясцовыя сяляне зладзілі з’езд і на ім вырашылі бараніць сваю зямлю, займець сваё войска і зрабіць сваю ўладу на сваім уласным кавалку зямлі. І так паўстаў гэты Слуцкі збройны чын. На жаль, не вельмі доўга, але некаторы час случчакі змагаліся з бальшавікамі, былі і перамогі, але, на жаль, была і параза.
Чаму яшчэ Беласток? Таму што пасля таго, як гэтае войска было разбіта, шмат хто са слуцкага войска трапіў у Беласток. І там, дзе зараз знаходзіцца шпіталь “Гігант”, былі старыя вайсковыя кашары, і там быў лагер для палонных. І яны там амаль да красавіка 1921 года сядзелі, чакалі свайго лёсу.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Бацька Семянюк: „Смерць пад Чапая”, або Чуткі пра яе былі моцна перабольшаныя
Беларускія пісьменнікі-эмігранты ў сваіх працах пра антысавецкі супраціў у БССР часта выдавалі за праўду неправераныя звесткі і адкрытыя чуткі. На жаль, іх можна выявіць і ў артыкулах сучаснай расейскай версіі Вікіпедыі, якія актыўна перадрукоўваюць расейскія інфармацыйныя рэсурсы, нават дадаючы ад сябе яшчэ большыя ляпсусы.
Касцяк Першага Беларускага партызанскага аддзела на чале с Лукашам Семянюком (у цэнтры). Па правую руку ад яго — Юрка Моніч. За атаманам — Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 г.
Адным з такіх, кажучы сучаснай мовай, фэйкаў, з’яўляецца інфармацыя, прыведзеная ў артыкуле, прысвечаным Лукашу Семянюку (варыянты прозвішча — Семянік, Семяняка, Семянікаў) — паўстанцкаму атаману, аднаму з самых актыўных беларускіх антысавецкіх партызанскіх камандзіраў часоў германскай акупацыі і савецка-польскай вайны (1918–1921).
Пад Чапая
Чытаем у Вікіпедыі: «…Ад Захаду сунуліся палякі і спыніліся ў жніўні 1919 года на рэкі Бярэзіне, не дайшоўшы дваццаць кіламетраў да семянюкоўскай мужыцкай дзяржавы. 16-я армія РККА стала фронтам на іншым беразе ракі, а яе роты і падраздзяленні рассыпаліся па ўсіх вёсках Барысаўшчыны, якая стала бліжэйшым тылам. Атрад Семянюка, каб пазбегнуць няроўнай барацьбы, усё глыбей і глыбей сыходзіў у лясы. Атрад у той час апынуўся паміж двума жорнамі. Спроба зламіць савецкі фронт і перайсці праз Бярэзіну на бок палякаў стала б для яго самагубствам, але нечаканая акалічнасць выратавала семянюкоўцаў.
Касцяк Першага Беларускага партызанскага аддзела на чале с Лукашам Семянюком (у цэнтры). Па правую руку ад яго — Юрка Моніч. За атаманам — Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 г.
У канцы жніўня адна дывізія польскага войска прарвала каля Барысава савецкі фронт, і, пераправіўшыся на другі бок Бярэзіны, заняла гарадское прадмесце Стары Барысаў. Бальшавіцкай арміі пашчасціла залатаць дзірку на фронце, адкінуўшы палякаў зноў на другі бераг Бярэзіны. Аднак перад гэтым атрад Семянюка каля вёскі Ігрышч паспеў далучыцца да польскіх уланаў і разам з імі пачаў пераправу. Першымі перапраўляліся на іншы бок Бярэзіны уланы, іх ар’ергардам быў аддзел Семенюка, ар’ергардам свайго аддзела — камандзір Лукаш Семянюк. Ён заўсёды першым наступаў і апошнім адступаў. Ужо ўсе семянюкоўцы пад шквальным варожым агнём пераплылі Бярэзіну, ужо пераплываў яе і Семянюк, калі куля абарвала яго жыццё…».
Проста сюжэт са знакамітага савецкага кінафільма пра героя грамадзянскай вайны ў Расеі Васіля Іванавіча Чапаева, калі ён тоне ў рацэ Урал, прабіты белагвардзейскай куляй!
Інфармацыя ж ўзятая з эсэ Юркі Віцьбіча, апублікаваным у кнізе «Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі».
Пры гэтым маецца дастатковая колькасць крыніц, у тым ліку прыведзеных у беларускамоўнай версіі артыкула Вікіпедыі, згодна з якім атаман Лукаш Семянюк загінуў толькі ў 1921 годзе.
Праз успаміны ворагаў
Я прывяду толькі некалькі невядомых шырокай чытацкай аўдыторыі сведчанняў з успамінаў ідэйных апанентаў зялёнага «бацькі», згодна з якімі інфармацыя пра яго смерць у жніўні 1919 года выглядае недакладнай.
Вядомы чэкіст Станіслаў Ваупшасаў у сваіх мемуарах «На трывожных скрыжаваннях. Запіскі чэкіста» апісвае біяграфію атамана ў кантэксце асабістай.
«Пасля апублікавання Дэкрэта аб стварэнні Чырвонай Арміі, Максім Барташук і я запісаліся добраахвотнікамі ў 3-і асобны Маскоўскі батальён. Увосень 1918 года ў складзе 8-й стралковай дывізіі мы выехалі на Заходні фронт. […] Мінуўшы Смаленск, воінскі эшалон прыбыў у Беларусь. Наш полк заняў пазіцыю на ўсходнім беразе ракі Бярэзіны, у 12 кіламетрах ад Барысава. Горад быў у руках непрыяцеля. Чырвоныя войскі вялі ў той час на Заходнім фронце абарончыя баі, змагаліся супраць белапалякаў і розных контррэвалюцыйных банд. Вораг пераўзыходзіў нас колькасцю ўтрая, ў яго мелася велізарная манеўраная перавага — яго часткі ў асноўным кавалерыйскімі, а ў нас толькі пешыя сілы.
Непрыяцель разумеў сваю перавагу ў манеўры і часта карыстаўся ім, здзяйсняючы ліхія кавалерыйскія налёты на нашы пазіцыі, прарываючыся ўглыб абароны і робячы спусташальныя рэйды па тылах… Разам з белапалякамі ў такіх рэйдах ўдзельнічалі розныя банды. Нямала клопатаў даставілі нам конныя атрады атамана Семянюка. Гэта быў беларускі бацька Махно, яго нялёгкая разбойніцкая кар’ера чымсьці была падобная на лёс вядомага ўкраінскага анархіста.
Семянюк быў родам з Барысаўскага павета, паходзіў з моцных сераднякоў, служыў у царскай арміі, паказаў сябе ў імперыялістычную вайну. Пасля рэвалюцыі ён перайшоў на бок Савецкай улады і стаў першым камісарам Халопеніцкага валрэўкаму ў сваім павеце. Яго рашучасці і мужнасці мог пазайздросціць любы, аднак палітычна ён не саспеў і не адпавядаў пасадзе. Ад прыроды схільны да крайнасцяў, ён хутка пачаў аддавацца лявацкім загібам. У якасці кіраўніка валаснога рэўкама Семянюк стаў расстрэльваць без суда і следства ўсіх, хто правініўся. Пра гэта самавольства даведаліся ў павятовым цэнтры, быў выдадзены загад арыштаваць яго і даставіць у Барысаў. Аднак па шляху Семянюк збег з-пад варты і схаваўся ў лесе. Нягледзячы на крывавыя акцыі, яго аўтарытэт у павеце быў яшчэ высокі. Вакол збеглага арыштанта сталі згуртоўвацца розныя авантурысты і прайдзісветы… Былы камісар рэўкама Семянюк стаў ашалелым контррэвалюцыянерам, адкрытым белагвардзейскім бандытам.
Змагацца з бандыцкімі рэйдамі па нашых тылах было надзвычай цяжка. Войскаў Заходняга фронту ледзь хапала, каб стрымліваць белапольскія арміі на перадавой лініі, а ўжо для тылу ўзброенай сілы не заставалася. Карыстаючыся гэтым, Семянюк і іншыя “бацькі” менш калібрам грамілі населеныя пункты, рабавалі жыхароў, выразалі партыйны і савецкі актыў, ладзілі дзікія варфаламееўскія ночы, здзекаваліся над бяззбройнымі людзьмі, старанна пазбягаючы сустрэч з часткамі Чырвонай Арміі…».
Восень 1919-га
Паўстанцы атамана Лукаша Семянюка з польскімі вайскоўцамі. Вялікае Стахава, 1919 г.
Ненадоўга перапынім успаміны Ваўпшасава і звернемся да сведчанняў нейкага Ота, ветэрана вайны РСФСР і Польскай Рэспублікі 1919-1921 гадоў, Другой сусветнай вайны, прыведзеных у кнізе «Памяць. Стаубцоускі раён»:
«У пачатку восені 1919 года наш батальён (465-га стралковага палка Чырвонай Арміі) быў узняты па трывозе і накіраваны ў Стоўбцы на ліквідацыю бандытызму. У той час насельніцтва тэрарызавала банда Семянюка, якая была ўзброеная і трымала сувязь з белапольскім камандаваннем. Да нашага прыходу ў Стоўбцах знаходзіўся эскадрон чырвоных коннікаў з данскіх казакоў, прыхільнікаў савецкай улады. Тры коннікі з эскадрону паехалі ў адну з вёсак (цяпер не памятаю яе назвы), каб сабраць фураж для коней. З фуражом вярталіся праз лес у Стоўбцы. Недалёка ад вёскі на іх напалі бандыты. Двух чырвоных казакоў схапілі і закатавалі, толькі аднаму ўдалося ўцячы.
Калі пра гэта даведаўся камандзір нашага батальёна, ён накіраваў у тую вёску атрад чырвонаармейцаў. Задача была ў тым, каб выявіць бандытаў і даставіць вінаватых у дзікунскім забойстве чырвоных коннікаў ў штаб батальёна. Запалоханыя бандытамі сяляне маўчалі. Аднак карпатлівая тлумачальная праца чырвонаармейцаў падзейнічала. Атраду былі выдадзеныя некалькі асобаў, якія хаваліся ў вёсцы і, як высветлілася пазней, з’яўляліся членамі банды Семянюка.
У працэсе баявых аперацый супраць банды і дэталёвага расследавання справы па забойстве чырвоных коннікаў, былі ўсталяваныя вінаватыя. Іх напаткала справядлівая рэвалюцыйная кара».
Жывы і ў 1921-м
І зноў вернемся да мемуараў Ваўпшасава. У канцы 1919 года, пасля заканчэння шасцімесячных ваенна-палітычны курсаў Заходняга фронту, Ваўпшасаў знаходзіўся на пасадзе палітрука роты 151-га палка 17 стралковай дывізіі 16-й арміі РККА, раскватараванай у вёсцы Жартай Барысаўскага павета.
«У лютым 1920 года камандзір батальёна Нехвядовіч спытаў мяне, ці згодны я пайсці ў тыл ворага арганізоўваць партызанскія атрады. Я глыбока паважаў Нехведавіча, і яго прапанова мяне кранула.
— А спраўлюся? Там жа не фронт, зусім іншае…
— Справішся. У партызанскіх атрадах ваююць простыя вясковыя хлопцы. А ў цябе і ў мяне ваенны вопыт. Можаш каго-небудзь яшчэ прапанаваць?
Я падумаў і назваў Курзіна, Жулегу (разведчыкі) і Рабава (камандзір роты).
Нехвядовіч ухваліў мой выбар, праз некаторы час дамовіўся з гэтымі таварышамі паасобку, і мы сталі чакаць выкліку, рыхтуючыся да новай і рызыкоўнай працы. […] Я стаў часам адпрошвацца ў камандавання ў разведку па блізкіх тылах праціўніка. Тады і адбылася мая апошняя сустрэча з атаманам Семянюком.
Сабраўшы звесткі аб умацаваннях праціўніка на Барысаўскім кірунку, я і Пётр Курзін вярталіся ў полк, асцярожна набліжаючыся да лініі фронту. На шляху ў нас ляжала родная вёска Семянюка Селішча, яе варта было абысці, як абыходзілі мы ўсе населеныя пункты, Але Пётр упрасіў мяне змяніць гэтаму правілу. Прычына ў яго была надзвычайная. А ў мяне не хапіла духу адмовіць яму.
Пётр быў даўно закаханы ў сястру атамана, і яна адказвала яму ўзаемнасцю. Як яны прымудраліся любіць адзін аднаго, знаходзячыся ў процілеглых лагерах, па розныя бакі фронту, аднаму богу вядома. Тым большай павагі заслугоўвала іх глыбокае пачуццё, якое так несвоечасова ўспыхнула. Вядома, я ішоў на рызыку і парушэнне правілаў вайсковай выведкі, але франтавое таварыства таксама чагосьці вартае.
Мы ўвайшлі ў вёску, пераканаўшыся папярэдне, што непрыяцеля ў ёй няма. Курзін адправіўся да сваёй каханай, а я прытуліўся ў суседняй хаце ў беднякоў, якія спачувалі Чырвонай Арміі. Пытаюся гаспадара:
— А што, сам атаман часцяком наведваецца дадому?
— Як калі, — адказвае. — Пасля добрай спажывы абавязкова прыскача з целаахоўнікамі, дзень-другі покалабродзіць — і зноў знікне.
— І ніхто нічога не ведае аб прыездзе?
— Ніхто нічога. Дужа асцярожны атаман.
— Аблез бацька Семянюк, — кажу, — раней ён пахабрэйшы быў.
У гэты час па вуліцы зацокалі капыты. Атаман, лёгкі на ногі, у суправаджэнні некалькіх коннікаў наблізіўся да свайго дома, дзе знаходзіўся мой сябар Пётр Курзін. Яшчэ хвіліна — і бандыты спешаюцца ля агароджы.
Разважаць не было калі, і я кінуў з-за паркана ў коннікаў гранату, затым другую. Яркія ўспышкі пракалолі цемру, спалохана заржалі коні, пачуліся стрэлы ў паветра, бандыты паскакалі.
Пётр з наганам у руцэ выскачыў з дому, падбег да мяне, я сказаў яму адно слова: «Семянюк», ён усё зразумеў, і мы агародамі выйшлі з вёскі.
Пасля мы даведаліся, што атаман, распавядаючы пра гэты выпадак, скардзіўся на цяжкае жыццё, наракаў, што не давялося ў той раз пабыць дома – «нехта перашкодзіў». Гэта была адна з апошніх скаргаў беларускага Махно. Падчас наступу на Заходнім фронце ў 1920 годзе чырвоныя войскі дабілі Семянюка».
Паводле машынапісных успамінаў аднаго з вядомых арганізатараў савецкай улады на Барысаўшчыне Барыса Сыркіна (1899 — 1988), адзін з асобнікаў якіх захоўваецца ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы: «банда Семянюка разам з атаманам былі знішчаныя толькі восенню 1921 года», то-бок пасля разгрому так званай Паўночна-Менскай групы паўстанцкіх атрадаў НСЗРС (савінкоўскі «Саюз абароны Радзімы і свабоды» і Беларускага «Зялёнага дуба»).
З матэрыялаў разведкі штаба Заходняга фронту Чырвонай Арміі ад 1 кастрычніка 1921 года вынікае, што на гэты момант групоўка атамана падзялілася на тры адносна самастойныя атрада са сваімі камандзірамі — Монічам, Севярынам і ўласна Семянюком. «Падчас буйных аперацый, — удакладняла крыніца, — яны аб’ядноўваюцца».
Паблыталі з іншым?
Дык адкуль жа ўзялася інфармацыя пра смерць беларускага «бацькі Махно» нават не ў жніўні 1919 года, а менавіта пры пераправе праз Бярэзіну?
На гэты конт у мяне свая версія. Газета «Беларусь» за 3 снежня 1919 года (штодзённае выданне нацыянальна-дэмакратычнага кірунку, якая ў перыяд польскай акупацыі Мінска фактычна з’яўлялася друкаваным органам Рады БНР) паведаміла: «Начальнік штаба беларускага партызанскага атрада (Лукаша Семяніка) паручнік Г. Моніч звярнуўся ў БВК (Беларуская вайсковая камісія — орган па фарміравання беларускіх частак у польскім войску ў 1919-1921 гадоў. — А. Т.) са зваротам, што ён са сваім партызанскім атрадам хоча перайсці пад камандаванне Беларускага ваеннага камандавання для барацьбы з бальшавікамі і вызвалення з-пад іх прыгнёту часткі Беларусі. БВК пастанаўляе выслаць у атрад паручніка Моніча для высвятлення становішча на месцы члена Камісіі капітана (Франца — А. Т.) Кушэля».
У №3 (25) за 9 лютага 1920 года грамадска-палітычнага ілюстраванага часопіса «Беларускае жыццё», які выдаваўся ў акупаваным палякамі Менску, быў апублікаваны і фотаздымак партызан атрада бацькі Семянюка, а таксама паведамлялася, што ў сувязі з выпадкамі заражэння тыфам у атрадзе Семяніка, у апошніх днях лістапада 1919 года ён быў выведзены ў Смалявічы. Там жа, у ліку іншага паведамлялася, што, належным чынам ацаніўшы заслугі Семяніка і яго атрадаў, яму было даручана на фронце ажыццяўляць разведку і афіцыйна дазволена далей павялічваць колькасць свайго атрада, прымаючы ў яго добраахвотнікаў, якіх, мяркуючы па ўсім, ён і так ужо прымаў на той жа Стаўбцоўшчыне і ў суседніх раёнах.
Маюцца звесткі, што ў пачатку 1920-га года Лукаш Семянюк у чыне капітана быў-такі залічаны ў склад БВК разам са сваім атрадам. І, на маю думку, асноўнай з прычын па якой Семянюк папрасіўся пад крыло БВК, які быў на польскім забеспячэнні і фінансаванні, была банальная магчымасць такога ж цэнтралізаванага забеспячэння і фінансавання, без якіх атрад, знаходзячыся на самазабеспячэнні, трываў сур’ёзныя нягоды. Што, уласна, і пацягнула выпадкі заражэння тыфам у яго шэрагах.
Збіраючы ж матэрыялы па тэме падпольнага антысавецкага «Саюза барацьбы за незалежнасць Беларусі» (1946-1949) і яе арганізатара Івана Раманчука (1920-1987), які пражыў апошні перыяд жыцця ў Барысаве (1974-1987) і пахаванага на гарадскіх могілках, удалося ўстанавіць, што апошні быў названы ў гонар свайго дзядзькі, Івана Канстанцінавіча Раманчука, які загінуў літаральна напярэдадні яго нараджэння «на беразе Бярэзіны». Захавалася і фатаграфія апошняга, зробленая як раз у 1920-м, напярэдадні гібелі, у мундзіры без знакаў адрознення, якія мы можам убачыць на захаваных фотаздымках членаў БВК, з шабляй і бізуном, якія паказваюць, што гэта не пяхотнік, а кавалерыст. І, па маёй версіі, Іван Раманчук быў менавіта добраахвотнікам 1-га Беларускага партызанскага атрада.
Ці не яго смерць пад Барысавам спарадзіла чуткі аб гібелі самога Семянюка?
Магчыма, разам з Іванам ваяваў з чырвонымі і яго брат Рыгор, які ўжо пасля савецка-польскай вайны нейкі час служыў у арміі Польскай Рэспублікі. У міжваенны час паўгода пабыў солтысам у сябе на радзіме ў вёсцы Баяры на Нясвіжчыне, а потым адмовіўся. З прыходам у 1939 годзе ў Заходнюю Беларусь «вызваліцеляў» быў арыштаваны, вывезены ў Нясвіж, асуджаны і расстраляны. Яго жонка з малымі дзецьмі ў 1940 годзе была ў адміністрацыйным парадку высланая ў Казахстан, дзе яны і знаходзіліся па 1946 год.
Дарэчы, ужо ў 1949 годзе па справе Івана Уладзіміравіча Раманчука з вёскі Баяры, яго «Саюза», Мікалая Дзьмуха з вёскі Квачы і развязанай імі малой антысавецкай партызанскай вайне на Нясвіжчыне, згодна з беларускім «Мемарыялам» ахвяр палітычнага тэрору ў СССР, былі, у ліку іншых, арыштаваныя і асуджаныя:
— Семянік Міхаіл Васільевіч, 1908 г. н., нар. д. Панюцічы Нясвіжскага р-на Менскай вобл.; беларус; адукацыя н/пачатковая; селянін, аднаасобная гаспадарка. Пражываў: Менская вобл., Нясвіжскі р-н, в. Панюцічы. Арыштаваны 17 студзеня 1949 г. Прысуджаны: судовы орган 17 чэрвеня 1949 г., абвінавачв.: 63-2, 24-70, 76 — здрада Радзіме. Прысуд: 25 гадоў ППЛ, 5 гадоў параж. у правах, канфіскацыя маёмасці. Адбываў: Комі АССР, Варкута. Вызв. 10.02.1956, рэабілітаваны 16 ліпеня 1975 г.
— Семяняка Ганна Мацвееўна, 1888 г. н., нар. в. Квачы Нясвіжскага р-на Баранавіцкай вобл.; беларуска; непісьменная; сялянка, асабістая гаспадарка. Пражывала: Баранавіцкая вобл., Нясвіжскі р-н, в. Квачы. Арыштаваная 5 чэрвеня 1949 г. Прысуджаная: судовы орган 27 ліпеня 1949 г., абвінавачв.: 24, 63-1 КК БССР — член бандыцка-тэрарыстыч.групы. Прысуд: 25 гадоў ППЛ, 5 гадоў параж. у правах, канфіскацыя маёмасці. Рэабілітавана 1 красавіка 1992 г.
— Семяняка Канстанцін Іванавіч, 1918 г. н., нар. в. Квачы Нясвіжскага р-на Баранавіцкай вобл.; беларус; адукацыя н/сярэдняя; селянін, асабістая гаспадарка. Пражываў: Баранавіцкая вобл., Нясвіжскі р-н, в. Квачы. Арыштаваны 5 чэрвеня 1949 г. Прысуджаны: судовы орган 27 ліпеня 1949 г., абвінавачв.: 24, 63-1 КК БССР — член бандыцка-тэрарыстыч.групы. Прысуд: 25 гадоў ППЛ, 5 гадоў параж. у правах, канфіскацыя маёмасці. Рэабілітаваны 1 красавіка 1992 г.
— Семяняка Марыя Іванаўна, 1928 г., р. нар. в. Квачы Нясвіжскага р-на Баранавіцкай вобл.; беларуска; адукацыя пачатковая; сялянка, асабістая гаспадарка. Пражывала: Баранавіцкая вобл., Нясвіжскі р-н, в. Квачы. Арыштаваная 5 чэрвеня 1949 г. Прысуджаная: судовы орган 27 ліпеня 1949 г., абвінавачв.: 73 КК БССР — член бандыцка-тэрарыстыч. групы. Прысуд: 10 гадоў ППЛ, 5 гадоў параж. у правах. Рэабілітавана 1 красавіка 1992 г..
І хто ведае, ці не з’яўляліся яны сваякамі знакамітага «зялёнага» атамана?!
Дык калі ж памёр Семянюк?
А народная памяць пра Лукаша Семянюка працягвае жыць і ў нашы дні. Напрыклад, два сведчанні, запісаных краязнаўцам з Лепельшчыны Валерыем Тухто. Першы — ад Блажэвіча Станіслава Іванавіча, 1933 г. н., у вёсцы Дамжэрыцы Лепельскага раёна:
«А бандзіты былі па ўсёй хутарской сістэме. Да Велеўшчыны даходзілі. А Цярэшкі, Пастрэжжа — ані тут шасталі і днём і ноччу. Яны жылі на Смоленкі — хутар такі. Там іх штаб нахадзіўся. Атаманам быў Сямён (Семянік — А.Т). Замясціцелям ягоным быў Якуб. У яго было два сыны. Адзін сын, Ёзап кажацца. Быў у яго хутур. А жана ў яго была очань красівая. Ён пазваляў бандзітам іздзевацца над ней. Первы раз яна дала цягу. Дагналі яе ў Кветчы. Рас Якуб быў замам у атамана, яе не расстралялі. Втарычна савяршыла пабег — дабралася да Слабады. У Жортаі і Слабадзе стаяла паўроты салдат, называліся красныя. Яна этым сказала дзе бандзіты, паказала ўсё сцежкі-дарожкі. Сам Сямён уцёк ат вазмездзія, кажуць, што ў Польшу. А Якуба і двух сыноў у Барысаве павесілі. Ліквідзіравалі іх у 1925 гаду, пра гэта мне і бабуля і мама расказвалі і многа яшчэ хто».
У вёсцы Сялец Майсееўшчынскага сельсавета Барысаўскага раёна Кісель Васіль Макеевіч 1932 г. н. расказваў:
«Пра бандзітаў чуў толькі ад людзей. Находзіліся на Увязку, базіраваліся тут. А тады ў Кветчы. А на связь хадзілі адгэтуль к ім. Знаю, што была Сяменікава банда. У Кветчы іх у пуні апанавалі. Парасстрэльвалі тамака многа».
А Галіна Аніскевіч з Жодзіна ў свой час наваат мела зносіны са сваякамі Лукаша Семянюка, якія распавялі ёй паданне, што на самой справе ён схаваўся ў Польшчы, ці ж, што нехта з землякоў выпадкова ўбачыў яго ў 1930-я гады ў Ленінградзе. Прычым, у апошнім выпадку сцвярджалі, што атаман памёр пад выдуманымі дадзенымі дзесьці ў 1980-х гадах. Ісціну пра яго, як быццам, даведаліся выпадкова, выявіўшы ў кватэры архіў. Пра гэта нібыта пісала газета «Известия» дзесьці ў 1996-97 гадах.
Аднак я асабіста гэтым чуткам не веру. Не такім чалавекам быў Семянюк, каб затаіцца, ды яшчэ і ў Ленінградзе. Ужо кім-кім, а скрытным чалавекам ён дакладна не быў. Прагледзеўшы падшыўкі «Известий» за названыя гады ніякага артыкула пра Семеніка я там не знайшоў.
Таму кропку ў справе даты смерці «беларускага Махно» ставіць яшчэ рана.
Партрэт Лукаша Семянюка аўтарства Алеся Пушкіна
* * *
Слуцкае паўстанне на канвертах, паштоўках, каляндарыках
Слуцкае паўстанне альбо Слуцкі збройны чын – адна з яркіх старонак у беларускай гісторыі, якая адлюстроўвае ўзброенае выступленне беларусаў супраць бальшавікоў і савецкай улады. Сёлета спаўняецца 100 гадоў Слуцкаму збройнаму чыну.
Не так і шмат у Беларусі і па-за яе межамі было выдадзена канвертаў, паштовак і каляндарыкаў, прысвечаных Слуцкаму паўстанню. Тым не менш, такія выданні былі. Пра іх сёння і хочацца нагадаць.
Да 75-годдзя Слуцкага паўстання ў ЗША быў выпушчаны спецыяльны канверт. Магчыма яго рыхтаваў і выпускаў Мікола Прускі. З левага боку на канверце надрукавана выява паўстанцаў на конях з бел-чырвона-белым сцягам і два надпісы: уверсе па-беларуску, унізе – на англійскай мове. Канверт быў надрукаваны хутчэй за ўсё ў сярэдзіне 1990-х гадоў.
У гэты самы час у Менску выдаецца паштоўка, прысвечаная Слуцкаму збройнаму чыну (лістапад-снежань 1920) і словы: “…яны пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына…”. На адваротным баку паштоўкі надрукаваны тэкст: “Віншую Вас з гадавінай Слуцкага Збройнага чыну, калі нашы прадзеды, якія марылі пра незалежнасць Бацькаўшчыны, узяліся за зброю, каб увасобіць у жыццё ідэі Беларускае Народнае Рэспублікі. Вечная слава героям! Жыве Беларусь!”. Аўтар паштоўкі не ўказаны. Але хутчэй за ўсё –гэта мастак Мікола Купава.
Супрацоўнікі Беларускага Радыё Рацыя Аляксей Трубкін і Арцём Сізінцаў, стыпендыят праграмы імя Кастуся Каліноўскага Андрэй Цянюта ды графічны дызайнер Ігар Вянско таксама выдалі паштоўку, прысвечаную беларускаму антыбальшавіцкаму руху 1919-1924 гадоў. З адваротнага боку паштоўкі напісана: “Партызаны беларускага антыбальшавіцкага паўстанцкага аддзела Лукаша Сяменіка. Вялікае Стахава, 1919 г.”.
У 2016 годзе выйшаў з друку кішэнны каляндарык, прысвечаны Слуцкаму збройнаму чыну 1920 года. На каляндарыку адлюстраваны чорныя постаці паўстанцаў з бел-чырвона-белым сцягам і тэксты: уверсе “Слуцкі збройны чын 1920”, унізе – “Свабода. Незалежнасць. Адраджэнне”.
Вось бадай і ўсё, што маю ў сваёй калекцыі на тэму “Слуцкае паўстанне”. Спадзяюся, што сёлета канвертаў, паштовак і каляндарыкаў, прысвечаных Слуцкаму збройнаму чыну, дабавіцца.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Алег Латышонак: Слуцкае паўстанне – беспрэцэдэнтная з’ява найноўшай гісторыі Беларусі
З 27 лістапада 1920 году Случчына крыху больш за месяц трымала абарону ад бальшавікоў.
Адмысловая лекцыя да 100-годдзя Слуцкага Збройнага Чыну прайшла ў анлайн-фармаце. Кажа прадстаўнік беларускай меншасці ў Польшчы, прафесар Алег Латышонак:
– Гісторыяй не толькі Слуцкага паўстання, але і БНР, займаецца толькі некалькі чалавек. І гэта прычына таго, што мы не ведаем, хто быў камандзірам палка, не гаворачы пра тое, хто быў у радах гэтых палкоў. Хачу заклікаць, каб 27 лістапада, калі ўжо сцямнее, паставіць свечку, запаліць знічку ў вакне ў памяць паўстанцаў і ўсіх, хто змагаўся за Беларусь.
Слуцкае паўстанне ўспыхнула пасля чутак аб перадачы гэтых зямляў бальшавікам. Пасля падаўлення паўстання народная памяць аб супраціве Случчыны вынішчалася праз масавыя рэпрэсіі, у тым ліку высылкі ў Сібір.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Беластоку ўшанавалі памяць слуцкіх паўстанцаў
15 лістапада ў Беластоку прайшла чарговая акцыя салідарнасці з Беларуссю. Пікетаванне традыцыйна прайшло пад Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь.
На акцыі прыгадалі пра 100-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну.
Перад гэтым беларусы разгарнулі БЧБ-сцягі пад Палацам Браніцкіх і гарадской ратушай.
Частка пікетоўцаў пабывала на месцы, дзе ў 1921 годзе пасля інтэрнавання ў Польшчы, пэўны час утрымліваліся слуцкія паўстанцы. Нагадаем, што 14 і 15 лістапада 1920 года адбыўся з’езд Случчыны, а 21 лістапада пачалося Слуцкае паўстанне, якое было задушана бальшавікамі.
Акцыя завяршылася пад беларускім консульствам, дзе адбыўся пікет і збор сродкаў.
Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
100 год Слуцкаму збройнаму чыну: Аддаць сваю моц на карысць Беларусі
Шмат хто лічыць, што Слуцк — гэта не горад для турызму. Старажытных архітэктурных помнікаў у горадзе сапрўды няма. Але апрача архітэктурна-скульптурных помнікаў існуюць яшчэ помнікі нацыянальнай свядомасці. І тут Слуцк выходзіць, бадай, на першае месца.
Слуцкі Збройны чын, слуцкая самаарганізацыя насельніцтва падчас яго падрыхтоўкі, слуцкае культурна-асветніцкае таварыства “Папараць-кветка” з цягам часу зоймуць важнае месцы ў сэрцы і памяці неабыякавых беларусаў. 17 кастрычніка Слуцкае таварыства беларускай мовы ажыццявіла чарговую вандроўку ў пошуках слуцкіх каранёў беларушчыны і незалежніцкіх настрояў. Прысвечаная гэта вандроўка 100-годдзю Слуцкага Збройнага чыну.
Далёка шукаць карані нацыянальнай свядомасці не патрэбна, бо яны месцяцца амаль ў цэнтры Слуцка – на вуліцы Камсамольскай, былой вуліцы “Шырокая”. На гэтым гістарычным месцы, зараз знаходзіцца слуцкая рускамоўная гімназія №1. У далёкім 1917 годзе тут была якраз беларускамоўная гімназія. Восенню 1917 года некалькі гімназістаў, якія шчыра любілі беларускую мову, вырашылі паспрыяць яе распаўсюджванню ў Слуцку і стварылі культурна-асветніцкае таварыства “Папараць-кветка”.
— Случакі-гімназісты і праз 100 гадоў даюць нам ўрок беларускай нацыянальнай свядомасці — асабліва для тых, хто адкладвае беларускасць на потым, — расказала Ніна Стужынская, якая была запрошана ў якасці настаўніка-эксперта для “гадзіны беларускай мовы і гісторыі” у сувязі з стагоддзем Слуцкага Збройнага чыну. — У наш час можна чуць, што патрэбна змагацца за народаўладдзе, вяртанне Канстытуцыі 1994 года, а беларуская мова і свядомасць могуць пачакаць.
Слуцкая моладзь на сваім вопыце паказала, што трэба цвёрда акрэсліць праграму дзеянняў і мэтанакіравана яе ажыццяўляць. У праграмаме Статута культурна-асветніцкага гуртка найпершым заданнем было “працаваць дзеля адраджэння культуры Бацькаўшчыны і падрыхтаваць сваіх сяброў на свядомых грамадзян, якія б у будучыні маглі аддаць сваю моц на карысць Беларусі”. Статут патрабаваў, каб гутарка паміж сябрамі вялася толькі на беларускай мове.
Слуцкая “Папараць-кветка” здолела абудзіць патрыятызм у сэрцах случчан – спачатку ў маладых, а пасля і ў сталых. Як грыбы, раслі і множыліся філіялы гурткоў у вёсках Случчыны. Літаратурныя і краязнаўчыя гурткі як форма нацыянальнай працы існавалі амаль у кожнай вёсцы, дзе былі школы: у Гулевічах, Старыцы, Слабада-Кучынцы, Вясеі, у прадмесці Слуцка “Востраў”, Ліпніках…
Заснавальніку слуцкага гуртка “Папараць-кветка” Сяргею Буслу ў 1917 годзе было ўсяго 16 гадоў. Удзельнік гуртка, змагар за беларускія школы на Случчыне, ўдзельнік збройнага чыну, Юрка Лістапад успамінаў, што ў першыя часы Сяргею прыходзілася цяжка. Вучні старэйшых класаў не хацелі ўступаць, “дык Сяргей Бусел прымусіў вучняў ніжэйшых класаў прыйсці на першы сход, каб выбраць праўленне гуртка. Бальшавікі дазволу на сход не далі, тады гэта куча дзяцей рэвалюцыйным парадкам адчыніла сход і выбрала праўленне.
Юрка Лістапад ва ўспамінах “Узбіліся на свой шлях” піша, што сталыя людзі спярша не спачувалі беларускуму руху, і калі сябры гуртка ўздумалі зрабіць першае йгрышча, дык слуцкія музыканты адмовіліся там іграць. Выратаваў становішча вядомы беларускі дзеяч Васіль Русак з вёскі Ячава. Ён як раз быў звольнены з войска, любіў спяваць. Ён і памог вучням арганізаваць першае мерапрыемства.
А пасля іх ужо было не злічыць. У 1920-м годзе колькасць сябраў арганізацыі налічвала больш за 300 чалавек. Тэатральныя беларускамоўныя пастаноўкі, арганізацыя свайго хору, краяўзнаўчая праца, курсы беларусазнаўства, адкрыццё беларускіх школ, сельскагаспадарчых кааператывў, тысячы розных вечароў, выданне свайго часопісу “Наша каляіна” — дзейнасць была шматгранная. Настолькі шматгранная, што яе заўважылі ў сталіцы. Драматург — актор Уладзіслаў Галубок ставіў у Слуцку свае спектаклі, знакаміты “хор Тэраўскага” не адказаўся выступіць у Слуцкім кафедральным саборы і даў яшчэ адзін вечар-канцэрт.
Паступова Слуцк станавіўся цэнтрам беларускага руху і нават цэнтрам беларускай культуры, а случчане прывыклі да бел-чырвона- белых сцягоў.
Зразумела, што случчане-асветнікі не маглі застацца ў баку ад Слуцкага Збройнага чыну, паколькі пытанне ішло аб далейшым існаванні беларускай Бацькаўшчыны. Усе трыста сябраў “Папараць-кветкі” уступілі ў рады жаўнераў слуцкай брыгады. Перад гэтым актывісты таварыства прынялі ўдзел у арганізацыі і рабоце беларускага з’езду Случчыны, які адбыўся ў доме Эдварда Вайніловіча.
Сімвалічна, што гэты дом знаходзіўся літаральна насупраць гімназіі, праз дарогу. Два будынкі як быццам сведчылі пра той шлях, якім прайшла слуцкая моладзь: ад беларускага асветніцкага гуртка — да збройнага змагання за інтарэсы беларускага краю.
Яны сумленна выканалі артыкулы свайго Статуту: спачатку сталі нацыянальна-свядомымі беларусамі, а пасля аддалі ўсю сваю моц Беларусі. І не толькі моц, але і жыцці.
Дом Вайніловіча пасля быў зруйнаваны бальшавікамі. На гэтым месцы зараз месціцца Слуцкая цэнтральная кацельня, над якой узвышаецца стандартная труба, пафарбаваная ў бел-чырвоны колер. Колер, які сёння так не любяць нашы ўлады і міліцыянты нават на вопратцы беларусаў.
Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, аўтарка кнігі “Беларусь мяцежная” валодае тэмай дасканала і магла б гадзінамі распавядаць пра падзеі тых часоў, якія закранулі не толькі Случчыну, але і многія іньшыя паветы і воласці.
Удзельнікі тэматычнай вандроўкі схілілі галовы падчас мінуты маўчання перад светлай памяццю асветнікаў і барацьбітоў.
Сяргей Бусел, Юрка Лістапад, Янка Ракуцька, Васіль Русак, Павел Жаўрыд, Пётр Зянюк, Марыя і Людміла Стагановічы, Андрэй Бараноўскі, Улас Дубіна, Марк Асвяцімскі, Алесь Каўпак, Адам Бабарэка, Янка Урбановіч, Люба Зенковіч і многія, многія іньшыя… Р
Розныя лёсы, адна любоў на ўсіх: беларуская, незалежная, дэмакратычная і культурная Бацькаўшчына.
* * *
Стартуе кампанія да стагоддзя Слуцкага збройнага чыну
Сёлета – 100 гадоў Слуцкаму збройнаму чыну. Актывісты Ігар Случак і Аліна Нагорная пры падтрымцы Асамблеі недзяржаўных арганізацый ініцыявалі кампанію #СЗЧ100 да сотага юбілею Слуцкага паўстання супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі. Юбілей будзе адзначацца сёлета ў лістападзе.
У канцы лістапада 1920 года ў раёне Слуцку пачалося збройнае паўстанне з мэтай аднавіць незалежнасць Беларусі, вядомае як Слуцкі збройны чын. Саветы разбілі паўстанне ў сярэдзіне снежня, але ад 1980-х гадоў беларусы адзначаюць 27 лістапада як Дзень герояў. Афіцыйна гадавіна Слуцкага збройнага чыну не адзначаецца, пра яго практычна няма звестак у падручніках і дзяржаўных СМІ,
Аліна Нагорная расказала „Свабодзе”, як яна цікавілася ў мясцовых уладаў, ці будуць тыя адзначаць 100-годдзе Слуцкага збройнага чыну. Яна разаслала пісьмовыя звароты ў 159 гарадскіх, раённых і абласных выканкамаў, амаль з усіх атрымала адказы.