„Бардаўская восень-2019”



Праграма ХХ6 Фестывалю беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні „Бардаўская восень-2019”

Уваход бясплатны. Запрашаем!

www.facebook.com/vosien

* * *

“Бардаўская восень-2019” апраўдала чаканні сваіх прыхільнікаў

Традыцыйны фестываль адгучаў на Падляшшы 26-ы раз, сабраўшы поўную камерную залу ў Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку.

Сярод тых музыкаў, якія шмат гадоў звязаныя з фестывалем і сталі фактычна яго візітоўкай – Зміцер Вайцюшкевіч і лідарка гурту ILO&Friends – Ілона Карпюк:

– Гэта не толькі факт сустрэчы з сябрамі, але мяне цікавіць, як граюць і што граюць нашыя сябры ў асноўным з Беларусі. Бо гэта асноўная нагода, каб паглядзець тое, што зараз у бардаўскай, аўтарска песні адбываецца і праходзіць у Беларусі. Тым больш, што ў нас сцэна небагатая. Творчага музычнага крэатыву беларускага на Беласточчыне няма. І таму такія фестывалі нам патрэбныя, каб кантактаваць з беларускай культурай.

– Я з задавальненнем заўсёды прыязджаю. Не першы раз я ў інтэрв’ю кажу, што такая своеасаблівая, вельмі прыемная, утульная  восеньская атмасфера тут пануе. І гэтым не скарыстацца, я лічу, што кепска.

Таксама на “Бардаўскай восені” выступілі вядомыя прыхільнікам фестывалю Яўген Барышнікаў і Сяргей Башлыкевіч. Як абяцаюць арганізатары з цэнтру “Шчыты”, у 2020 годзе “восень” вернецца ў свой звычайны фармат з конкурснай часткай.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота Улі Шубзды

* * *

«Бардаўская восень» у Орлі і Беластоку

«Бардаўская восень» збірае прыхільнікаў у Беластоку. 27 кастрычніка ў Падляшскай оперы і філармоніі пройдзе галоўны канцэрт фестывалю, які, паводле арганізатараў, ужо ў наступным годзе мае вярнуцца ў Бельск Падляшскі і ў свой звычайны фармат.

У суботу адзін з канцэртаў прайшоў у Орлі, дзе выступіў Сяргей Башлыкевіч, а што чакае наведнікаў у нядзелю, расказвае старшыня цэнтра «Шчыты» Лукаш Леанюк:

– У нядзелю ў 15 гадзінаў зайграе Сяргей Башлыкевіч, Яўген Барышнікаў, ILO&friends і Зміцер Вайцюшкевіч. Уваход будзе вольны, але трэба прыйсці ў касу Оперы і філармоніі. Можна ўжо гэта рабіць, можна таксама прыйсці перад канцэртам, перад 15 гадзінай у нядзелю, думаю, што будуць яшчэ квіткі.

Квіткі бясплатныя, але іх наяўнасць абавязковая. Фестываль «Бардаўская восень» праходзіць у 26-ы раз, сёлета ў скарочаным фармаце і без конкурснай часткі, што найперш звязана з будаўніцтвам новага Дома культуры ў Бельску Падляшскім. Арганізатар фестывалю – Звяз на карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры «Шчыты».

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Набліжаецца „Бардаўская восень”

ХХVI Фестываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песні “Бардаўская восень” пройдзе ў камернай зале Падляшскай оперы і філармоніі. Тут выступяць барды і выканаўцы аўтарскай песні з Беларусі і Польшчы. Канцэрт пачнецца а 15-й у нядзелю, 27 кастрычніка.

На сцэне Оперы і Філармоніі, якая з’яўляецца суарганізатарам канцэрта, між іншым, выступяць: Зміцер Вайцюшкевіч, ILO&friends, Серж Башлыкевіч, Яўген Барышнікаў. 

Уваход на канцэрт вольны!

Напярэдадні канцэрта ў Оперы і Філармоніі, аматараў бардаўскай песні запрашаюць у Орлю. Сяргей Башлыкевіч выступіць у мясцовым гмінным Асяродку культуры. Канцэрт у Орлі адбудзецца 26 кастрычніка  а 17-й гадзіне.

Арганізатар фестывалю – Звяз на карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры «Шчыты».

„Бардаўская восень” – найстарэйшы фестываль беларускай аўтарскай песні і спеўнай паэзіі. Ён намагаецца адлюстраваць сучасны стан беларускай песні на многіх роўнях, спалучаючы розныя стылі і кірункі.

Фестываль фінансуецца Маршалкоўскай управай Падляшскага ваяводства і гарадской управай Беластока.

Беларускае Радыё Рацыя