VII З’езд беларусаў свету



У Менску адбыўся VII з’езд беларусаў свету

На З’ездзе беларусаў свету, нягледзячы на разнастайнасць яго ўдзельнкаў, якія маюць розныя погляды і перакананні, адчуваецца згуртаваная сіла.

Так лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

– Таму ў мяне пазітыўны настрой. І я бачу агульны настрой усіх беларусаў працаваць дзеля Бацькаўшчыны. Не проста размаўляць, а знаходзіць нейкія канкрэтныя формы, метады працы. Вельмі добра, што ўсе дэлегаты імкнуцца распавесці пра тое, што, дзе, у якой краіне робіцца. Агучваць і тыя праблемы, якія ёсць.

Нам трэба ведаць і праблемы, калі мы хочам, каб Беларусь стала той прыцягальнай Маці – краінай, у якую будуць імкнуцца прыехаць беларусы з розных куткоў свету хоць на дзень ці тыдзень, а можа быць, і назаўжды. Таму вельмі важана адкрытая і шчырая размова, якая адбываецца на з’едзе. Размова з прыцэлам на вынік, – сказала Алена Анісім. 

Па словах прафесара, гісторыка, былога дэпутата Вярхоўнага савету 12 склікання Валянціна Голубева, гэта важнае мерапрыемства і для эміграцыі, і для грамадзянаў Беларусі, і для беларускіх уладаў. Таму што зараз нацыянальныя дзяржавы ва ўсім свеце адчуваюць велізарны ціск як з боку больш моцных дзяржаў, так і з боку рэлігійных структураў, вайсковых аб’яднанняў:

– Мы як 500 гадоў таму, так і сёння знаходзімся на разломе паміж Еўропай і Азіяй. Я не хачу гаварыць ні пра якую Еўразію.  ЕўрАзЭС  – азіяцкі саюз, ён супрацьстаіць Еўрапейскаму саюзу. У гэтым саюзе ідзе Расея. І мы бачым, што сёння яна ва ўсім свеце паставіла за мэту аднавіць свае пазіцыі як гегемона, на нашых прасторах у тым ліку.

Побач з намі прыклад гэтай палітыкі – Україна, і мы бачым, як Расея паступіла, – кажа прафесар Валянцін Голубеў. Але бачыць гэта і кіраўніцтва Беларусі. Яно вымушана ратаваць і сябе, і дзяржаву. І зараз яму неабходна падтрымка. І  чым большая колькасці людзей дасць гэтую падтрымку, тым лепш. І аб’ектаўна атрымалася, што інтарэсы шмат якіх, здаецца, антаганістычных сілаў у Беларусі супалі: галоўнае – гэта захаваць беларускую дзяржаву. Таму Валянцін Голубеў лічыць,  што вынікі сустрэчы беларусаў свету ў Менску будуць карыснымі як для развіцця ўнутры краіны, так і для развіцця беларускаай дыяспары.

Чарговы, 7 – мы З’езд беларусаў свету істотна адрозніваецца ад папярэдніх, – лічыць старшыня Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына” Алена Макоўская. Сусветныя тэндэнцыі моцна ўплываюць на Беларусь і на дыяспару. Свет усё больш глабалізуецца. Расце колькасць дыяспар. Паступова мяняецца іх ацэнка з боку ўладаў і грамадства розных краінаў. 

Алена Макоўская (злева)

Калі раней лічылася, што эміграцыя – гэта негатыўны фактар, то зараз дзяржавы навучыліся з гэтым працаваць. Яны сталі працаваць з гэтымі людзьмі, як са сваеасаблівымі пасярэднікамі, экспертамі, носьбітамі ведаў, прадстаўнікамі мяккай сілы, ці іміджмейкерамі, – кажа Алена Макоўская:

– Калі мы не хочам пераўтварыцца ў правінцыю, а не цэнтр Еўропы, як мы пра гэта заяўляем, калі мы не хочам выпадаць з гэтых сусветных працэсаў, нам трэба максімальна інтэнсіфікаваць узаемадзеянні з беларускай дыяспарай. Так, мы маем сувязь з арганізацыяй беларускай дыяспары. Але мы таксама сведчым пра тое, што каля 3-4 мільёнаў беларусаў жывуць у розных краінах свету і нармальнага, сістэмнага вывучэння што гэта за людзі, не робіцца. І грамадскімі высілкамі зрабіць гэта надзвычай складана.

Таму вельмі важна, каб да гэтай працы падключаліся дзяржаўныя інстытуты, каб арганізаваць сістэмную працу. Як сведчыць міжнародны досвед, шмат пры якіх урадах і парламентах для супрацы з дыяспарамі ствараюцца адмысловыя самастойныя структуры. І гэта  дае плённы вынік. І яшчэ адзін важны фактар – гэта пабудова даверу. З-за савецкай спадчыны такі недавер да тых, хто жыве за мяжой, у Беларусі пакуль яшчэ не пераадолены. Таксама як і недавер з боку часткі дыяспары да ўлады краіны. Таму вельмі важна дабівацца, каб людзі не падзяляліся па палітычных поглядах, па лаяльнасці, а працавалі разам, – лічыць Алена Макоўская.

[Not a valid template]

Беларусь з’яўляецца краінай з найбагацейшай гістарычнай спадчынай, векавечнай духоўна-маральнай традыцыяй і невычэрпным творчым патэнцыялам, адзначыў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы 15 ліпеня на VII з’ездзе беларусаў свету.

Міністр замежных  справаў Беларусі адзначыў, што ў свядомасці грамадзянаў краіны адносна пытання аб яе незалежнасці адбыліся якасныя змены. „Нарадзілася ўжо некалькі пакаленняў, якія жывуць у самастойнай незалежнай дзяржаве. У іх ужо свае погляды на жыццё  і свае меркаванні наконт будучыні нашай дзяржавы. І нават сухая лічба, што зараз больш за 70 адсодкаў насельніцтва хоча жыць у незалежнай дзяржаве, многае значыць. Адбыліся якасныя змены і яны павінны атрымаць сваё далейшае развіццё,” – сказаў Уладзімір Макей.

– Па рознай інфармацыі, ад трох да чатырох мільёнаў нашых суайчыннікаў пражываюць за мяжой. Гэта магутная і велізарная сіла, здольная адстойваць і прасоўваць інтарэсы народа Беларусі і мацаваць незалежнасць дзяржавы. Дарагія сябры, я спадзяюся, што ва ўсіх нас адная мэта: ўмацаванне і росквіт нашай роднай зямлі  – Рэспублікі Беларусь!

Хоць мы ўсе розныя,  у кожнага свой полгляд на жыццё і развіццё краіны, – гэта нармальна. Але ва ўсіх нас галоўная мэта адна, –  не толькі  захаванне, але і ўмацаванне незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта патрабуе ад нас, і грамадзян Беларусі і беларусаў замежжа, аб’яднацца перад наяўнасцю як знешніх, так і ўнутраных выклікаў, – сказаў Уладзімір Макей.   

Апрача кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, сярод ганаровых гасцей з’езда ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік, намеснік міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч, кіраўнікі дыпламатычных місій Вялікабрытаніі і Украіны; прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства адукацыі, Міністэрства эканомікі, Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы, Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Рымска-каталіцкага касцёла, Беларускай грэка-каталіцкай царквы, мусульманскай супольнасці Беларусі.

[Not a valid template]

Добра, што ў апошні час дзякуючы і вашым намаганням гэтыя традыцыі ўсё мацней пачынаюць гучаць у нашым грамадстве„, — звярнуўся Уладзімір Макей да прадстаўнікоў беларускіх дыяспар замежжа.

Міністр адзначыў, што ў Беларусі ў апошнія гады „адрадзіліся традыцыі беларускай вышыванкі”, арнаменты якой сімвалізуюць „мір, дабро і згоду, што заўсёды было галоўным для беларусаў”. Ён станоўча ацаніў той факт, што „гэтыя традыцыі знаходзяць сёння глыбокі водгук у моладзі і з вялікі энтузіязмам падтрымліваюцца беларусамі замежжа”.

Вельмі важна, што нарадзілася ўжо некалькі пакаленняў, якія жывуць у самастойнай незалежнай дзяржаве, — падкрэсліў кіраўнік МЗС. — Яны ўжо маюць свае погляды на жыццё, свае меркаванні наконт будучыні нашай дзяржавы. Нават тое, што сёння больш за 70% падтрымліваюць існаванне самастойнай Беларусі і хочуць жыць у незалежнай Беларусі, — гэта шмат значыць. Лічу, што гэта якасныя змены, гэта павінна атрымаць сваё далейшае развіццё.

Так выйшла, што мы з вамі сёння жывем у розных краінах, у розным культурным асяроддзі. Але ёсць тое, што аб’ядноўвае ўсіх нас, што з’яўляецца нябачнай, але вельмі актуальнай повяззю для ўсіх нас, — любоў да Беларусі, яе культуры, традыцый, духоўнай спадчыны.

Я спадзяюся, кожны з нас адчувае сваю далучанасць да падзей, якія адбываюцца ў Беларусі. Упэўнены, што кожны хоча ўнесці свой унёсак ва ўмацаванне дабрабыту краіны і яе народа, развіццё адносін Беларусі і вашай новай радзімы„, — цытуе дыпламата БелаПАН.

Макей паведаміў, што толькі за мінулы год адбылося каля 500 разнастайных сумесных мерапрыемстваў з удзелам беларусаў замежжа і нацыянальных культурных аб’яднанняў Беларусі. Такая супраца, лічыць ён, „працуе на збліжэнне між дзяржавамі і пашырэнне інфармацыі пра Беларусь”.

Стратэгія развіцця беларускай нацыі і дзяржаўнасці, а таксама ўзаемадзеянне з беларускім замежжам стануць галоўнымі тэмамі VII з’езда беларусаў свету, які пройдзе 15-16 ліпеня ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау.

Арганізатар з’езда — міжнароднае грамадскае аб’яднанне „Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына”.

Вядома, што на з’езд дэлегавана больш за 300 прадстаўнікоў замежнай дыяспары і беларускіх НДА. Запрашэнне на форум атрымалі прадстаўнікі рэлігійных арганізацый, дзяржаўных органаў улады, акрэдытаваныя ў Беларусі замежныя дыпламаты.

[Not a valid template]

Падрабязней з Менска – наш карэспандэнт:

Ужо пачалася нарада з’езда. У Менск прыехалі дэлегаты з 18 краін свету. Сярод удзельнікаў з’езду я бачу ў зале міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Людзей шмат. Не так даўно толькі скончылася рэгістрацыя ўдзельнікаў. Дакладнымі лічбамі я пакуль што не валодаю, але зала дэлегатаў поўная.

РР: Можа, раней ты сачыў за беларускімі афіцыйнымі СМІ, і тое, што сёння міністр замежных спраў прымае ўдзел у з’ездзе, сведчыць пра тое, што змяняецца стаўленне ўладаў да беларускай дыяспары, беларусаў замежжа? Бо дагэтуль яно было, мякка кажучы, нездавальняючае. Гэта кажу я як беларус замежжа.

Так, пагаджуся цалкам, што, беручы пад увагу пацяпленне ў дачыненнях паміж афіцыйным Менскам і краінамі Захаду, відавочна, адбіваецца на тых кроках, якія робяць беларускія ўлады ў бок беларускай дыяспары. І сапраўды ёсць надзеі, што гэтыя сувязі паміж Беларуссю і беларускай дыяспарай будуць толькі паглыбляцца. А тое, што міністр замежных спраў бярэ ўдзел у сёмым з’ездзе – гэта паказчык таго, што ўлада ўсё ж робіць крокі насустрач. Адзінае пытанне: як гэтыя крокі можна ацэньваць? Тут пакажа час.

РР: Ты на месцы. Скажы, які настрой дэлегатаў? Ці з аптымізмам глядзяць на гэты з’езд, на гэтую падзею ў будучыні?

Зразумела, што людзі з узнёслым настроем. Многія даўно не бачылі адзін аднаго. Адчуваецца аптымізм і ёсць спадзяванні ў дэлегатаў, што гэты з’езд можа паўплываць на тое, што сувязі з беларускай дыяспарай будуць паглыбляцца. З’езд мае прыняць доўгатэрміновыя дакументы. І тое, што ў сёмым з’ездзе беларусаў свету бяруць удзел прадстаўнікі афіцыйнай улады, дае надзею на тое, што гэта не будуць толькі пустыя словы.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота Улі Шубзды

* * *

 

VII З’езд беларусаў свету завершыў сваю працу

Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская пераабраныя кіраўніком і старшынёй cавета Міжнароднага грамадскага аб’яднання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Такое рашэнне ў Менску прынялі дэлегаты VII з’езду беларусаў свету.

Двухдзённы форум быў арганізаваны «Бацькаўшчынай», удзел у ім прынялі больш за 300 дэлегатаў з Беларусі і замежжа. Галасаванне па дакументах з’езда і выбары кіраўніцтва прайшлі за зачыненымі дзвярыма без удзелу прэсы і гасцей.

На з’ездах у 2009 і 2013 гадоў і цяпер, у 2017-м, кіраўніком «Бацькаўшчыны» абіралася Алена Макоўская, старшынёй рады — каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская.

“Пашырэнне супрацоўніцтва з беларускім замежжам” – гэта прыярытэт для новаабранага кіраўніка Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай.  Яна запэўнівае, што на працягу чарговых, чатырох гадоў арганізацыя будзе працаваць дзеля паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці.

– Я думаю, што гэта праца на далейшае ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці ў кампаніі “Будзьма беларусамі”. Пошук новых метадаў, ісці ў ногу з часам і шукаць гэтыя эфектыўныя новыя метады дзеля таго, каб працаваць на паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэта першае. А другое, гэта пашырэнне супрацоўніцтва з беларускім замежжам. Мы будзем ставіць пытанне і пра “карту беларуса”, і пра прыняцце ўсіх тых важных прапаноў, якія былі агучаныя ў выніковых дакументах з’езду.

Удзел у VII з’ездзе беларусаў свету, які ў выходныя прайшоў у Менску, узялі больш за 300 дэлегатаў з Беларусі і замежжа. Быў прыняты шэраг рэзалюцый, у тым ліку адносна моўнага пытання.

***

Беларускія дыпламатычныя місіі недастаткова надаюць увагу справам беларускай дыяспары. Такое меркаванне агучыла дэлегат З’езду беларусаў свету Ніна Савіна, якая з’яўляецца старшынёй Асацыяцыі беларусаў Эстоніі. Дыпламаты, маючы інструкцыю супрацоўнічаць з арганізацыямі беларускай дыяспары, часта ствараюць пры пасольствах кішэнныя структуры, – кажа Ніна Савіна.

– У нас зараз вельмі складаная сітуацыя. Дыпламаты, якія прыехалі на з’езд, нібыта маюць загад, што павінны займацца дыяспарай. І што яны зробяць? Яны лічаць, што ёсць свае і не свае. Яны падзеляць на сваіх і чужых. Адных яны запускаюць да сябе ў кішэню, астатнія павінны адыйсці, яны ўвогуле з імі не размаўляюць. Не ведаю, інструкцыя з МЗС прыходзіць, ці гэта іх уласная ініцыятыва.

Са словаў Ніны Савінай, такая сітуацыя не спрыяе плённаму супрацоўніцтву паміж рэальнымі беларускімі культурніцкімі арганізацыямі і пасольствам Беларусі, якое наадварот, павінна было б падтрымліваць беларускую дыяспару і наладжваць нармальныя ўзаемадачыненні з беларускай дзяржавай.

 

Пытанне аб акрэдытацыі беларускіх замежных СМІ ў Беларусі было ўзнятае на з’ездзе беларусаў свету. Дэлегат з’езду, кіраўнік Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа задаў прамое пытанне намесніку міністра замежных спраў Беларусі Вадзіму Пісарэвічу адносна таго, калі з’явіцца магчымасць акрэдытацыі. Аднак Вадзім Пісарэвіч не стаў адказваць на гэтае пытанне, спаслаўшыся на адсутнасць у яго мандату размаўляць з прэсай.

– Усе пытанні дасылайце прэс-сакратару Міністэрства замежных спраў. Я, як супрацоўнік міністэрства, не маю мандата адказваць на гэтыя пытанні пры размове з прэсай. Дасылайце ў Міністэрства замежных спраў. Усе кантакты з прэсай ажыццяўляюцца праз прэс-сакратара МЗС.

Нягледзячы на паляпшэнне ўзаемадачыненняў афіцыйнага Менска з краінамі Захаду, якое адбываецца апошнім часам, пытанне свабоды слова і стварэнне нармальных умоў для працы журналістаў і надалей застаюцца вострай праблемай у Беларусі.

Уражанні ад З’езду беларусаў свету пазітыўныя,- кажа пісьменнік і журналіст Віктар Марціновіч. Пачуццё, як на свяце беларускай музыкі „Камяніца”, калі бачыш тую Беларусь, якая мусіць быць. „Мне здаецца, што змянілася сітуацыя ў краіне. Тое, што 5 гадоў таму было не проста ў заняпаде, а ў напаўлегальным статусе, зрабілася амаль што мэйнстрымам,” – лічыць Віктар Марціновіч.

– Зараз мы назіраем, як чыноўнікі, робячы памылкі ў беларускіх канчатках, спрабуюць дрэнна чытаць па-беларуску, маўляў, мы проста думаем, што вашая беларуская мова не вельмі добрая. Але раней было так, што яны слухалі нас і думалі, ну што за фрыкі, чаму яны кажуць на гэтай незразумелай гаворцы. Так што ўсё змянілася і змянілася, здаецца, да лепшага. Я думаю, што на наступным з’ездзе топавыя беларускія чыноўнікі ўжо будуць казаць без памылак у канчатках, і гэта будзе ўжо зусім музыка для нашых вушэй.

Хоць адначасна не трэба быць занадта даверлівым да гэтых зменаў. У  гісторыі Беларусі стабільных пазітыўных зменаў не было , – нагадвае Віктар Марціновіч. Па яго словах, ніколі не было, каб хвалі білі ў адным напрамку. Але тут важная тэндэнцыя. А яна ўжо выразна акрэслілася – вяртанне нацыянальных каштоўнасцяў, мовы, цікаўнасць да гісторыі. Рух да гэтага ўзмацніўся з канца 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, набірае моц, нягледзячы ні на што, і ідзе ў правільным кірунку. „Таму ў нас, як у краіны, ёсць шанец,” – лічыць Віктар Марціновіч.

Падчас VII З’езду беларусаў свету беларуская супольнасць Швайцарыі перадала парафіі святых Сымона і Алены прах княгіні Магдалены Радзівіл. Ва ўрачыстасці прыняў удзел пробашч парафіі ксёндз-магістар Уладыслаў Завальнюк. Прах са Швайцарыі прывёз Аляксандр Сапега — намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швайцарыі. Летась у ліпені князь Мацей Радзівіл у Менску паведаміў, што праўнукі вядомай беларускай мецэнаткі, княгіні Магдалены Радзівіл пастанавілі перапахаваць яе цела ў Менску — у касцёле святых Сымона і Алены, побач з якім яна жыла. Каб перадаць прах у Беларусь, сям’я таксама звярнулася да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама да пробашча Чырвонага касцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка, якія вельмі зычліва паставіліся да гэтай ідэі. Тым больш, што ўжо раней у Чырвоным касцёле перапахавалі парэшткі фундатара касцёла Эдварда Вайніловіча і англійскага музыказнаўцы, даследчыка беларускай культуры Гая Пікарды.

[Not a valid template]

Стратэгія развіцця беларускай нацыі і дзяржаўнасці, а таксама ўзаемадзеянне з беларускім замежжам сталі галоўнымі тэмамі двухдзённага VII З’езда беларусаў свету, які сёння працягваецца ў Менску.

Зараз праца ідзе па трох секцыях, прысвечаных беларускай дзяржаўнасці, беларускай дыяспары і беларускім мове і культуры.  Працягваюцца дыскусіі па розных праблемах жыцця Беларусі і яе дыяспары. Адзін з выступоўцаў, адвакат са Злучаных Штатаў Амерыкі Юрась Зяньковіч, які эміграваў туды 10 год таму, кажа, што пасля прыезду ў Беларусь бачна, што чуткі пра хуткую смерць беларускай эканомік і самой краіны моцна перабольшаныя.

– Беларусы жывуць хай небагата, але дастаткова годна. Безумоўна існуюць праблемы. Я, як адвакат, як чалавек, які працуе з бізнесам, бачу гэтыя праблемы. У першую чаргу мяне хвалюе стан судовай сістэмы Беларусі. Яна павінна рэфармавацца, і павінны ўводзіцца гарантыі права ўласнасці. Без гэтага вельмі цяжка працаваць з Захадам, вельмі цяжка працаваць з Амерыкай. Сюды амерыканскі капітал не прыйдзе. І нават беларуска-амерыканскі капітал не прыйдзе, калі ў нас не будзе незалежных судоў і гарантыяў права ўласнасці.

Але пазітыўна тое, – адзначае Юрась Зяньковіч, – што ўлады пачынаюць разумець неабходнасць зменаў. Напрыклад, падаецца, што ўлада ўсвядоміла, што дзеля таго, каб яна засталася ўладай, неабходна будаваць беларускую Беларусь, не расейскую, не нейкую іншую, а сваю самастойную дзяржаву, якая засноўваеццца на нацыянальных каштоўнасцях. І рух у гэтым накірунку адчуваецца, – лічыць Юрась Зяньковіч.

Сярод выступоўцаў – прадстаўнік беларускай дыяспары з Беласточчыны, прафесар гісторыі Алег Латышонак:

– Я люблю быць беларусам. Мне гэта падабаецца. Праўда не ўсе гэта любяць, але гэта ўжо іх праблема. Безумоўна хапае нам клопатаў. Мы на Беласточчыне прывыклі жыць сваім жыццём. Пры камунізме наогул мяжа была вельмі моцная, і мы не вельмі арыентаваліся на савецкую Беларусь. Пасля, калі Беларусь стала незалежнай, мы сталі ездзіць туды. Вельмі добра сябе там адчувалі. Калі беларусізацыя ў Беларусі, калі можна так сказаць,  была адмененая, нам нецікава стала. Цяпер ізноў жывем сваім жыццём. Але мы да гэтага прывыклі і выжываем.

На з’езд дэлегавана больш за 300 прадстаўнікоў замежнай дыяспары і беларускіх НДА. Запрашэнне на форум атрымалі прадстаўнікі рэлігійных арганізацый, дзяржаўных органаў улады, акрэдытаваныя ў Беларусі замежныя дыпламаты.

[Not a valid template]

Валянціна Шаўчэнка з Канады на З’ездзе беларусаў свету агучыла жорсткую пазіцыю Згуртавання беларусаў Канады. Адна з прычынаў — сёлетнія падзеі 25 сакавіка ў Менску.

– Ва ўмовах, якія зараз існуюць у Беларусі, мы не бачым магчымасці стасункаў з афіцыйнымі дзяржаўнымі органамі і ўстановамі. Але ж мы ўсёй душой падтрымліваем грамадскую супольнасць. Мы дапамагалі, дапамагаем і будзем дапамагаць тым, хто змагаецца за новую Беларусь. Таму што, на маю думку, патрыёт не той, хто ціха сядзіць і пагаджаецца з усім. Патрыёт той, у каго баліць душа за Радзіму, за мову, за гісторыю. У каго баліць душа за тых, хто сядзіць за кратамі ні за што, проста так, бо камусьці гэтага захацелася.

Старшыня Вярхоўнага Савету 12 склікання Станіслаў Шушкевіч, які ўрачыста адкрываў I з’езд беларусаў свету як кіраўнік дзяржавы ў 1993 годзе, выказаў сваё меркаванне пра сёлетні з’езд.

– Гэта добры з’езд. І пераважная большасць людзей тут мне падабаецца. Але калі заклікаюць быць разам ахвяр і катаў, я гэта не ўспрымаю. А тут тыя, хто бароніць сённяшні беларускі рэжым менавіта пад такімі лозунгамі і прыйшлі на гэты з’езд. І гэта мне не падабаецца. Трэба быць шчырымі. Хопіць хлусні.

Сёння  дэлегаты будуць працаваць у фармаце трох тэматычных секцый: „Беларуская дзяржаўнасць: станаўленне, рэаліі, перспектывы”; „Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння Беларусі ў сучасных умовах”; „Беларуская мова і культура — аснова нацыянальнай дзяржаўнасці”.

У другой палове дня плануецца прыняцце выніковых дакументаў і абранне новага кіраўніцтва арганізацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота Улі Шубзды

* * *

 

Алена Макоўская: Варта падтрымліваць дыяспару

Мяркуецца, што сёлета ў VII з’ездзе Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” возьмуць удзел беларусы з 18-ці краін cвету. Гэты з’езд будзе праходзіць пад слоганам “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці, стратэгіі развіцця”, – кажа кіраўніца “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская:

– Падрыхтоўка ідзе, падрыхтоўка ідзе як звычайна вельмі напружана, асабліва перад форумам такога ўзроўню. Мяркуем, што ў з’ездзе будуць браць удзел прадстаўнікі каля 18-ці краін. Цяпер самы гарачы перыяд, бо да з’езда засталося літаральна некалькі дзён, адбываюцца нейкія змены ў праграме і ў складзе ўдзельнікаў. Адбываюцца нейкія форс-мажоры, калі людзі не могуць прыехаць, адбываецца замена пратаколаў і ўдзельнікаў, але тым не менш падрыхтоўка ідзе. З’езду быць.

РР: Што будзе на парадку дня?

– Як звычайна гэты з’езд, як і мінулыя з’езды, ён мае сваю мэту – гэта беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа, выклікі сучаснасці, стратэгія развіцця. Усяго падчас з’езду будзе працаваць тры секцыі. І мы думаем, што гэтыя секцыі найбольш поўна раскрыюць тэму з’езда. Першая секцыя будзе прысвечаная беларускай дзяржаўнасці – станаўленне рэалій і перспектывы. Другая будзе больш практычнага характару: Беларуская дыяспара і Беларусь – стратэгія ўзаемадзеяння. І трэцяя, якая скіраваная на культурны аспект: Беларуская мова і культура – аснова нацыянальнай дзяржаўнасці. Зараз тэндэнцыя такая, што ў сувязі з глабалізацыяй мяняюцца ролі і месцы дыяспары. Тыя краіны, якія пачынаюць першымі ўсведамляць гэтыя працэсы, хутчэй рэагуюць і пачынаюць выкарыстоўваць у сваёй знешняй палітыцы, яны выйграюць. Мы бачым гэта на шмат якіх прыкладах: Ірландыя, Кітай, Індыя. Пры вялікай колькасці людзей, якія пражываюць унутры краіны, тым не менш яны вядуць прагматычную і ўзважаную палітыку адносна сваіх суайчыннікаў за межамі. Нам падаецца, калі мы не будзем ісці гэтым шляхам, то нашай краіне наканавана стагнацыя ва ўсіх сферах. Беларусы выязджаюць, дыяспара павялічваецца. Мяняецца роля дыяспары, бо раней яна ацэньвалася ў крыху негатыўным рэчышчы. Мне падаецца, што цяпер Беларусі дыяспара патрэбна больш, чым дыяспары Беларусь. Вельмі важна падтрымліваць дыяспару, будаваць масты ды пашыраць супрацоўніцтва.  

РР: Вы прыгадалі, што іншыя краіны падтрымліваюць дыяспару выдачай адмысловых дакументаў. Здаецца такая ініцыятыва ўзнікала і ў Беларусі? Дзяржава распрацоўвала “Карту суайчынніка”.

– Не, гэта ідэя ўзнікла менавіта ў “Бацькаўшчыны”, як раз сярод беларускай дыяспары. Мы абмяркоўвалі не адзін з’езд і аднойчы звярталіся да ўраду менавіта з тым, каб было прынята пасведчанне, якое можна як заўгодна назваць. Дзяржава зрабіла першы крок, бо прыняты ў 2014 годзе закон „Аб беларусах замежжа”. Але гэты закон больш дэкларатыўны і ён фактычна з’яўляецца падмуркам, на якім павінны будавацца больш практычныя падзаконныя акты і нейкія дакументы, якія павінны раскрываць змест гэтага закона. У дадзеным выпадку не аднойчы гучала прапанова менавіта пра стварэнне такога “Пасведчання беларуса”. Гэта пасведчанне не толькі б дало магчымасць наладзіць узаемадзеянне, але і разумець, што з сябе ўяўляе дыяспара, хто гэтыя людзі. Як мы можам казаць пра выдачу нейкіх віз, калі мы не ведаем каму мы іх выдаем. Абсалютна на іншым узроўні павінна адбывацца праца амбасад. Мы казалі пра тое, што варта, каб былі людзі адказныя за супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай. Наперадзе напэўна вельмі шмат працы, трэба з чагосьці пачынаць. Першым практычным крокам стала б прыняцце гэтага дакумента, які б даваў дадатковыя магчымасці тым беларусам, якія пражываюць у замежжы, што яшчэ больш узмацніла б іх сувязь са сваёй краінай.    

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Паводле Алены Макоўскай, адной з задач VII з’езду Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” стане абмеркаванне ўмоў для наладжвання ўзаемадзеяння беларускай дыяспары са сваёй краінай не толькі ў культурнай, але таксама ў эканамічнай сферы.

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

 

Макей паабяцаў разабрацца, чаму не пусцілі ў Беларусь архіепіскапа Логіна

  Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паабяцаў разабрацца ў інцыдэнце з дэлегатам 7-га З’езду беларусаў свету, грамадзянінам Канады, архіепіскапам Беларускай аўтакефальнай царквы Святаславам Логінам.

Ён спрабаваў уехаць у Беларусь з тэрыторыі Украіны, але беларускія памежнікі не дазволілі яму перасекчы мяжу:

– Міністэрства замежных спраў не адказвае за прапускны рэжым на мяжы. Але я паабяцаў, што мы зараз паспрабуем удакладніць сітуацыю і выясніць у чым там праблема.

Так міністр Замежных спраў Беларусі Уладзімр Макей адказаў на пытанне Радыё Рацыя.    

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * *

 

Алена Глагоўская: Не падзяляю аптымізму дэлегатаў з’езду

Гісторык з Польшчы Алена Глагоўская пастаянна ўдзельнічае ва ўсіх з’ездах беларусаў свету ў Менску. Па яе словах, атмасфера вакол гэтых з’ездаў і ўвогуле стаўленне ўладаў да беларушчыны з кожным годам пагаршаліся. Толькі ў апошні час з’явіліся прыкметы „пацяплення”. Але ці спраўдзяцца спадзяванні? Алена Глагоўская пакуль не бачыць падстаў верыць словам прадстаўнікоў беларускай улады.

Алена Глагоўская (другая злева)

Алена Глагоўская: Я была на ўсіх з’ездах. На мінулы з’езд доўга выдавалі візы. Трэба было паўдня чакаць у Беластоку. На гэты з’езд, на шчасце, я ўжо мела візу, прыватную, купленую за 60 еўра. Але сяброўка Ганна Сабэцкая, якая ехала як дэлегат, мусіла 4 разы хадзіць у консульства, каб атрымаць гэтую візу. А мне давялося пісаць і даказваць, што гэта вельмі заслужаная для беларускай культуры перакладчыца і журналістка, якая мае праблемы з атрыманнем візы. Таму гэтыя іх дэкларацыі, каб пераходзілі да дыялогу, нагадваюць мне сітуацыю, калі мне ў студзені не далі візы на канферэнцыю, прысвечаную Браніславу Тарашкевічу ў Акадэміі навук Беларусі, дзе я мела выступіць з рэфератам, які, дарэчы, ужо апублікавала.

РР: Не далі візы ў гэтым годзе? Як патлумачылі адмову?

Алена Глагоўская: Так, у гэтым. Ніхто нічога не тлумачыў. Не далі і ўсё. А калі мне пару гадоў таму не далі візы і я напісала ліст, каб мне патлумачылі такое рашэнне, то ніякага адказу мне не далі. Таму пра які дыялог тут можа ісці размова?..

РР: То бок, вы не падзяляеце аптымізму дэлегатаў?

Алена Глагоўская: Абсалютна не. Я ўжо чалавек сталага веку, маю вялікі досвед у дачыненнях да беларусаў замежжа і таго, што тут адбываецца. Я проста памятаю часы, калі можна было свабодна прыехаць у Беларусь. І калі я фактычна не буду мець праблем з наведваннем гэтай краіны, то змагу сказаць, што насамрэч нешта змянілася.

РР: А цікава вам на гэтым з’ездзе?

Алена Глагоўская: Так. Я была на ўсіх з’ездах беларусаў свету. Больш за тое, былі з’езды, падаецца, ад першага да пятага, калі я нават выпрацоўвала дакументы тых з’ездаў. Таму лічу, што на такім мерапрыемстве трэба быць незалежна ад поглядаў і пазіцый. Іншага такога форуму папросту няма.

РР: Такі форум ставіць дыягназ, у якім стане справа беларушчыны ў свеце. Што вы бачыце? Крыху ажывае беларушчына ці застаецца ўсё на месцы?

Алена Глагоўская: Я лічу, што цяпер яшчэ горш, чым было. Тут ёсць добрая перспектыва для назірання. Па-першае, узрост ужо такі, калі можаш штосьці сказаць. Па-другое, досвед і назіранні на працягу канца 80-х гадоў – сённяшні дзень. Я езджу ў Беларусь дзесьці 30 гадоў. Пастаянна гэта бібліятэкі, архівы, канферэнцыі. І я наогул аптымістка. Але ў сённяшняй сітуацыі гэты аптымізм усё цяжэй даецца. Таму хацелася б, каб усё было добра. Але, паводле мяне, няма тут аптымізму.

Слухайце поўны гук у далучаным файле.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * *

Архіепіскапа БАПЦ упусцілі ў Беларусь пасля ўмяшання МЗС

Як паведаміў святар БелаПАН, у ноч на 15 ліпеня ён накіроўваўся на VII з’езд беларусаў свету з Украіны на аўтобусе. На памежным пераходзе «Новая Гута» Логіна высадзілі з аўтобуса і паставілі ў пашпарце штамп аб забароне ўезду на беларускую тэрыторыю. Прычыну забароны святару не назвалі.

15 ліпеня Логіну патэлефанавалі з МЗС і паведамілі, што ён можа ўехаць у краіну. «Памежнікі вельмі здзівіліся, калі ўбачылі мяне зноў, але прапусцілі», — сказаў Логін.

У суботу інфармацыя аб інцыдэнце была агучана на з’ездзе беларусаў свету ў Менску, дзе прысутнічаў міністар замежных спраў Уладзімір Макей.

***

Сталі вядомыя падрабязнасці забароны ўезду ў Беларусь дэлегату VII з’езду беларусаў свету, які праходзіць у Менску. Нагадаем, што 14 ліпеня на памежным пункце пропуску “Новая Гута”, што ў Гомельскай вобласці, быў затрыманы сябра Вялікай Рады Згуртавання Беларусаў Свету “Бацькаўшчына” архіепіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы а. Святаслаў (Логін).

Ён мае ўкраінскае грамадзянства, але стала жыве ў Злучаных Штатах.

Вось як сам айцец Святаслаў патлумачыў магчымыя прычыны свайго затрымання:

– Я ехаў на з’езд “Бацькаўшчыны” як дэлегат, як сябра Вялікай Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету. Быў спынены на памежным пункце “Новая Гута”. Мне заявілі, што ўезд у Беларусь мне забаронены. Мне сказалі, што яны не ведаюць ні прычыны гэтай забароны, ні тэрміну, на які гэтая забарона дзейнічае.

Беларусь з кожным годам здае свае дзяржаўныя пазіцыі Расеі. Мяркую, што мая забарона на ўезд у Беларусь паходзіць менавіта з Расеі, з ФСБ.

Тым часам на З’ездзе беларусаў свету выступіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. У сваім выступе ён зазначыў, што беларусы, якія жывуць за мяжою – магутная вялізарная сіла, якая можа спрыяць умацаванню і росквіту Беларусі.

* * * 

14 ліпеня каля 18:00 на ўездзе ў Беларусь ў памежным пункце пропуску “Новая Гута” (Гомельская вобласьць) быў затрыманы сябра Вялікай Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына” архіяпіскап Сьвятаслаў Логін (БАПЦ), які ехаў на 7-ы з’езд гэтай арганізацыі.

Яму было заяўлена пра забарону ўезду ў Рэспубліку Беларусь, а таксама пастаўлены адпаведны штамп у пашпарт. Архіяпіскапа завярнулі назад ва Ўкраіну ў памежны пункт “Новыя Ярылавічы”. Беларускія памеженкі паводзіліся карэктна, але прычыны забароны ўезду ў Беларусь беларускаму сьвятару, як і тэрміну забароны назваць не змаглі, з іхных словаў, яны гэтага проста ня ведаюць.

Гэтую інфармацыю пацвярджае карэспандэнт нашага радыё Марцін Война.

Варта таксама прыгадаць, што пасля падобнага затрымання арх. Сьвятаслава два гады таму, МУС РБ у сваім электронным адказе адмовілася назваць прычыну і тэрмін забароны яму ўезду ў Беларусь. Магчыма пастанова пра забарону ўезду арх.Сьвятаслава  прымала ФСБ РФ, бо 3 сакавіка 2015 г. Беларусь падпісала пагадненне з РФ аб узаемным вызнанні адмовы ва ўездзе на тэрыторыю дзяржаў-удзельнікаў гэтае Дамовы.

Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін кажа, што такіх чарнігаўцаў, якім адмовілі ва ўездзе ў Беларусь, ужо болей тысячы і прыводзіць узор адмовы МУС РБ аднаму з жыхароў Чарнігава.

Беларускае Радыё Рацыя

* * *