1 лютага Беларусь плануе наведаць дзяржсакратар ЗША
Візіт у Менск дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа плануецца 1 лютага, паведаміў БелаПАН намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Андрэй Шупляк.
Першапачаткова Пампеа планаваў наведаць Украіну, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і Кіпр з 3 па 7 студзеня. На брыфінгу з нагоды запланаванага візіту было заяўлена, што ў Менску Пампеа мае намер абмеркаваць з Аляксандрам Лукашэнкам «працяг нармалізацыі двухбаковых адносін і абмен пасламі», а з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем – тэмы правоў чалавека, эканамічнага супрацоўніцтва, рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.
1 студзеня стала вядома, што тэрміны візіту пераносяцца «з-за неабходнасці знаходжання дзяржсакратара ў Вашынгтоне, акруга Калумбія, каб працягнуць назіранне за развіццём сітуацыі ў Іраку і забеспячэннем бяспекі амерыканцаў на Блізкім Усходзе». «Паездка дзяржсакратара Пампеа будзе перанесеная на найбліжэйшую будучыню, ён з нецярпеннем чакае гэтага візіту», – паведаміла прэс-служба Дзярждэпартамента.
Новыя тэрміны візіту абмяркоўваліся 6 студзеня ў тэлефоннай размове Майкла Пампеа з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Падчас размовы дзяржсакратар пацвердзіў «цвёрдую прыхільнасць» Злучаных Штатаў Амерыкі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, гаворыцца ў паведамленні Дзярждэпартамента ЗША.
21 студзеня выданне Politico са спасылкай на крыніцы паведаміла, што ЗША могуць пашырыць спіс краін, грамадзянам якіх абмежаваны ўезд у Злучаныя Штаты. У публікацыі адзначалася, што адміністрацыя Дональда Трампа вывучае пытанне аб унясенні ў гэты спіс яшчэ сямі краін – Беларусі, М’янмы, Эрытрэі, Кыргызстана, Нігерыі, Судана і Танзаніі. Спіс краін не канчатковы і можа быць зменены.
Афіцыйна абʼявіць пра папаўненне спіса плануюць 27 студзеня. Паводле інфармацыі Politico, у гэты дзень тры гады таму Трамп падпісаў указ аб узмацненні жорсткасці іміграцыйнай палітыкі, які абмяжоўваў уезд у ЗША грамадзянам Сірыі, Ірана, Судана, Лівіі, Самалі, Йемена і Ірака. У сакавіку таго ж года Ірак з гэтага спіса быў выключаны.