Сёмы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі
>>Праграма Кангрэса — 2017<<
Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ўпершыню пройдзе ў Варшаве
Сёмы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі адбудзецца 15—17 верасня ў Варшаве, паведамілі ў аргкамітэце па правядзенні мерапрыемства.
Традыцыйна на кангрэсе збяруцца каля 500 навукоўцаў і экспертаў з Беларусі і іншых краін, чакаюцца дыскусіі і прэзентацыі. Акрамя таго, будуць уручаныя прэміі за лепшыя навуковыя публікацыі па выніках 2015 і 2016 гадоў.
Збор заявак на стварэнне секцый і панэляў, а таксама збор намінацый на прэмію кангрэса за лепшую навуковую публікацыю будуць праходзіць па 10 сакавіка. Фінальны спіс секцый будзе вызначаны да 20 мая. Папярэдняя праграма кангрэса стане вядомая да 15 жніўня.
Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі быў заснаваны 6 кастрычніка 2010 года ў Каўнасе на сустрэчы прадстаўнікоў беларускага і літоўскага акадэмічных супольнасцяў. Ініцыятарамі выступілі інстытут „Палітычная сфера”, Інстытут Вялікага Княства Літоўскага і Універсітэт Вітаўта Вялікага.
Мэта кангрэса — развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама спрыянне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічнай і грамадскай супольнасці краіны, рэгіёна і свету. Папярэднія кангрэсы праходзілі ў Каўнасе, сёлета ён упершыню адбудзецца ў Варшаве.
Асноўным акадэмічным партнёрам з польскага боку выступіць Collegium Civitas.
БелаПАН
Веды для супольнай будучыні
З 15 па 17 верасня пройдзе сёмы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. У гэтым годзе ён змяніў сваю традыцыйную лакацыю.
Раней сустрэчы праходзілі ў літоўскім Коўне, але ў гэтым годзе ўпершыню будуць ладзіцца ў сталіцы Польшчы – Варшаве. Арганізатары спадзяюцца, што змена месца таксама паспрыяе і з’яўленню новых тэмаў у навукоўцаў, распавядае доктар палітычных навук ды каардынатар Кангрэсу Андрэй Казакевіч:
– Кангрэс традыцыйна будзе праходзіць па вельмі шырокім спектры тэмаў, якія будуць ахопліваць практычна ўсе сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны – ад эканомікі да лінгвістыкі. Натуральна, знайсці нейкую агульную тэму, якая б аб’ядноўвала каля 600 даследчыкаў, якія прымуць удзел у кангрэсе, складана.
Зразумела, што некаторыя тэмы зараз выклікаюць большую цікавасць. І ў гэтым годзе гэта перш за ўсё звязана з юбілейнымі датамі ў беларускай гісторыі. Гэта, вядома, юбілей беларускага кнігадрукавання, выхад Бібліі Скарыны ў 1517 годзе. І будзе падрабязна разгледжана праблема перакладаў Бібліі на беларускую мову. Досьвед кнігадрукавання, традыцыя кніжная. Акрамя гэтага будуць закранацца ўвогуле праблемы Рэнесанса як эпохі, як культурнага феномену ў беларускай гісторыі. Яго ўплыў на сучасную беларускую культуру і гісторыю, значэнне Рэнесанса ў ВКЛ.
Таксама гэты год юбілейны ў сувязі з Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 года. Гэта таксама значна паўплывала на характар многіх выступаў. Будзе шмат увагі надавацца праблемам гвалту і насілля ў Беларусі ў 20-м стагоддзі. Феномену савецкай ўлады, савецкага тэрору, савецкай ідэнтычнасці для сучаснай Беларусі. Асобныя панэлі будуць прысвечаны такім тэмам як Першы ўсебеларускі народны сход, Брэсцкі мір, – адным словам, увесь комплекс, звязаны з тымі падзеямі, якія былі выкліканы Кастрычніцкай рэвалюцыяй.
Будуць разглядацца і іншыя тэмы, у прыватнасці, калі мы кажам пра сацыяльна–палітычныя дысцыпліны, будуць закранацца праблемы мігацыі, дэмаграфіі, беларускай ідэнтычнасці. Асобная панэль будзе прысвечана “Рускаму свету” і яго новаму ўплыву на наш рэгіён, перш за ўсё праз медыя, праз прапаганду.
Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ўпершыню прайшоў у 2011 годзе. Ініцыятарамі яго правядзення выступілі Інстытут «Палітычная сфера», Інстытут Вялікага Княства Літоўскага і Універсітэт Вітаўта Вялікага.
Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск