XXX-е БАСовішча чакае ВАС!



* * *

„Басовішча 2019”: дзень другі

Напрыканцы канцэрта арганізатары фэсту разам з гуртом :B:N: і з усімі гледачамі „Басовішча” выканалі песню на словы Міхала Анемпадыстава „Простыя словы”.

Завершыць канцэрт другога дня гарадзенскі гурт Dzieciuki.

Dzieciuki – беларускі фолк-панк гурт, заснаваны ў 2012 годзе ў Гародні. Выконвае песні на беларускай мове ў асноўным на гістарычную тэматыку. Па выніках 2014 года атрымаў прэмію «Героі года» ад музычнага парталу «Тузін Гітоў». Каманда была ўтворана ўдзельнікамі гарадзенскіх гуртоў „Кальян” і „Людзі на балоце”.

Наступны сэт адыграе :B:N:

Рок-гурт заснаваны ў 1999 у Бярозе, што на Берасцейшчыне. Пераможцы фэсту „Рок-Кола-2001” у намінацыі „Найлепшая лірычная песня”, лаўрэаты фестываля „Басовішча-2002”. Актыўна выступаюць у Польшчы. Маюць пяць альбомаў: „Не трывай” (2003), „Жыве рок-н-рол” (2006), „Крок за крокам” (2012), „Шукай сваё” (2015), „#коджыцця” (2018). Лідар гурта Алесь Лютыч.

І нарэшце асноўны хэдлайнер „Басовішча 2019” – гурт Volski з Лявонам Вольскім на чале.

У дыскаграфіі гурта альбомы «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка» (2016), «Гравiтацыя» (2019). У рэпертуары – увесь бэк-каталог лепшых песень калектываў з удзелам Лявона Вольскага.

Наступны сэт – за гуртом NAVIBAND.

Папулярны беларускі фолк-рок-гурт NAVIBAND з’явіўся ў 2013 годзе ў Менску. У яго складзе – вакалісты-музыкі Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка, якія з’яўляюцца тварам калектыву. У рэпертуары гурта большую частку складаюць кампазіцыі на беларускай мове.

SnopSnoŭ – беларускі гурт, які ў сваім гучанні спалучае мноства стыляў, ад нью-вэйву і індзі-року да сучаснай электронікі. Намінанты на „Адкрыццё году” прэміі „Героі году-2016” партала TuzinFM. Пераможцы конкурсу маладых выканаўцаў фестываля Basowiszcza-2018.

Беластоцкі гурт Kreha быў створаны восенню 2016 года па ініцыятыве Krzyśka Szubzdy, які заўсёды марыў пра панк-гаражную групу, якая разбурыць сістэму.

На сцэне „Басоў” другі лаўрэат конкурсу маладых гуртоў „Басовішча 2019” – дуэт Iuty Sakavik.

Традыцыйна другі дзень фестывалю „Басовішча” пачынаецца выступам лаўрэата конкурсу маладых гуртоў, які праходзіць у першы дзень. Учора журы конкурсу паведаміла, што сёлета маем два лаўрэаты – Iuty Sakavik і Harmonix College. Выступам якіх і пачынаецца другі дзень „Басоў”. Першым грае Harmonix College.

Фотарэпартаж пра іншыя мерапрыемствы на „Басовішчы-2019”.

На сцэне ў Барыку, дзе праходзіць 30-ты фестываль „Басовішча 2019”, пачаліся так званыя саўндчэкі музыкаў.

У другі дзень мерапрыемства заспяваюць Navi Band, VOLSKi, :B:N:, DZIECIUKI і іншыя. Кажа лідар DZIECIUKоў Алесь Дзянісаў, які адразу па прыездзе пачаў рыхтавацца да свайго саўндчэку:

– У мяне падвойнае пачуццё. Бо, з аднаго боку, калі гэта сапраўды развал, то гэта вялікая страта. Таму што ніводзін фестываль на тэрыторыі Беларусі на дадзены момант усё ж такі не дае магчымасці правесці яго без нейкай унутранай цэнзуры. Бо, як паказвае практыка на нашым прыкладзе, усе вялікія фестывалі нас баяцца. І ніхто нас не запрашае.

30-е, юбілейнае „Басовішча 2019”, па-словах арганізатараў, стане апошнім. Пераважная большасць наведвальнікаў і музыкаў, якія чакаюць пачатку вечаровага канцэрту, спадзяюцца на тое, што штогадовая музычная падзея ўсё ж будзе мець працяг.

* * * 

Пачаўся другі дзень фестывалю „Басовішча 2019”. Жыхары намётавага гарадка рыхтуюцца да вечаровай канцэртнай праграмы, а некаторыя з іх наведваюць зону „Басмежжа”.

Сярод іх і Андрэй Саротнік, для якога гэта ўжо 16-ы па ліку фестываль і які спадзяецца на тое, што ён не апошні:

– Я ў гэта не зусім веру. Мне здаецца, што проста было цяжка ўсё гэта арганізоўваць, цяжка шукаць грошы. Але калі яны іх знайшлі, правядуць фэст і пабачаць як гэта крута, то ім будзе проста шкада сваёй працы і шкада страціць тыя эмоцыі, якія атрымліваеш ад добра зробленай працы і ад той атмасферы, якая ёсць на “Басовішчы”. Гэта ж нельга згубіць такое, гэта ж вандалізм!

На „Басмежжы” наведвальнікам прапануюць кінапрагляд і інтэлектуальную гульню. У вечары ж, а 19-й пачнецца канцэрт рок-зорак. Паўторна заспяваюць і пераможцы сёлетняга „Басовішча” гурты LIUTY SAKAVIK і HARMONICS GOLLEDGE.

 

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

„Басовішча 2019”: дзень першы

Канцэрт першага дня фэсту завяршыў гурт Znich.

Гурт Znich утварыўся ў Менску ў 1996 годзе. Лідар гурта – Алесь Таболіч. Пачаткова музыкі жадалі граць фолк у цяжкай інтэрпрэтацыі, жадалі паказаць беларускія музычныя нацыянальныя карані ў цяжкім варыянце. Але з часам музыка гурта стала больш разнастайная, стала несці большы філасофскі падтэкст.

На сцэне „Басовішча” адзін з хэдлайнераў гэтага канцэрту – гурт Re1ikt.

Re1ikt – каманда, якая гарманічна спалучае моцную энергетыку з арыгінальным гучаннем. Па сваёй стылістыцы гурт блізкі да такіх кірункаў, як progressive rock, post rock, art rock і alternative rock. Аднак сучасныя музычныя плыні Re1ikt спалучае з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, робячы яго актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. На рахунку у Re1ikt – 5 студыйных альбомаў.

Наступны сэт адыграе варшаўскі гурт Żywiołak.

Żywiołak – польскі гурт, які стварае народную музыку. Група была заснавана ў 2005 годзе. У красавіку 2006 года гурт выйграў Гран-пры на фестывалі народнай музыкі Польскага радыё „Nowa Tradycja”. 

На сцэне „Басовішча” чарговы гурт – Bez.Not.

Гурт Bez.Not уціснуўся на тую маленькую выспачку інтэлектуальнага рэгі, дзе ўжо колькі гадоў каралямі пачуваецца гурт „Аддис Абеба”. І падобна да таго, што ён прыйшоў усур’ёз і надоўга.

Журы „Басовішча” аб’явіла вынік конкурсу. Пераможцамі названы два гурты – Iuty Sakavik і Harmonix College.

Наступны сэт – за гуртом Ilo&friends.

Гурт Ilo&friends утварыўся ў 2005 годзе ў Беластоку. Вакалістка каманды – Ілона Карпюк. На музыку гурт кладзе вершы знакамітых беларускіх паэтаў: Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Някляева, Алеся Разанава, Анатоля Сыса.

Гурт неаднаразова браў удзел у фэстах „Бардаўская восень” і „Басовішча”. Мае тры альбомы: „Па дарозе” (2007), „Сланечнікі” (2010), “Кола” (2015), песні з якіх траплялі ў лік найлепшых беларускіх хітоў году паводле версіі парталу Tuzin.fm у 2008 і 2011 годзе.

Пачалася асноўная канцэртная праграма, якую адкрыла легенда беларускай рок-музыкі „Крама”

Гурт узнагароджаны першай вялікай рок-каронай на «Рок-каранацыі’94». Атрымліваў малыя рок-кароны ў намінацыях «За вернасьць жанру» (1995), «Традыцыі ды сучаснасьць» (1999), «Лепшы альбом» (альбом «Хавайся ў бульбу», 2001), «Блюз-рок выканаўца» (2004—2005).

Выступам гурта BarRokka закончылася конкурсная праграма.

Апошнім ў конкурснай праграме выступае гурт BarRokka.

BarRokka – гурт, які быў заснаваны ў снежні 2015 года Лізаветай Леўчык. У склад уваходзяць такія інструменты, як фартэпіана, скрыпка, баян, кантрабас і бубны. У сваёй творчасці гурт схіляецца да тангавага гучання, з уласцівым стылю запалам і драматызмам. Але песні BarRokka не абмежаваны толькі гэтым і можна пачуць і іншыя стылі. 

Наступны гурт, які ўзняўся на сцэну „Басовішча”, – Paulinn.

У 2017 годзе гурт Паўліны Цімохінай Paulinn выпусціў першы лірычны поп-рокавы альбом «Адчувай».

Першыя гады дзяцінства Паўліны Цімохінай прайшлі ў Гародні.  У 1995 годзе яе сям’я пераехала ў Менск, а ў 1997-м Паўліна пайшла ў музычную школу. Так пачалася яе музычная кар’ера.

Наступны сэт – за дуэтам Iuty Sakavik.

Iuty Sakavik – гэта чарговы праект Уладзі Лянкевіча, які вядомы па ранейшым праекце TonqiXod. Iuty Sakavik быў заснаваны ў 2019 годзе ў Менску. Гэтым разам ён складаецца з двух музыкаў – уласна Уладзі Лянкевіча і Эрыка Арлова-Шымкуса. Дуэт ужо запісаў свой дэбютны EP „Soram”. «Soram» — гэта сінці-поп, пост-панк і танцавальная электроніка ў сучасным прачытанні.

Наступны выступоўца – гурт Harmonix College.

Harmonix College – самабытны гурт, які выконвае instrumental rock. Гурт паўстаў у Рагачове, але зараз базуецца ў Менску. З найноўшых навінаў гурта – перамога ў прэстыжным фестывалі Emergenza.

На фестывалі „Басовішча” традыцыйна працуе зона „БАСмежжа”, дзе кожны ахвотны можа набыць сувеніры. Аднымі з першых на Падляшша прыбылі гандляры і вытворцы сувеніраў з Віцебскай вобласці. Майстрыца Аляксандра Звездзянкова распавяла нам, што частку сувеніраў, якія ёсць у продажы, яна робіць на вачах гасцей:

– Мы прывезлі нашы ўпрыгожванні, упрыгожванні нашых сяброў. Раніцай паспела нарабіць бранзалецікаў з арнаментамі, з Пагоняй. Калі людзі бачаць, як я гэта раблю, бо я раблю гэта ўвесь час, у іх больш цікавасці, бо яны бачаць колькі працы ў гэта ўкладзена.

На фестывалі „Басовішча” можна прыдбаць кашулькі з афіцыйнай сімволікай фестывалю, сувеніры з беларускай нацыянальнай сімволікай, торбы ды многае іншае. 

***

ATESTA – незвычайны гурт. Яго складаюць вядомыя музыкі. Але вакалістка ў гэтых монстраў року 14-гадовая Ульяна Паўловіч, дачка гітарыста гурта Аляксея Паўловіча (экс-удзельнік «Новае неба», Ulis, Tornado). Сярод іншых музыкаў гурта – Макс Івашын (клавішы, экс Neuro Dubel), Дзіма Бармалей (бубны), Сяргей Надзежкін (экс Tornado). Пабачым, як гэта будзе выглядаць на сцэне „Басоў”.

***

Жывая трансляцыя і відэатрансляцыя з „Басовішча-2019” толькі на Беларускім Радыё Рацыя

Басовішча-2019 – фестываль музыкі маладой Беларусі пройдзе 19-20 ліпеня ў мястэчку Гарадок, што на Падляшшы. Сёлетні, 30-ты па ліку фестываль, па словах арганізатараў, стане апошнім. Тым не менш, Беларускае Радыё Рацыя будзе весці прамую аўдыё- і відэа-трансляцыю з сёлетняга юбілейнага фестывалю.

Volski, Dzieciuki, Naviband, Re1ikt, Крама, Зьніч ды многія іншыя. Конкурс маладых гуртоў. Між выступамі – гутаркі з музыкамі.

Прамая трансляцыя з „Басовішча-2019” на хвалях FM толькі на Беларускім Радыё Рацыя. Сёлета чарговы ўжо раз будзе весціся жывая відэатрансляцыя, якую можна будзе паглядзець толькі на нашым сайце racyja.com

У пятніцу (19 ліпеня) трансляцыя пачнецца а 18:30 паводле беларускага часу (17:30 паводле польскага), у суботу (20 ліпеня) трансляцыя пачнецца а 20:00 паводле беларускага часу (19:00 паводле польскага) і працягнецца да выступу апошняга гурта.

БАСовішча ладзіцца без перарыву з 1990 году на лясной паляне Барык у Гарадку побач з Беластокам. Гэта найбольшы і найстарэйшы фестываль беларускай рок-музыкі ў свеце.

Для гледачоў-наведвальнікаў фестываль бясплатны!

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Хутка пачнецца 30-ты, юбілейны, фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча 2019”.

Адкрые канцэртную праграму ў Барыку конкурс маладых гуртоў і першым з іх на сцэну выйдзе ATESTA. Кажа клавішнік згаданага гурта Максім Івашын:

-“Басовішча”  для нас, музыкаў, заўжды было непараўнальнай нагодай выступіць на сапраўды еўрапейскай сцэне, у еўрапейскіх умовах. І мне вельмі цёпла, што ў пэўныя моманты, гэта тычыцца „Басовішча” пачатку 2000-х гадоў, фестываль стаў месцам спаткання Захаду і Усходу, – ужо прабачце за такую банальнасць. Гэтаму сведкі файныя, вядомыя польскія і не толькі гурты, якія тут выступалі. Але вось атрымалася так, як атрымалася.

На юбілейнае, 30-е «Басовішча» прыехалі і людзі, якія не планавалі быць у Гарадку ў гэтыя дні. Да такіх адносіцца і валанцёрка фестывалю Аляксандра Ільюкевіч. Дзяўчына большасць жыцця правяла ў Нямеччыне, і толькі мінулы год пражыла ў Беларусі, у Гародні. На «Басовішча» сёлета Аляксандра прыязджаць не планавала, але пэўныя абставіны прымусілі яе тэрмінова прыехаць на Падляшша на фестываль.

– Я ўжо вярнулася ў Нямеччыну пасля Гародні. Прабыла там восем месяцаў. І ў мяне ўжо быў кантракт на працу на ліпень. Але калі я пачула, што гэта апошняе “Басовішча”, я вырашыла, што праца будзе кожны год, а тут не зразумела, ці будзе яшчэ “Басовішча”. Было б шкада прапусціць. Таму я вырашыла кантракт закрыць і прыехаць на «Басовішча».

Калі летась Аляксандра прызнавалася, што ведае мала беларускіх гуртоў, дык цяпер за год стала добра разбірацца ў беларускай музыцы.

Уладзімір Рамановіч з Віцебшчыны прыехаў на фестываль упершыню, на ім ён будзе не толькі госцем і слухачом, але і прадаўцом беларускіх сувеніраў. Ужо ў першы дзень ён пазнаёміўся з жыхаркай Гарадка, у доме якой спыняюцца музыкі, якія прыязджаюць на фестываль. І быў уражаны, наколькі яна абазнаная ў беларускай музыцы.

– Трапілі ў домік для музыкаў, дзе яны ночаць. Папрасілі літаральна гадзінку папрацаваць. І мы паразмаўлялі з гаспадыняй гэтага дому. Яна мажліва пра нашых беларускіх музыкаў, якія ўдзельнічалі ў “Басах”, ведае больш, чым ведаюць беларусы. Як яна пазітыўна ставіцца да таго, што адбываецца. Я кажу, ну дык тут жа сцены трасуцца, і вам напэўна музыка перашкаджае. Яна адказвае: не, два дні можна пацярпець, але няхай моладзь збярэцца. Музыкі лепш, чым тыя будаўнікі.

Пачатак канцэртнай праграмы ў 17:30 па-польскім часе. Сярод выступоўцаў Крама, Ilo&friends, Relikt, Znicz, Dzieciuki, NaviBand, Лявон Вольскі, B:N ды іншыя. Арганізатары прыгатавалі таксама цікавыя спадарожныя мерапрыемствы, галоўныя з якіх пройдуць у суботу. Фестываль будзе доўжыцца два дні. 

Прамая трансляцыя з „Басовішча-2019” на хвалях FM толькі на Беларускім Радыё Рацыя. Сёлета чарговы ўжо раз будзе весціся жывая відэатрансляцыя, якую можна паглядзець на сайце racyja.com. У пятніцу (19 ліпеня) трансляцыя пачнецца а 18:30 паводле беларускага часу (17:30 паводле польскага), у суботу (20 ліпеня) трансляцыя пачнецца а 20:00 паводле беларускага часу (19:00 паводле польскага) і працягнецца да выступу апошняга гурта.

Сёлетняе „Басовішча”, па-словах арганізатараў, можа стаць апошнім.

Беларускае Радыё Рацыя, Гарадок

* * *

Хронікі Басовішча: 30-ць перадачаў да 30-га фэсту

З 10 чэрвеня да 19 ліпеня ў эфіры Беларускага Радыё Рацыя штодзень а 11:15 і 21:35 – факты ды байкі, эмоцыі ды ўспаміны, забытае і малавядомае.

Свае гісторыі звязаныя з культавым падляшскім фестывалем распавядуць яго пераможцы ды лаўрэаты, гледачы і арганізатары розных гадоў.

Згадайма „Басовішча” разам!

* * *

Цягніком на „Басовішча”

Ахвочыя наведаць 30-ы Фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча” змогуць даехаць да месца на цягніку Polregio. Польская чыгунка сумесна з Упраўленнем маршалка Падляшскага ваяводства і Беларускім саюзам студэнтаў арганізавалі дадатковыя чыгуначныя спалучэнні па маршруце Беласток-Валілы-Беласток.

У пятніцу цягнікі адпраўляюцца з Беластоку а 15:50 і 19:30, а ў іншы бок вяртанне з Валілаў плануецца а 16:54 і ў 00:30. У суботу цягнікі адпраўляюцца паводле графіку, які дзейнічае на гэтай лініі ў выходныя. Расклад можна знайсці на сайце polregio.pl

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

 

Адбылося лёсаванне канкурсантаў „Басовішча”

Адбылося лёсаванне чаргі выступу канкурсантаў фестывалю Басовішча-2019. У сёлетнім конкурсе маладых гуртоў удзельнічаюць пяць калектываў у наступнай чарговасці: АTESTA, HARMONIX COLLEGE, LUTY SAKAVIK, PAULINN, BARROKKA.

Лёсаванне ў прамым эфіры ў Facebook праводзілі музыкі гурта Re1ikt, бубнач якога Аляксандр Дземідзенка заклікаў усіх аматараў музыкі прыехаць на БАСы:

– Шаноўныя слухачы! Мы, гурт Re1ikt, шчыра вас запрашаем на гістарычную падзею, на тое, што мы будзем узгадваць яшчэ шмат гадоў, распавядаць сваім дзецям і ўнукам. Пра тое, як гэта крута адбылося. Мы ўсё ж такі не хочам да канца прыняць, што гэта апошняе „Басовішча”. Але калі гэта атрымаецца так, дык кожны, хто любіць беларускую культуру, беларускую музыку, мусіць там быць. Бо гэта культавы легендарны фестываль, які зрабіў вельмі шмат для беларускай сцэны.

Басовішча-2019 – фестываль музыкі маладой Беларусі пройдзе 19-20 ліпеня ў мястэчку Гарадок, што на Падляшшы. Сёлетні, 30-ты па ліку фестываль, па словах арганізатараў, стане апошнім. Конкурс маладых гуртоў на ім пачнецца ў 17:30 19 ліпеня па-польскім часе.

Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя

* * * Мікола Ваўранюк: Ахвочых дапамагчы ў арганізацыі менш, чым крытыкаў

Басовішча-2019. Адзін са стваральнікаў і заўсёднікаў фестывалю пад Беластокам, журналіст Мікола Ваўранюк лічыць скон „Басоў” заканамерным.

Па словах журналіста, ахвочых дапамагчы ў арганізацыі менш, чым крытыкаў.

– Гэта было сапраўды прыкра. Аляксандр Памідораў, які шмат гадоў вёў фестываль, цяпер гаворыць, што хтосьці давёў фестываль да невядома чаго. Па-мойму, як раз наадварот. Апошнія некалькі выпускаў былі лепшымі, чым тыя выпускі дзесяць гадоў таму.

Ваўранюк параўноўвае „Басовішча” з беластоцкім фестам Up To Date, які мае бюджэт у 3 млн злотых, у той час, як „Басы” – толькі 70 тысячаў.

Тым не менш, Беларускае Радыё Рацыя будзе весці прамую аўдыё- і відэа-трансляцыю з сёлетняга юбілейнага фестывалю. Пачатак у пятніцу, 19 ліпеня, у 18.30 паводле беларускага часу.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Пераможца „Басовішча-2015” рыхтуе новы альбом

Гарадзенскі праект „Кропка К”, які стаў пераможцам „Басовішча” ў 2015-м годзе, рыхтуе новы альбом. Ён выйдзе ў свет восенню 2019. Папярэдні альбом з’явіўся пяць гадоў таму.

Назву новага альбома лідар гурта Яўген Кучмейна пакуль трымае ў таямніцы:

– Праца ўжо практычна скончана. Я кажу толькі пра запіс музыкі, усе партыі запісаў, больш-менш гэта звёў, засталося заняцца мастэрынгам. У сярэдзіне восені выдадзім гэты матэрыял. Лічу, што гэта мой лепшы матэрыял – гэта адзінаццаць трэкаў, лонгплэй, 40 хвілін матэрыялу. Назву пакуль што не скажу, няхай мой сябар спачатку вокладку намалюе.

Яўген Кучмейна працаваў над альбомам практычна самастойна. Пасля выхаду альбом з’явіцца на кружэлках, а таксама яго можна будзе спампаваць і паслухаць у інтэрнэце.

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Вальжына Цярэшчанка: “Басовішча” – унікальная з’ява, аналагаў якой няма ў Беларусі

Гомельская выканаўца бардаўскай песні Вальжына Цярэшчанка лічыць “Басовішча” ўнікальнай з’явай, аналагаў якой не было і няма ў Беларусі.

Спявачка ўзгадвае, як цёпла яе прымалі на фэсце падляшскія беларусы і публіка ў 1990-м годзе.

– За мяне заступіўся Генадзь Шэмет, у якім сэнсе заступіўся, – прапанаваў мне выступіць. І арганізатары не адмовіліся. Мала таго, нас арганізатары яшчэ забралі да сябе ў дом, пакармілі кілбаскамі. Гэта быў, майце на ўвазе, вельмі жабрацкі час, калі мы тых сасісак не бачылі, калі заробкі не плацілі. Канешне, мне было прыемна, як нас прымалі нашыя браты з Падляшша. Я спявала на добрай апаратуры. Прыём быў шыкоўны.

Вальжына Цярэшчанка наведвала “Басовішча” двойчы – у 1990-м і 1992 гадах. Пра яе ўдзел у музычным фестывалі пісала тагачасная беларуская прэса, у тым ліку газета “Знамя Юности”.

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

На „Басовішча” сабрана 109% неабходнай сумы

16285 злотых было ахвяравана на Фестываль музыкі маладой Беларусі Басовішча, які сёлета пройдзе апошні 30-ы раз. Сабрана 109% неабходнай сумы.

“Басовішча” ладзіць Беларускае аб’яднанне студэнтаў. Фестываль традыцыйна пройдзе ў Барыку, што каля Гарадка, 19-20 ліпеня. 

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Людзі дапамагаюць „Басовішчу – 2019”

85 працэнтаў ад патрэбнай сумы! Фестываль “Басовішча” збірае дадатковыя сродкі на арганізацыю і правядзенне апошняга, 30-га фестывалю музыкі маладой Беларусі. На гэты момант сабрана 12 750 злотых з запланаваных 15-ці тысяч. Да канца збору грошай засталося толькі 12 дзён. Запрашаем усіх падтрымаць фестываль на старонцы odpalprojekt.pl/p/XXX-BASowiszcza-2019.

Сёлетняе “Басовішча” адбудзецца 19-20 ліпеня, як заўсёды, у Гарадку каля Беластока.

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

XXX Фестываль музыкі маладой Беларусі БАСовішча-2019!

Дарагія сябры БАСовішча, дарагія сябры нашага Радыё!

Быць Нам Разам!

Звяртаемся да Вас з просьбай падтрымаць фінансава фестываль, які ад самага яго пачатку арганізуюць маладыя людзі з Беларускага аб’яднання студэнтаў. У гэтым годзе будзе ўжо 30 юбілейны Фестываль музыкі маладой Беларусі БАСовішча 2019, які пройдзе 19-20 ліпеня ў Гарадку каля Беластока. Кошты з году ў год растуць, а хочацца каб юбілейнае БАСовішча было незабыўным і якасным. І Вы можаце дадаць сваю цаглінку да арганізацыі фестывалю прымаючы ўдзел ў адмысловым зборы odpalprojekt.pl/p/XXX-BASowiszcza-2019

Дзякуем за кожную дапамогу!

Партнёрамі БАСовішча з’яўляюцца: Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Рэспублікі Польшча, Падляшская маршалкоўская ўправа, Беларускае Радыё Рацыя, а таксама – маем такое спадзяванне – і Вы.

* * *

Арганізатары „Басовішча” просяць пра дапамогу

Арганізатары фестывалю “Басовішча” звяртаюцца да ўсіх прыхільнікаў з просьбай пра дапамогу. Сродкі на арганізацыю юбілейнага 30-га фестывалю збіраюцца на платформе odpalprojekt.pl.

Фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча” традыцыйна арганізуе Беларускае аб’яднанне студэнтаў у супрацы з іншымі арганізацыямі.

Кажа сябра Управы БАС-у, арганізатарка фестывалю Лідка Пякарская:

– Каб арганізаваць нешта больш незвычайнае патрабуем больш фінансаў. Мы ўжо атрымалі фінансавую падтрымку з Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ды іншых. Падумалі, што ўжо некалькі гадоў таму людзі хацелі нам дапамагчы таксама фінансава. Можа 30 фестываль будзе добрай нагодай, каб дапамагчы і паўдзельнічаць у арганізацыі „Басовішча”. Дзякую ўсім, хто дапамог і тым, хто збіраецца, а таксама заахвочваю нам дапамагчы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Арганізатары плануюць сабраць дадаткова 15 тысяч злотых. Уся інфармацыя адносна збору сродкаў ёсць на старонцы фестывалю ў Фэйсбуку.

“Басовішча” пройдзе 19-20 ліпеня ва ўрочышчы Барык, што каля Гарадка. Яшчэ да 6-га красавіка гурты і выканаўцы могуць падаваць заяўкі на ўдзел у конкурснай частцы фестывалю.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя