XVII ТРЫЯЛОГ «Ці Бог не разумее па-беларуску?»



ПЯТНІЦА, 26 жніўня

18:00 мастацтва / Галерэя Крынкі (вул. Ю. Пілсудскага 6) / «Паганства» Андрэй Лянкевіч (BY)

 

СУБОТА, 27 жніўня Каўказская сінагога (вул. Ю. Пілсудскага 5)

дыскусія «Ці Бог не разумее па беларуску?» / мадэратар: Міхал Андрасюк (PL)

10:00 літаратура / Уладзімер Арлоў (BY), Барыс Пятровіч (Сачанка) (BY), Павал Севярынец (BY) 12:00 культура / Ірына Дубянецкая (BY), Уладзімір Паўлючук (BY), Аляксей Фралоў (BY) 14:30 рэлігія/ Архімандрыт Гаўрыіл (PL), Сяргей Сурыновіч (BY), Георгій Рой (BY) 18:30 музыка / «Беларускія духоўныя сьпевы і Лекавыя травы» Re1ikt i Сяржук Доўгушаў (BY) 20:00 мастацтва / Марта Марыянская (PL) «Сплятанне» 20:30 музыка / «Міняцюры» Міхал Яцашэк i Port Mone (PL/BY)

14054384_1105991062779962_2955579115110104527_o

* * *

“Ці Бог не разумее па-беларуску?” Пад такім назовам сёлета пройдзе Беларускі Трыялог у мясцовасці Крынкі на Падляшшы. Мерапрыемства, якое традыцыйна спалучае культуру, мастацтва і літаратуру, было запачаткавана каля двух дзясяткаў гадоў таму выбітным беларускім і польскім пісьменнікам і публіцыстам Сакратам Яновічам. Пасля смерці творцы, яго вырашылі працягнуць у межах дзейнасці Фонду Villa Sokrates.

Liavon-Tarasevich

Старшыня фонду, мастак Лявон Тарасэвіч расказаў пра тое, чаму абраны такі назоў сёлетніх сустрэчаў:

– Сакрат у 1981 годзе напісаў артыкул пад такім загалоўкам і, думаю, ён і сёння актуальны. Калі робім сустрэчы Трыялогу ў Крынках, то даём такія тэмы, якія перадусім цікавяць нас. Хочам, каб на гэтую тэму была дыскусія розных людзей, з розных бакоў – і рэлігійнага, і літаратурнага, і культурнага, бо толькі праз абмен думак будуецца культура. І, думаю, – гэта галоўная спадчына, якую пакінуў нам Сакрат. Самае важнае, каб была група творчых людзей. На наступны год мы хочам зрабіць Трыялог пад загалоўкам: “Літва, Айчызна мая”. Бо ёсць людзі, якія не ведаюць, што такое гістарычная Літва, дзе яна знаходзілася. А з Літвы вырасла Беларусь. Нават дзецям не тлумачаць, чаму Адам Міцкевіч напісаў гэтыя радкі: “Літва, Айчызна мая”. Мы штогод хочам рабіць сустрэчы Трыялогу на тэмы, якія для нас цікавыя, і хочам пачуць меркаванні аўтарытэтных людзей.

РР: Хто сёлета будзе ўдзельнічаць у Трыялогах, як увогуле адбіраліся гэтыя ўдзельнікі?

Лявон Тарасэвіч: Прымуць удзел вельмі цікавыя людзі. Перадусім, гэта святары – Георгій Рой і Сяргей Сурыновіч. Мы хочам узняць рэлігійныя пытанні. Зараз мы з’яўляемся дыяспрай, хоць жывём на сваёй зямлі. З другога боку, нас цікавяць і культурныя пытанні. У Трыялогах прымуць удзел пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч. А вынікам нашых дыскусій стане выхад чарговага нумара часопіса Annus Albaruthenicus.

РР: Як мясцовыя жыхары ўспрымаюць Трыялогі, ці прыходзяць яны на гэтыя дыскусіі?

Лявон Тарасэвіч: Многія прыходзяць, але трэба мець на ўвазе, што культура не ўсіх цікавіць. Але нікога не трэба прымушаць. І трэба ўлічваць, што людзі, якія цяпер жывуць у Крынках, прыехалі сюды, а не жывуць тут з пакалення ў пакаленне.

Галоўнае, што мы як і раней збіраемся ў хаце Сакрата Яновіча пры каве пад ягонай яблынькай і дыскутуем. Вось гэта мусіць існаваць.

Dom-Sakrata-Janovicha

РР: Дом, дзе зараз месціцца Фонд Villa Sokrates, наколькі ён адчынены для кожнага?

Лявон Тарасэвіч: Кожны з нас заняты сваімі прафесійнымі справамі. Але самае галоўнае для нас – зберагчы гэты дом, каб ён заставаўся і домам-музеем Сакрата і месцам жывым, дзе праходзяць сустрэчы, дыскусіі. Мы адкрытыя для прапаноў.

Удзел у Трыялогу возьмуць літаратары Уладзімір Арлоў і Барыс Пятровіч, святары – Георгій Рой і Сяргей Сурыновіч, багаслоў і філосаф Ірына Дубянецкая ды іншыя асобы.

Асноўныя дыскусіі пройдуць у суботу 27-га жніўня ў будынку Дома культуры ў Крынках, а ўжо сёння а 18-ай гадзіне ў Галерыі “Крынкі” пабачым выставу беларускага фатографа Андрэя Лянкевіча “Паганства”. Па выніках Трыялогу плануецца выдаць чарговы нумар часопіса Annus Albaruthenicus.

З Лявонам Тарасэвічам гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарку слухайце ў далучыным гукавым файле.

Фота Яны Запольскай