Старшынства ў ЕЗ на паўгода пераходзіць да Эстоніі



1 ліпеня старшынства ў Еўразвязе на найбліжэйшыя паўгода перайшло ад Мальты да Эстоніі.

Сваёй галоўнай задачай у якасці старшыні Савета ЕЗ Эстонія лічыць садзейнічанне прыняццю агульных рашэнняў з улікам інтарэсаў усіх краін — членаў Еўразвязу. Эстонія вылучае чатыры прыярытэты: Еўропа з адкрытай і інавацыйнай эканомікай; бяспечная і абароненая Еўропа; лічбавая Еўропа і абмен звесткамі; устойлівае развіццё Еўропы.

„У якасці старшыні для нас важна выслухаць меркаванні розных зацікаўленых груп. У выпадку кожнай новай ініцыятывы варта прадумаць, як зрабіць жыццё прадпрымальнікаў і простых жыхароў лягчэйшым, скараціць бюракратыю, выкарыстоўваючы як мага больш электронных рашэнняў”, — адзначаецца на сайце eesistumine.ee, прысвечаным эстонскаму старшынству ў ЕЗ.

На перыяд старшынства Эстоніі прыпадае правядзенне саміту Усходняга партнёрства — ён адбудзецца 25 лістапада ў Бруселі. „Свет і дабрабыт людзей у нашым найбліжэйшым атачэнні адпавядае інтарэсам Еўрапейскага саюза, — заявіў прэм’ер-міністр Эстоніі Юры Ратас, выступаючы ў парламенце краіны з прамовай аб старшынстве Эстоніі ў ЕЗ. — Усходняе партнёрства важнае для нас. Украіна, Малдова, Азербайджан, Арменія, Беларусь і Грузія павінны адчуваць усебаковую падтрымку саюза. На саміце Усходняга партнёрства трэба прапанаваць адчувальныя вынікі партнёрскім краінам, іх грамадзянам і прадпрыемствам”.

8 чэрвеня намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Баляслаў Пірштук сустрэўся ў Мінску з кіраўніком камісіі па пытаннях нацыянальнай абароны парламента Эстоніі Ханесам Ханса. Пірштук пажадаў паспяховага старшынства Эстоніі ў ЕЗ, а таксама заявіў: „Мы не ўтойваем, што не толькі дэкларуем, але і робім намаганні для актывізацыі нашых адносін з ЕЗ”. Перад Беларуссю, адзначыў Пірштук, пастаўленая задача дыверсіфікацыі рынкаў. „Да канца 2020 года мы павінны 30% экспарту мець у краінах Еўразвяза — гэта вельмі складаная задача. Адным словам, мы адкрытыя, гатовыя абмяркоўваць любыя агульныя падыходы, ад якіх была б сумесная карысць”, — сказаў беларускі парламентарый.

БелаПАН