БАСовішча-2018 чакае ВАС!



29 Фестываль музыкі маладой Беларусі „БАСовішча-2018” пройдзе 20-21 ліпеня ў Гарадку каля Беластока. Ужо вядома, што на гарадоцкай сцэне зайграюць: Крамбамбуля, Neuro Dubel, :B:N:, Разбітае Сэрца Пацана, НагУаль і Петля Пристрастия, ILO&friends, Колір, Snop Snoŭ, Eryk i Ja, МЦ2 MorkvoЦвет, Will’N’Ska, Ostrov, Lao Che, Błękitny nosorożec.

Прамая трансляцыя з „БАСОВІШЧА-2018” на хвалях ФМ толькі на Беларускім Радыё Рацыя. Сёлета ўжо трэці раз будзе весціся жывая відэатрансляцыя, якую можна будзе паглядзець толькі на нашым сайце.

У пятніцу і суботу (20-21 ліпеня) трансляцыя пачнецца а 19:05 паводле беларускага часу і працягнецца да выступу апошняга гурта.

Басовішча-2018. Дзень першы

* * *

Апрача музычнай часткі, прадугледжаны забаўляльныя мерапрыемствы – у гэтак званым БАСмежжы. А непадалёк ад намётавага мястэчка можна будзе купіць беларускія брэнды. У суботу а 12.00 у зоне БАСмежжа тэатр Чрэво пакажа свой спектакль „Казкі по своему” з удзелам Ёанны Троц.

Для гледачоў-наведвальнікаў фестываль бясплатны!

* * *

Сёння стартуе „Басовішча-2018”

Пачынаецца адлік гадзінаў да пачатку фестывалю музыкі маладой Беларусі Басовішча – 2018”. Сёлета фестываль пройдзе 29-ты раз. За гады існавання ён істотна змяніўся, але захаваў галоўнае сваю ідэю ды атмасферу сяброўства. Між іншым, пра гэта са сваім госцем размаўляе Яна Запольская.

Даря Вапа адна з сяброў Беларускага аб’яднання студэнтаў, арганізатарка «Басовішча-2018» і сённяшні госць Рацыі.

РР: З якім настроем Вы падышлі ў гэтым годзе да фестывалю?

Даря Вапа: Пазітыўна, і нават з нейкім спакоем. Бо калі параўнаць з папярэднімі гадамі, дзе ўсё рабілі хутка і баяліся не паспець, то сёлета паспелі ўсё зрабіць, нават схадзілі на возера, знаходзілі час спакойна з’есці.

РР: Трошкі досведу набраліся.

Даря Вапа: Так. Ужо некалькі гадоў робім. І старэйшае пакаленне, папярэднія арганізатары «Басовішча», дапамагаюць нам, падказваюць што і як. Таму ўсё спакойна.

РР: Ты асабіста што хацела б пабачыць новага? Зразумела, традыцыі фестывалю захоўваюцца, але кожны год штосьці новае дадаецца.

Даря Вапа: Так. Я чакаю суботу. Гэта праграма, скіраваная на дзяцей, але мне цікава пабачыць яе. У 12 гадзін Яанна Троц з тэатра «Чрэва» будзе чытаць «Казкі па-свойму». Гэта не будуць казкі на беларускай літаратурнай мове, толькі на дыялекце. І мне цікава, як гэта будзе гучаць. Таму ўсіх таксама запрашаю.

РР: І тое, пра што ты сказала, будзе адбывацца ў БАСмежжы. Гэта тэрыторыя па-за сцэнай, адна з адметнасцяў фестывалю апошніх гадоў. Арганізатары прадумалі жыццё ў намётавым мястэчку, каб людзям было чым заняцца па-за сцэнай.

Даря Вапа: Так. Хочам, каб гэта была не толькі музыка. Канцэрты пачынаюцца а 18-й гадзіне, таму зладзілі нешта такое, што людзі маглі б пабачыць раней.

Нагадаю таксама, што ў гэтым годзе будзе тры крамы ў зоне БАСмежжа. Гэта Imbryk.by, «Мой родны кут», а таксама крама «Модная цішотка».

РР: Твой першы ўспамін пра «Басовішча» – гэта што?

Даря Вапа: Не ведаю чаму, але мае першыя асацыяцыі з «Басовішчам» – гэта Памідораў. Я памятаю яго з маленства, і ён мне падаваўся страшным чалавекам. Калі ён ішоў – я хавалася, бо баялася яго. А пасля, як стала валанцёрам, зразумела, што нічога страшнага.

Другая рэч, якая ў мяне асацыюецца з «Басовішчам», – гэта сустрэча з тымі людзьмі, якіх цягам года не бачыла. Гэта канкрэтныя людзі, канкрэтныя гурты, якія проста так не пабачыш, а вось на «Басовішчы» – так.

РР: Сёлета «Басовішча» праходзіць 29-ты раз. Першае «Басовішча» было ў 1990 годзе, і яно было зусім іншым. Вы, хіба што, ужо трэцяе пакаленне арганізатараў фестывалю. Скажы, калі ласка, што захавалася, на тваю думку, на працягу вось гэтых 29 гадоў?

Даря Вапа: Я думаю, што сяброўства паміж арганізатарамі. Гэта адна з важнейшых рэчаў. Калі б не было між намі сяброўства – не выйшла б усё гэтай справы. І, вядома, ідэя, каб паказаць і палякам, і беларусам таксама, што ёсць у Беларусі вартасныя гурты, якія варта паказваць, бо сярод іх ёсць таленты. Таму і праводзіцца конкурс маладых гуртоў. Таксама гэта стварэнне дыялогу, пра які мы заўсёды гаворым, паміж беларусамі і палякамі. Бо ведаю, што ніколі паміж імі няма тут спрэчак, а толькі сапраўднае сяброўства.

РР: Ад сябе дадам, што пэўная атмасфера фестывалю таксама захавалася, хоць ён памяняўся тэхнічна і музычна за гэтыя амаль 30 гадоў.

Даря Вапа: Вядома, прагрэс ёсць. Але атмафера якраз захоўваецца. І пра гэта сведчаць людзі, якія прыязджаюць на кожныя БАСы.

РР: Ты часта бываеш у Беларусі на музычных імпрэзах. Цяпер ёсць тэндэнцыя параўноўваць «Басовішча» з нейкімі іншымі фестывалямі ў Беларусі. Ці ты такое параўнанне праводзіш і ці варта ўвогуле штосьці такое рабіць.

Даря Вапа: Я працытую аднаго артыста, які выступаў на БАСах. Думаю, ён не абразіцца. У роліку да «Басовішча» ён сказаў, што, магчыма, у Беларусі і ёсць больш маштабныя фестывалі, чым «Басовішча», і туды прыязджае больш людзей, але такой атмасферы, як на «Басовішчы», няма. Таму варта прыехаць самому і ўпэўніцца, што так яно і ёсць.

РР: Калі б ты запрасіла кагосьці на «Басовішча», а ў цябе спыталі, што гэта такое, то як бы ты ў двух сказах сказала пра гэты фестываль?

Даря Вапа: Я б сказала, што гэта месца, дзе можна сустрэцца з вельмі цікавымі людзьмі з усходняй мяжы, паслухаць вельмі добрую музыку, вядома, папіць піўка і проста добра пабавіцца ў цудоўнай атмасферы. Гарантую, што такой атмасферы адкрытасці з усіх бакоў я даўно не бачыла.

Фестываль «Басовішча» стратуе сёння а 18-й гадзіне з конкурсу маладых гуртоў.

* * *

20 ліпеня стартуе Фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча-2018”. Аднак ужо з панядзелка моладзь з Беларускага аб’яднання студэнтаў рыхтуе фестывальную пляцоўку.

На месцы ў Барыку вядуца ўжо апошнія падрыхтоўчыя працы.

– Як можам пабачыць, тут яшчэ шмат работы, але за суткі паўстане мястэчка.

– Праца, праца, праца… Усе працуюць, ніхто не сядзіць. Мы прыехалі ў панядзелак з раніцы. І ўсе тут і рыхтуюць “Басовішча”.

– Сцэна ўжо робіцца, гастранамічныя пункты ёсць. Ідзе апошняя падрыхтоўка.

Зона “Басмежжа” і палатачнае мястэчка будуць працаваць з самай раніцы. Канцэрты сёлетняга фестывалю “Басовішча” пачынаюцца ў 20.00. На сцэне выступяць між іншым Ilo&Friends, “Разбітае сэрца пацана” ды Lao Che. У18.00 пачынаецца конкурсная частка.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Улі Шубзды

* * *

Лідка Пякарская: Рыхтуем намётавае мястэчка і дасылаем добрыя думкі

  Да фестывалю маладой Беларусі “Басовішча-2018” застаўся адзін дзень. У Гарадку ідзе заключны этап падрыхтоўкі да важнай падзеі. Сёлета фэст будзе праводзіцца ўжо 29-ты раз. Арганізатары паведамляюць пра змены ў канцэртнай праграме і пра працэс падрыхтоўкі. Апошнія падзеі вакол “Басовішча” высвятляе наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч у адной з арганізатарак фестывалю Лідкі Пякарскай.

РР: Як адбываецца арганізацыя фэсту менавіта ў гэтыя дні – перад самім пачаткам?

Лідка Пякарская: Гэта праца больш фізічная, можна сказаць. Трэба падрыхтаваць намётавае мястэчка, каб там можна было паставіць намёты. Падрыхтаваць знакі, каб людзям было лягчэй дайсці ў Барык. Ну і ўпарадкаваць усё, падлічыць кашулькі – колькі вялікіх памераў, колькі малых. Таму такая праца больш фізічная, але ўсё робім разам. Цяжкі тыдзень, але вельмі прыемны.

РР: Наша размова адбываецца напярэдадні фестывалю, дакладней за тры дні. Надвор’е на Беласточчыне, мякка кажучы, не радуе. Магчыма, у кагосьці з’явіліся сумневы, ці ехаць на “Басовішча”. А як самі арганізатары гэта адчуваюць? Бо стварэнне намётавага мястэчка – гэта праца на адкрытым паветры.

Лідка Пякарская: Маем з гэтага стрэс. Праз тое, што падае цэлы час дождж. Але ў мінулыя гады таксама падаў дождж. А ўжо на самое Басовішча – не падаў. Таму мы цяпер дасылаем добрыя думкі, каб гэтага дажджу не было. Маем добрыя думкі.

РР: Як адбывалася запрашэнне гуртоў на сёлетні фэст? Зразумела, што ў кожнага свая гісторыя, дакладней, свая гісторыя супрацоўніцтва з кожным гуртом.

Лідка Пякарская: Напрыклад, “Крамбамбуля”. Запрасілі таму, што яна выйграла ў анкеце, якую мы зрабілі. Яна з першага моманту перамагала. Такім жа чынам мы выбралі “Петлю пристрастия”, яны, па-першае, ніколі не былі на Басовішчы, а па-другое, людзі прасілі гэты гурт запрасіць. Яны вельмі крутыя. Таксама выступіць “Разбітае сэрца пацана”. Я асабіста вельмі хачу іх пабачыць. Я яшчэ ніколі іх не чула ў жывую. Таму мне самой нават вельмі цікава. “Нагуаль” у мінулым годзе зрабілі цудоўны выступ, таму не маглі мы іх не запрасіць сёлета. Яны таксама вельмі ахвотна згадзіліся. “Neuro Dubel” выдаў новы дыск, які вельмі папулярны, таму таксама хацелася б іх пабачыць у нас на сцэне.

РР: Ці можна казаць, што “Петля пристрастия” і “Разбітае сэрца пацана” – гэта доўгачаканыя госці фэсту?

Лідка Пякарская: Так. Мы вельмі шчаслівыя, што ўвогуле змаглі з імі дагаварыцца. Бо ў мінулыя гады, калі мы гаварылі з “Разбітым сэрцам пацана”, то неяк разміналіся. Цяжка было дамовіцца. Але сёлета ўсё будзе ок.

 

РР: Якія яшчэ гурты прымаюць удзел? Можна пералічыць усе.

Лідка Пякарская: Канцэрты пачынаем з конкурсу маладых гуртоў. Выступіць Will’N’Ska, гурт з Вільні, які спявае па-літоўску, таксама па-польску, і спадзяемся, што таксама нешта па-беларуску праспяваюць, бо спробы нейкія ёсць. Выступяць гурты з Падляшша Ostrov і Ilo & Friends. Таксама гурты Lao Che, B:N:, The Glitchhh, які вельмі папуляны ў Польшчы. На іх прыедуць не толькі людзі з Беларусі, але таксама з Польшчы. Выступіць Teleport, які быў пераможцам у мінулым годзе.

РР: Якія змены датычацца конкурснай праграмы?

Лідка Пякарская: Змены вялікія. Нават на “Адборышчы” можна было пачуць, што музыка вельмі мяняецца. Цяпер электронная музыка больш папулярная. Але не ўсім гэта падабаецца. Бо на 8 гуртоў, якія прымалі ўдзел у “Адборышчы” ў Менску, 2 ці 3 увогуле мелі бубны. Таму гэта нешта новае. Не ўсім гэта падабаецца. Маўляў, гэта ўжо не тое Басовішча, якое было раней, дзе гучала пераважна рок-музыка. Але такой музыкі што раз менш.

РР: Ці падазраеце, што з гэтай прычыны можа змяніцца аўдыторыя фестывалю?

Лідка Пякарская: Аўдыторыя, пэўна, крыху памяняецца. Бо многа маладаых людзей з Польшчы кажа: о, гэта штосьці новае, штосьці цікавае. Фестываль бясплатны. Музыка іншая. Таму больш людзей з Польшчы прыязджае. Але фанаты Басовішча прыедуць проста для атмасферы, для самога факту, што ў ліпені заўсёды едуць на Басовішча.

РР: А хто сёлета будзе ў журы на конкурсе?

Лідка Пякарская: У журы будуць тыя ж самыя асобы, што і былі на “Адборышчы” – Ілона Карпюк, Анджэй Байгус (Радыё Беласток), Хрысціна Дарапей, Віталь Зыблюк, Оля Малюшыцкая і, вядома, БАС.

РР: Вы згадалі “Адборышча”. А як сёлета праходзіла “Адборышча”?

Лідка Пякарская: Каля 30 гуртоў падалі заяўкі. Было цяжка выбраць восем. Бо ўзровень сапраўды быў высокі. І былі дыскусіі. Далі мы голас публіцы, гледачам, і яны выбаралі гурт „Колір”. Але, на жаль, гурт „Колір” не прыедзе на Басовішча. Сямейныя справы. Таму іх заступіць гурт “Нурберг” , які таксама меў шмат балаў. Нешта, відаць, памяняем на наступны год. Але, думаю, самае важнае, што мы далі голас публіцы.

РР: Якія спосабы маюць госці фестывалю даехаць да Гарадка? Можа якія змены ў раскладзе прадугледжаны.

Лідка Пякарская: Будуць дадатковыя цягнікі “Беласток – Валілы”. Дакладна гадзіны не памятаю, іх можна праверыць у нас на Фэйсбуку. Таксама варыянт – даехаць аўтобусам. Расклад можна паглядзець у інтэрнэце.

РР: Якая праграма на фестывалі прадугледжана па-за музыкай?

Лідка Пякарская: Будуць працаваць на БАСмежжы 3 крамы: “Мой родны кут”, “Імбрык.бай” і “Модная цішотка”. На БАСмежжы таксама будзе канцэрт польскага панк-гурта “Błękitny nosorożec”. І таксама запланавана падзея для дзяцей – Яанна Троц будзе чытаць казкі па-свойму, на беларускім дыялекце.

Цалкам размова:

З прадстаўніцай Беларускага аб’яднання студэнтаў, адной з арганізатарак фестывалю “Басовішча-2018” Лідкай Пякарскай размаўляў Кастусь Багушэвіч.

* * *

Для гледачоў-наведвальнікаў фестываль бясплатны!

* * *

Відэа з мінулагодняга фестывалю “БАСовішча” прадэманструе вам цудоўную атмасферу гэтага свята музыкі маладой Беларусі.