XVIII Беларускі Трыялог у Крынках
XVIII ТРЫЯЛОГ / КРЫНКІ 2017 / «Litwo! Ojczyzno moja!»
ПЯТНІЦА, 1 верасня 17:00 мастацтва Галерэя Крынкі – вул. Ю. Пілсуцкага 6 «Od René Magritte’a do Nożownika z Krynek» Ян Грыка (PL)
18:30 тэатр Каўказская сінагога – вул. Ю. Пілсуцкага 5 «Pudełko. Odczynianie guseł Mirona Białoszewskiego» Павал Пассіні, Яцэк Копціньскі (PL)
СУБОТА, 2 верасня
Дыскусія Каўказская сінагога – вул. Ю. Пілсуцкага 5 мадэратар: Кшыштаф Чыжэўскі (PL)
10:00 літаратура Анатоль Брусевіч (BY), Людміла Рублеўская (BY), Радаслаў Раманюк (PL), Земовіт Шчэрэк (PL)
12:00 гісторыя Яўген Мірановіч (PL), Павал Коваль (PL), Вінцук Вячорка (BY)
14:30 культура Аляксандар Краўцэвіч (BY), Анда Ротэнбэрг (PL), Андрей Струмілло (PL), Бронюс Маркаўскас (LT)
18:00 музыка Каўказская сінагога – вул. Ю. Пілсуцкага 5 «Kwiaty» Яцашэк з Ганяй Маляроўскай (PL)
Караліна Ціха і Барт Палыга (PL)
Уваход бясплатны
* * *
XVIII TRIALOH / KRYNKI 2017
piątek 1 września SZTUKA godz. 17:00 / Galeria Krynki – ul. J. Piłsudskiego 6 «Od René Magritte’a do Nożownika z Krynek» Jan Gryka (PL)
TEATR godz. 18:30 / Synagoga Kaukaska – ul. J. Piłsudskiego 5 «Pudełko. Odczynianie guseł Mirona Białoszewskiego» Paweł Passini, Jacek Kopciński (PL)
sobota 2 września DYSKUSJA «Litwo! Ojczyzno moja!» Synagoga Kaukaska – ul. J. Piłsudskiego 5 Moderator: Krzysztof Czyżewski (PL)
godz. 10:00 Literatura Anatol Brusiewicz (BY), Ludmiła Rubleuskaja (BY), Radosław Romaniuk (PL), Ziemowit Szczerek (PL)
godz. 12:00 Historia Eugeniusz Mironowicz (PL), Paweł Kowal (PL), Wincuk Wiaczorka (BY)
godz. 14:30 Kultura Alaksandr Kraucewicz (BY), Anda Rottenberg (PL), Andrzej Strumiłło (PL), Bronius Makauskas (LT)
MUZYKA Synagoga Kaukaska – ul. J. Piłsudskiego 5 godz. 18:00 «Kwiaty» Jacaszek Feat. Hania Malarowska (PL) godz. 19:30 Karolina Cicha & Bart Pałyga (PL)
Wstęp wolny
FUNDACJA VILLA SOKRATES • SOKÓLSKA 9, 16-120 KRYNKI • NIP 545 17 95 234 • VILLASOKRATES.PL
Organizator: Fundacja Villa Sokrates w Krynkach
Współorganizator: Muzeum Podlaskie w Białymstoku Partnerzy: Urząd Miasta Krynki, Gminny Ośrodek Kultury w Krynkach, Białoruskie Centrum Informacyjne
Dofinansowano ze środków Narodowego Centrum Kultury w ramach Programu Narodowego Centrum Kultury – Kultura – Interwencje
Zrealizowano dzięki Ministrowi Spraw Wewnętrznych i Administracji Zrealizowano przy wsparciu finansowym Województwa Podlaskiego
Wystawę w ramach XVIII Trialogu dofinansowano ze środków Ministra Kultury i Dziedzictwa Narodowego
* * *
Літва, мая Айчына?
Гэтыя словы Адама Міцкевіча ведае і памятае бадай кожны паляк і многія беларусы. Я сам упершыню пазнаёміўся з «Панам Тадэвушам» у школьныя гады, але прачытаў твор даволі неахвоча, як усё, што робіцца паводле загаду, бо гэта быў абавязковы элемент школьнай праграмы. Тады не было і не магло быць у падлетка таго паглыбленага разумення твора, якое з’явілася пасля, разам з накапленнем уласнага жыццёвага досведу, у тым ліку – эмігранцкага. Аднак з прычыны сваёй маляўнічасці і меладычнасці, малітоўна-пафасны заклік – інвакацыя, а таксама шэраг фрагментаў твора, моцна ўрэзаліся ў памяць, і нават зараз, пасля больш як паўстагоддзя, магу іх свабодна дэкламаваць. «Пан Тадэвуш», першапачаткова прыняты без асаблівага энтузіязму, толькі з часам стаў для палякаў народнай эпапеяй, і зараз лічыцца шэдэўрам літаратуры і культуры, культавым творам Адама Міцкевіча, дэкларацыяй глыбокага патрыятызму. На ім выхоўваюцца чарговыя пакаленні палякаў. Літаратурныя крытыкі лічаць, што паэма «Пан Тадэвуш» аказалася звышчасовай: яна дасканала адлюстроўвае нацыянальны характар палякаў, якія поўныя супярэчнасцяў: ад сварлівасці і крайняга эгаізму, да палымянага, ахвярнага патрыятызму. Важна таксама адзначыць, што 17 гадоў таму эпапею Міцкевіча творча разгарнуў у выглядзе кінафільма знакаміты польскі рэжысёр – Анджэй Вайда. Я паглядзеў фільм жывучы таксама па-за роднымі мясцінамі, хаця недалёка, у чэшскай Празе.
ПАЧЫНАЕМ ДАРАЖЫЦЬ КАЛІ СТРАЦІМ
Эпапея «Пан Тадэвуш», гэта непасрэднае наступства эміграцыі. Ёсць усе падставы меркаваць, што паэт вельмі дрэнна пачуваў сябе на выгнанні ў Францыі. Эміграцыя яму абрыдла. Ён не любіў Парыжа, не зважаючы на прыгажосць горада. Таму больш чым бягучым жыццём ён жыў успамінамі, найперш з маладосці. Як любіў паўтараць Сакрат Яновіч, „каб добра пісаць, трэба адчуваць сябе няшчасным”; і Міцкевіч якраз адчуваў сябе нешчаслівым. Ён быў эмігрантам і палітычным уцекачом, але яго не вярнулі з мяжы назад! (Хай пра гэта памятаюць тыя палякі, у якіх мільёны суайчыннікаў рассеяных па ўсім свеце, але самі яны не хочуць прыняць да сябе нават адной сям’і ўцекачоў!) Праўда гэта ці не, што няшчасце – натхняе, але калі б Міцкевіч заставаўся на Радзіме, дык можна з упэўненасцю сказаць, што мабыць не было б гэтага твора наагул. У пралогу эпапеі Міцкевіч пісаў абсалютна шчыра:
„Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!… Што варта ты, ацэніць той належным чынам, Хто цябе ўтраціў. Вось красу тваю жывую, Зноў бачу і апісваю, бо скрозь сумую”.
Пішучы «Пана Тадэвуша» на „парыжскім бруку”, сярод будынкаў і вуліц вялізнага горада, Міцкевіч не бачыў родных краявідаў ужо 10 гадоў. Ён сумаваў за роднымі мясцінамі і кожны фрагмент таго роднага краявіду станавіўся для яго больш каштоўным чым тады, калі там жыў і выхоўваўся. Цудоўныя, жывыя колеры, якімі вымалёўваў Айчыну, выплывалі з вялікай любові і шматгадовай разлукі з Бацькаўшчынай.
За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасць Адам Міцкевіч правёў 5 гадоў у ссылцы, аднак не ў Сібіры, але ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Адэсе і на Крыме. Пакінуў Расійскую Імперыю у 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцця ў выгнанні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, а затым перабраўшыся ў Парыж. У матэрыяльным сэнсе жыў адносна няблага, будучы выкладчыкам славянскай літаратуры ў Калеж-дэ-Франс, ды „не адным хлебам жыве чалавек…”. Будучы ў Парыжы, у 1832-34 гадах ён і напісаў сваю эпапею «Пан Тадэвуш». Якраз поўнай паразай завяршылася, ужо другое пасля паўстання на чале з Тадэвушам Касцюшкам, Лістападаўскае паўстанне. Яно ставіла перад сабою за мэту аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772-га года. Атрымалася ўсё наадварот: была скасавана нават пэўная аўтаномія таго невялічкага „Польскага каралеўства” ў рамках Расійскай Імперыі. У рамках рэпрэсій быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, у якім вучыўся Адам Міцкевіч. За мяжу ўцяклі не толькі многія ўдзельнікі паўстання, пазбаўленыя маёнткаў арыстакраты, але і тыя, каму пагражалі рэпрэсіі. Неўзабаве была скасавана Берасцейская вунія, было адменена дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588-га года, і пачалася дэпаланізацыя і русіфікацыя тае паланізаванай „Літвы”. Будучы ў Парыжы Міцкевіч чуў і бачыў бясконцую грызню, гарачыя дыскусіі вакол мэтазгоднасці паўстання і ўзаемныя абвінавачанні. Яму хацелася падбадзёрыць выгнаннікаў, падтрымаць патрыятычныя пачуцці, аб’яднаць эмігрантаў і народ вакол ідэі далейшай барацьбы за незалежнасць. Варта звярнуць увагу на гэтую важную акалічнасць. У канцы паэмы, маючы на ўвазе страчаныя рэшткі дзяржаўнасці, Міцкевіч атоесамлівае сябе з Польшчай і палякамі.
„Мы ў свеце, як няпрошаныя госці, У будучым, і ў тым, што на пагосце, Адзіны край такі існуе ў Бога, Дзе шчасця для паляка ёсць нямнога: Дзяцінства край! Ён прад вачыма ўстане, Святы і чысты, як першае каханне”.
Інакш кажучы, калі паэт мае на ўвазе незалежніцкія, вызвольныя памкненні, ён кажа пра Польшчу і палякаў да якіх далучае і сябе. Міцкевіч, пра якога з націскам гаворыцца, што ён ніколі не пабываў ні ў Варшаве, ні ў Кракаве, адчуваў сябе грамадзянінам і спадкаемцам звыш 400-гадовай традыцыі шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Беларуска-літоўская шляхта, з якой паходзіў паэт, даўно была паланізаванай і лаяльнай у дачыненні да Кароны-Польшчы, аднак захоўвала пачуццё гонару з адметнай гісторыі тае „Літвы”.
„Лёс дзіўны Польшчы і Літвы. Яны ў пакуце, і ў шчасці так жылі, Як з жонкай муж – сям’ёю!”
– кажа ў паэме Гервазы.
„МАЛАЯ АЙЧЫНА”
Аднак у асноўным, будучы ў эміграцыі, Адам Міцкевіч сумаваў за сваёй Наваградчынай і марыў аб вяртанні на сваю „малую Айчыну”. У «Пану Тадэвушу» ён ідэалізуе і сакралізуе гэтую страчаную Радзіму і ўжо ў пралогу вымалёўвае яе прыгажосць. Паэт прадстаўляе Сапліцова як „аркадыю” – краіну вечнага шчасця, дзе няма турботаў і праблемаў, а жыццё бяжыць сваім спакойным, упарадкаваным рытмам. „Малая Айчына”, гэта месца асабліва важнае, з якім звязаныя галоўныя, жыццёвыя ўспаміны. Гэта можа быць краіна дзяцінства, дзе чалавек рос і фармаваўся, пазнаваў свет і даспяваў. „Малая Айчына”, можа займаць большую альбо меншую прастору. Яна не мае дакладных межаў, затое мае сваю адметнасць. Гэтую адметнасць ствараюць не толькі месцы, але і людзі са сваёй культурай, гісторыяй, традыцыямі і вераваннямі. Гэтыя месцы, асабліва блізкія сэрцу, адыгрываюць міфатворчую ролю, спрыяюць ідэалізацыі ўспамінаў і ўзбуджаюць настальгію. „Малыя радзімы” з’яўляюцца моцнай інспірацыяй для творчых людзей. Яны дазваляюць адарвацца ад зменлівай, няпэўнай будзёншчыны ў пошуках даўняга шчасця, прастаты, высокай маралі і тоеснасці: нацыянальнай, этнічнай, рэгіянальнай і грамадзянскай. Міцкевіч моліцца да Маці Божай:
„Як Ты ў жыццё мяне калісь вярнула цудам… Так нас вярні з выгнання на зямлю Айчыны, Перанясі душу маю адсюль, з чужыны, Да ўзгоркаў тых лясных, да тых лугоў зялёных, Над сінім Нёманам раскінутых, прымглёных, Да тых палёў, размаляваных пад блакітам, Пшаніцай залатой ды серабрыстым жытам, Тых, дзе свірэпка, як бурштын, у грэчцы белай, Дзе рдзее дзятлавінка дзеўчынкай нясмелай, А ўсё абведзена, бы стужкаю, мяжою, З ігрушкай-дзічкай, што стаіць там сіратою…”.
Сам Міцкевіч прызнаў, што ў «Пану Тадэвушу» ён прадставіў ідэалізаваную, міфічную краіну, якой у такім выглядзе ніколі не было. Але ж, з другога боку, не падлягае сумневу, што гэтак маляўніча і пераканаўча мог Міцкевіч прадставіць прыроду і рэаліі жыцця месцаў, якія па-сапраўднаму любіў, гэта значыць, роднай Наваградчыны. У паэме бачым дакладныя інтэр’еры шляхецкага двара і замка, каларытныя індывідуальныя і групавыя партрэты. З вялікай любоўю да свайго народа Міцкевіч паказвае прывабнасці і слабасці шляхецкага жыцця, гаворыць аб непазбежнай змене пакаленняў, аб неабходнасці аднаўлення маральнага аблічча нацыі.
Адам Міцкевіч слушна лічыцца заснавальнікам новага кірунку ў польскай літаратуры –рамантызму. Ён з вялікай увагай паглыбіўся ў народнае сэрца, адлюстраваў жывы дух народнага светаразумення. Натуральнасць сялянскага побыту, вера ў таямнічыя сілы і прыкметы фармавалі ў народзе высокі маральны патэнцыял, рабілі патрыярхальна-кансерватыўную традыцыю эталонам паводзін. Такі аспект паэт лічыў важнейшым за сацыяльна-побытавую адметнасць беларускага сялянства. Вобраз русалкі – адзін з самых загадкавых у народнай дэманалогіі. Ужо сама па сабе сувязь русалкі з вадой, лесам і полем, прыналежнасць, з аднаго боку, да свету памерлых, а з другога – да духаў прыроды, няпэўнасць у адносінах да дабра і ліха, утвараюць вакол гэтай істоты своеасаблівую аўру звышнатуральнасці, якая не магла не прывабіць таленавітага літаратара.
КАМУ НАЛЕЖЫЦЬ МІЦКЕВІЧ?
Да выдатных людзей ахвоча прызнаюцца і лічаць іх сваімі ўсе, абгрунтавана альбо і цалкам беспадстаўна. Шмат гаворыцца пра натхняльнае, вялікае значэнне Міцкевіча для Беларусі, Літвы, Украіны, балканскіх краін, а таксама для татарскай і жыдоўскай культур. Гэтая апошняя не магла не паўплываць на паэта, калі ён вучыўся ў Вільні. Трэба памятаць, што тагачасная Вільня ўяўляла сабою своеасаблівы культурны кацёл, дзе варыліся: жыдоўства, беларушчына, пальшчызна – пад пільным вокам нядаўна прыбылай расейскай адміністрацыі. Усё ж, у першую чаргу „сваім”, у большай або меншай ступені, яго лічаць палякі, беларусы і літоўцы.
У шэрагу публікацыяў і беларускіх, і літоўскіх бачна, што існуе спакуса калі не перацягнуць Міцкевіча на свой бок, дык, прынамсі, падкрэсліць у ім нешта сваё. Па-мойму, найменшыя падставы лічыць Міцкевіча сваім маюць літоўцы, бо словы „Літва, мая Айчына” і кароткі час, калі паэт жыў у Коўне – нічога не значаць. Вядомы літоўскі празаік – Марыюс Івашкевічус напісаў ясна і выразна: „Ваш Пан, Ваш Тадэвуш”. Ён нават мае прэтэнзіі да паэта, што той прадставіў „Літву”, ды забыўся прадставіць літоўцаў. Па-мойму, ён крыўдуе дарэмна. У пачатку XIX стагоддзя ля Наваградка не было жамойтаў, этнічных літоўцаў. Сяляне былі беларусамі. Гэта іхны фальклор: абрады, звычаі, мову, вераванні і традыцыі знайшлі адлюстраванне ў творах Міцкевіча і філаматаў. „Літву” і прыметнік „літоўскі” паэт з поўным перакананнем адрозніваў ад „жмудзка-літоўскай” мовы, культуры і этнасу. Затое дырэктар музея Адама Міцкевіча ў Вільні – Рымантас Шальна без аніякай крыўды кажа: „Я вельмі люблю Міцкевіча, але я не назваў бы яго „польскім літоўцам”. Думаю, што на якой мове чалавек піша, такую і нацыянальнасць выбірае… Не варта паглыбляцца ў розныя генетычныя нюансы, адкуль паходзіў, кім быў, бо некаторыя кажуць, што меў ён і трохі жыдоўскай крыві… Для нас – гэта неістотнае”. Рымантас Шальна прызнае, што Міцкевіч разбудзіў у літоўцаў патрыятызм, натхніў літоўскіх літаратараў, навучыў павагі да сваёй Радзімы, але быў найперш польскім паэтам.
Тым не менш, нацыянальная свядомасць і патрыятызм Міцкевіча – пытанне неадназначнае. Быў грамадзянінам Расійскай Імперыі. Безумоўна, ведаў расійскую мову, аднак не жадаў на ёй ні пісаць, ні размаўляць, бо проста шчыра ненавідзеў усё, што звязанае з акупантамі. Тым не меней, калі падаўся ў эміграцыю, мяркую, што ён не мог карыстацца ніякім іншым пашпартам, як толькі расійскім. У моўным сэнсе, належаў да польскага этнасу, паколькі шляхта ужо даўно была апалячаная і акаталічаная. Аднак Міцкевіча нельга назваць і „стопрацэнтным палякам” і сам ён сябе такім не называў. Ён найперш прызнаваўся ў любові да тае зямлі, дзе нарадзіўся і вырас. Дзе ўбачыў і адчуў прыгажосць навакольнага свету. Дзе далучыўся да народнай культуры: святаў, звычаяў, абрадаў, легенд, песняў і казак. Усё гэта ён творча скарыстаў у прыватнасці ў сваіх баладах, а таксама ў п’есе «Дзяды». Беларускае, сялянскае атачэнне Міцкевіч ведаў хаця б з тае прычыны, што бываў на кірмашах і вяселлях. У сваіх артыкулах для „Польскага Пілігрыма” (Pielgrzym Polski) ён называў гэты народ, з якім у значнай ступені сябе атаясамліваў – беларусамі.
Гэтае пытанне: „каму належыць Міцкевіч?”, я задаваў некалькім вядомым беларусам. Уладзімір Мархель, літаратуразнавец, паэт і перакладчык заявіў: „Само прысвойванне Міцкевіча не дасць ніякае карысці. Гэта – правінцыйная пазіцыя. Ён – усіхны, калі так сур’ёзна глядзець. Проста наша задача – успрыняць, усвядоміць Міцкевіча як свайго. Падчас, калі палякі і літоўцы ўсведамляюць канкрэтна, то беларусы яшчэ недастаткова”. Уладзімір Мархель з’яўляецца аўтарам кнігі выдадзенай у 2003 годзе: «Шлях да Беларусі: Адам Міцкевіч — прадвеснік адраджэння беларускай літаратуры».
Даследчыкі творчасці Міцкевіча адназначна сцвярджаюць, што на выхаванне будучага паэта выдатна паўплывалі: парабак Блажэй, па мянушцы „Уліс”, які расказваў малому Адаму розныя беларускія казкі. Таксама служанка Гансеўская, якая ведала шмат народных песняў і любіла спяваць, спявала іх у прысутнасці Адама. Вось такія, простыя, чужыя людзі міжвольна, як гэта было і ў выпадку Аляксандра Пушкіна, прышчапілі будучаму паэту любоў да фальклору. Дарэчы, у адным класе з Міцкевічам вучыўся Ян Чачот, будучы беларускі паэт і фальларыст. Светапогляд іх абодвух складваўся пад уплывам навакольнага асяроддзя. Такім чынам Адам Міцкевіч напэўна з маленства ведаў беларускую мову тамтэйшых сялян. Паводле даследчыка творчасці Міцкевіча – Алега Лойкі, магчыма продкі паэта былі беларусамі, што было б цалкам натуральным.
БЕЗ БЕЛАРУСІ НЕ БЫЛО Б МІЦКЕВІЧА
Дарэчы, Алег Лойка лічыць, што „без Беларусі не было б Міцкевіча, альбо ён быў бы кімсьці іншым, хутчэй за ўсё – кімсьці меншым”. „Беларусь – месца нараджэння Міцкевіча. Наваградчына – зямля, на якой ён рос, гадаваўся. І першая вучоба – у наваградскіх дамініканцаў была на зямлі беларускай, і першы раман XIX стагоддзя пачаўся над беларускай Свіцяззю… Мы не беларусізуем Міцкевіча, а проста сцвярджаем яго прыналежнасць Беларусі ўвогуле, беларускаму народу, беларускай культуры, літаратуры і гісторыі… „Ліцьвінізм” – гістарычная фаза беларускасці, мутацыя беларускасці пад уплывам апалячвання. Ступень беларускасці ў яе спецыфічнай незвычайнасці”. Алег Лойка пісаў: „Вялікі польскі паэт застаўся ў маёй свядомасці не толькі як стваральнік шэдэўраў, але і як зямляк, зачараваны Белай Руссю, ейным фальклорам, душой крынічна-чыстай. Прастора думак і пачуццяў паэта міжвольна зліваецца з ваколіцамі майго дзяцінства, напаўняецца айчыннымі водгукамі, рэхам, песняй і матчынай казкай. Гэта тут, у нас, здзейсніўся цуд паэзіі Міцкевіча”.
На пытанне: кім для яго з’яўляецца Адам Міцкевіч, выдатны беларускі паэт Рыгор Барадулін адказаў: „Для мяне Міцкевіч – постаць унікальная… Ён для мяне зяўляецца пісьменьнікам, народжаным беларускай зямлёй. Ён спаліў свае першыя вершы, напісаныя на беларускай мове. Можа я трошкі перабольшваю, але скажу: Міцкевіч – беларускі паэт, хаця ягоныя вершы напісаныя па-польску. Ягонае светаадчуванне, ягонае мысленне з’яўляюцца беларускімі… Я вяртаўся да яго творчасці шмат разоў, таму што яе нельга да канца спасцігнуць з першага разу. У ягонай лірыцы і баладах ёсць душэўнасць, замілаванне роднай зямлёй і яе прыродай. Калі чытаеш Міцкевіча, то адчуваеш сябе беларусам”. Пранікнёна ахарактарызаваў асобу Міцкевіча Ніл Гілевіч у сваім вершы «Санет Адаму Міцкевічу»: „І ўсё такі лёс аддзячыў нам, няйначай: Так, волатам ты ўзрос на ніве нашай, Каб славе Польшчы паслужыць пяром, Але, вялікі і ў любові і ў скрусе, Ты стаў і вечнай славай Беларусі, Яе красы чароўным песняром”.
ДЫК ЧАМУ МІЦКЕВІЧ НЕ ПІСАЎ ПА-БЕЛАРУСКУ?
Тое, што Міцкевіч ведаў і беларускую, і расійскую мовы – не падлягае сумневу. „З усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гарадзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рысаў. У іх песнях і казках ёсць усё… «Літоўскі Статут» напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай”, – такую ацэнку вартасцям беларускай мовы даваў Адам Міцкевіч, працуючы выкладчыкам каралеўскага ўнівэрсітэта Калеж-дэ-Франс у Парыжы. Даследчыкі яго творчасці знайшлі не менш за 30 беларусізмаў у самім «Пану Тадэвушу». Дырэктар Дома-музэя Адама Міцкевіча ў Наваградку Мікола Гайба кажа, што Міцкевіча папракалі у „псаванні” польскай мовы тымі „правінцыялізмамі”, аднак паэт адказваў, што ўжывае іх свядома і мэтанакіравана.
Калі Міцкевіч скарыстоўваў мясцовую гаворку, калі ведаў мову простага народа, калі любіў сваю „Малую Айчыну”, дык чаму ён не пісаў па-беларуску? Тое, што нібыта ў Швейцарыі быў знойдзены верш Міцкевіча па-беларуску, гэта ўсяго толькі здагадка. Тое, што беларускія вершы ён спаліў, гэта таксама не факт. Па словах Міколы Гайбы, магчыма, пры больш спрыяльных умовах ён пісаў бы творы і па-беларуску, але не было яшчэ ні беларускага чытача, ні беларускага выдаўца. У пачатку XІХ стагоддзя амаль усё адукаванае грамадства ў Беларусі карысталася польскай мовай. На ёй вялося выкладанне ў павятовых гімназіях і кляштарных вучылішчах. На ёй навучалі нават сялянскіх дзяцей у парафіяльных школах. У 1810-1820 гады значным цэнтрам польскай адукацыі ў Беларусі з’яўлялася Полацкая езуіцкая акадэмія, са сцен якой выйшлі многія вучоныя, пісьменнікі, мастакі. Становішча змянілася толькі ў 1836 годзе, калі царскім загадам было забаронена выкладанне на польскай мове ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. У астатніх губернях польскае навучанне захоўвалася да паўстання 1863 года. Выкладчыкі звычайна карысталіся традыцыйнымі праграмамі, складзенымі ў канцы XVIIІ стагоддзя Адукацыйнай камісіяй.
Трэба таксама прызнаць, што само пісанне па-беларуску ў той час было яшчэ вялікім выклікам, хутчэй змаганнем, чым літаратурнай творчасцю. Можа маюць рацыю тыя, якія кажуць, што паэт такога маштабу як Міцкевіч не здолеў бы рэалізавацца па-беларуску. Адмыслоўцы згодна прызнаюць, што ў сваіх лістах Міцкевіч шмат разоў пісаў „Беларусь”, „беларускі”, але афіцыйна, назвы такой – „Беларусь, беларускі” – у сучасным значэнні тады яшчэ не было. Паняцце „Беларусь” адносілася пераважна да Віцебскай, Магілёўскай і ўсходняй часткі Мінскай губерняў, а пад „Літвой” разумеліся і населеныя беларусамі Гарадзенская, Мінская і частка Віленскай губерняў. Нашмат пазней іх адрознасць сфармулюе і пусціць ва ўжытак Францішак Багушэвіч. Не было і беларускага правапісу. Апроч таго вядома, што і ў XVIII, і ў XIX стагоддзях самая адукаваная, культурная, інтэлігентная частка насельніцтва, што пражывала на тэрыторыі сучаснай Беларусі, лічыла сябе ці то палякамі, ці то рускімі, і творы таленавітых беларусаў часта станавіліся здабыткамі якраз польскай культуры.
ЧАМУ МІЦКЕВІЧ НЕ ЗГАДВАЕ БЕЛАРУСАЎ?
У эпілогу «Пана Тадэвуша» Міцкевіч пісаў:
„О, дачакацца б мне такой уцехі, Каб кнігі гэтыя прыйшлі пад стрэхі, І каб, кудзелю прадучы, сялянкі, Калі закончаць любыя спяванкі, Пра дзеўчыну, якая граць любіла, І цераз скрыпку гусак пагубіла, Пра сірату прыгожую, як зоры, Што гусак гнала ў спозненую пору, Каб кнігі простыя мае, як гукі Іх песняў, узялі сялянкі ў рукі!”
Калі Міцкевіч марыў, каб яго кнігі трапілі „пад сялянскія стрэхі”, дык чаму ў яго паэме не знайшлося месца для тых сялян-беларусаў? Думаю, што па той самай прычыне, што і няма там літоўцаў-жамойтаў, няма татараў, хаця яны жылі ў Наваградку і мелі сваю мячэць. Акрамя вайскоўцаў, няма там і расейцаў, хаця павінны быць хаця б царскія чыноўнікі. Ёсць толькі жыд – Янкель, прадстаўлены ў надзвычай станоўчым святле, як чалавек таленавіты і нават – польскі патрыёт. Гэты разумны жыд заклікаў сварлівую шляхту да згоды, прынамсі ў нацыянальных пытаннях. Паказваючы Янкеля як вернага сваёй традыцыі жыда і адначасова польскага патрыёта, Міцкевіч не прамінуў падкрэсліць даўнюю загану многіх палякаў: антысемітызм. Для прыкладу, ключнік Гервазы зняважліва ставіўся да парадаў Янкеля. Факт, што ў асобе Янкеля Міцкевіч гэтак прыгожа прадставіў жыдоў, затое абмінуў іншыя этнасы: хаця б татараў, не кажучы пра беларусаў-сялян, гэта для мяне загадка. Магчыма, будучы ў вымушанай эміграцыі, Міцкевіч узгадаў жыдоў як вандроўны народ, які спакон вякоў жыве ў выгнанні? Можа паэт адчуваў да жыдоў сімпатыю, ці нават захапленне, што яны, не маючы сваёй пастаяннай Радзімы, умеюць прыстасавацца да любых умоваў? Можа, сапраўды, у Міцкевіча была частка жыдоўскай крыві? Усё гэта здагадкі. У любым выпадку, што тычыцца беларусаў, дык у прадмове да расійскага выдання «Пана Тадэвуша» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш задаваўся тым жа пытаннем: „Чаму сярод герояў паэмы няма сялянаў? На якой мове яны размаўлялі?”.
Па-мойму, Міцкевіч напісаў што хацеў і як хацеў! Ён і назваў свой твор «Шляхоцкая гісторыя з 1811 – 1812 гадоў у дванаццаці быліцах вершам». Міцкевіч адрасаваў сваю эпапею не беларускаму, але польскаму грамадству. Таму ён і прадставіў шляхецкае, а не сялянскае або іншае саслоўе, тое, якое ў найбольшай ступені ўвасабляла патрыятызм і вернасць традыцыі ў гістарычны напалеонаўскі перыяд – час надзеі на вызваленне. Паэт выразна сябе пазыцыянаваў як патрыёта і спадкаемца ўжо неіснуючага як дзяржава Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, адной з першых сталіц, адміністрацыйных цэнтраў Княства быў якраз Наваградак.
Тут мне прыгадваецца эпізод з чэрвеня 2003 года. Тады Сакрат Яновіч атрымаў узнагароду імя Анджэя Дравіча. Сябра журы, адзін з найбольш выбітных польскіх інтэлектуалаў і грамадскіх дзеячаў Яцэк Курань, у прывітальным лісце патлумачыў выбар тадышняга лаўрэата наступным чынам: „Я веру, што творчасць пісьменніка, паэта, публіцыста і выдаўца Сакрата Яновіча мае для самасвядомасьці сучасных беларусаў, а таксама для справы збліжэння беларусаў і палякаў, вялізнае значэнне. Заўважу, што на беларуска-польскім памежжы нараджаліся і нараджаюцца шмат талентаў. Узгадаю Адама Міцкевіча, для якога беларускія народныя традыцыі былі надзвычайна важныя. Пачынаючы «Пана Тадэвуша» словамі „Літва, айчына мая”, ён пісаў пра ўсё Вялікае Княства Літоўскае – дзяржаву, дзе канцылярыя карысталася беларускай мовай. Можна смела сказаць, што колішняе ВКЛ было чымсьці накшталт той аб’яднанай Еўропы, пра якую мы цяпер марым – Еўропы многіх культур і народаў” – гаварыў яшчэ да ўступлення Польшчы у Еўразвяз Яцэк Курань.
ПЛЮСЫ ШМАТКУЛЬТУРНАСЦІ
Такой „малой Еўропай многіх культур і народаў” было і Вялікае Княства Літоўскае. Некалі гэта была вялізная і магутная, шматэтнічная і шматкультурная дзяржава. Яе насялялі, паводле сучаснай тэрміналогіі, беларусы, украінцы, літоўцы, палякі, жыды, татары. Гэта была дзяржава, дзе даўжэйшы час жылі паганцы, побач з праваслаўнымі, католікамі, пратэстантамі, іудзеямі і мусульманамі. Сярод розных моваў працяглы час дамінавала старабеларуская мова, аднак паступова яе выцяснялі лацінская і польская мовы. Утварэнне федэратыўнай дзяржавы – Рэчы Паспалітай, у выніку аб’яднання ВКЛ з Польшчай (Люблінская унія, 1569), хоць і з захаваннем на пачатку юрыдычнай роўнасці абедзвюх дзяржаў, прывяло да павелічэння польскага палітычнага і культурнага ўплыву. Валодаючы ўнутрыпалітычнай ініцыятывай, Польшча пачала ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў адносінах да ВКЛ. Меншая ва ўсіх сэнсах Карона падпарадкавала большага, усходняга партнёра пашыраючы на яго каталіцызм, польскую мову і культуру. Многія палякі нават не здагадваюцца, што такія магнацкія і шляхецкія роды як Радзівілы, Сапегі, Патоцкія, Чартарыскія, Вішнявецкія, Тышкевічы і многія іншыя некалі былі літоўска-беларускімі баярамі і шляхцічамі. Міцкевіч быў апалячаным нашчадкам Вялікага Княства Літоўскага. Аднак ён таксама з’яўляецца прыкладам таго, наколькі гэтая разнастайная палітра была тым спрыяльным грунтам для развіцця духоўнай і матэрыяльнай культуры. Шматкультурнасць і шматмоўнасць гэта багацце краіны. Рэч Паспалітая была наймацнейшай, калі яна была федэратыўнай дзяржавай. (Аб гэтым ізноў жа павінны памятаць тыя, хто наймацней выкрыквае: „Польшча для палякаў”!)
БЕЛАРУСЬ – РАДЗІМА ЗНАКАМІТАСЦЯЎ
Некалі Юзэф Пілсудскі выказаў крылатую фразу: „Польшча бы той абаранак. Усё, што найлепшае – па баках, (на „крэсах”) а ў сярэдзіне – пустата”. Я сам, пачынаючы са школьных гадоў, задаваўся пытаннем: чаму самыя слаўныя, вялікія палякі нараджаліся і жылі не ў цэнтральнай Польшчы, а чамусьці – на Усходзе? Уручаючы Сакрату Яновічу узнагароду імя Дравіча прэзідэнт Квасьнеўскі падкрэсліў, што беларуская зямля дала Польшчы такіх людзей як Міцкевіч і Касцюшка. Але ж, не толькі іх!
У канцы 2016 года, навукоўцы Тэхналагічнага Інстытута з Масачусэтс (ЗША) стварылі базу „сусветна вядомых людзей у гісторыі”. Сярод самых знакавых асобаў у сусветнай гісторыі 32 чалавекі паходзяць з Беларусі. Сярод іх – першае месца займае якраз Адам Міцкевіч. Аднак акрамя яго Беларусь і беларуская культура далі свету выдатных навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў, мастакоў, і тых, якія праслылі ў розных галінах жыцця, узбагачаючы культуру іншых краін. З Беларусі паходзілі 18 людзей, якія пакінулі выразны след, у прыватнасці, у гісторыі Ізраіля і адначасова – усяго чалавецтва: Марк Шагал, Шымон Перэс, Менахем Бегін, першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, былы кіраўнік урада Ізраіля Іцхак Шамір. Беларус з Гомельскай вобласці Андрэй Грамыка 28 гадоў узначальваў МЗС СССР. Першая касманаўтка Валянціна Церашкова была ўраджэнкай Беларусі. Мабыць у найбольшай ступені беларуская зямля ўзбагаціла польскую культуру даючы ёй: караля Станіслава Панятоўскага, затым Тадэвуша Касцюшку, пісьменнікаў: Юльяна Урсына Нямцэвіча, Адама Нарушэвіча, Францішка Карпінскага, Юзэфа Крашэўскага, Рышарда Капусцінскага, бацьку польскага тэатра Францішка Багамольца, кампазітараў Станіслава Манюшку і Міхала Агінскага. Адам Мальдзіс у сваёй кніжцы «Творчае пабрацімства – беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі» (1966) называе таксама прыклады палякаў, якія станоўча паўплывалі на беларускую культуру. Яны сапраўды, у значнай ступені, стаяць ля вытокаў беларускай нацыянальнай літаратуры. У першай палове XІХ стагоддзя польскія вучоныя пачалі сістэматычна даследаваць мінулае беларускага народа, яго мову, фальклор, літаратуру. Раней за ўсіх, бадай, загаварыў аб адметнасці Беларусі і беларускай мовы вядомы лінгвіст, складальнік польскага слоўніка – Самуіл Ліндэ.
Усё ж мяркую, што Беларусь больш дала свету, і найперш суседзям, чым яна ад іх атрымала. Яна раздарыла свае таленты хутчэй міжвольна і ў выніку аб’ектыўных абставінаў, чым у прыліве шчодрасці. Стагоддзямі не маючы сваёй дзяржавы, беларусы працавалі на карысць усё новых гаспадароў. Не маючы магчымасці паслужыць свайму народу, не маючы нават права народам звацца, яны раздалі свае найвялікшыя скарбы іншым краінам і народам. У выніку і атрымалася тое „Літва, мая Айчына” заміж „Беларусь, мая Айчына”. Хто разумны, той ведае – чаму гэтак здарылася.
Васількаў, ліпень 2017 Кастусь БАНДАРУК