1 Траўня адзначаюць анлайн



Сёння ў Беларусі адзначаюць 1 Траўня. Калі афіцыйныя прафсаюзы называюць гэты дзень – святам працы, то незалежныя прафсаюзы Беларусі лічаць яго Днём салідарнасці працоўных.

Але і адны і дргія сёння адзначаюць 1 траўня анлайн, без масавых мерапрыемстваў на свежым паветры. Кажа старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:

-1-га Траўня – гэта ў нас, канешне, не Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, калі яны выстаўляюць свае патрабаванні да ўладаў. Патрабаванняў заўсёды бывае многа, іх у нас ніхто ніколі не выстаўляе, толькі святкуе. Гэта свята працы. У гэтым годзе не адбылося і свята працы. У апошні момант Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі адмяніла мітынг і шэсце. Мы тым больш нічога не планавалі. Мы і ў лепшыя часы не атрымоўвалі дазволу на мітынг і шэсце з патрабаваннямі да ўладаў.

Ва ўмовах пандэміі каронавіруса сітуацыя працоўных стала даволі цяжкай. Па даследваннях Цэнтра эканамічных даследаванняў Beroc, працу страцілі каля 6 адсоткаў усіх працоўных. Да ўсяго гэтага беларускія ўлады яшчэ прынялі і скандальны ўказ, адзначае Аляксандр Ярашук.

– Раней быў месяц на тое, каб папярэджваць працаўнікоў аб змяненні істотных умоў працы,  а зараз толькі адзін дзень. Нідзе ў нашых суседзяў ніхто нічога не мяняў. А вы ўявіце сабе, прыйшоў рабочы МАЗа, а яму кажуць, што з заўтрашняга дня будзеш працаваць не восем гадзін, а адну, або дзве ці тры. Не пагаджаешся, то заўтра – за вароты. Гэты ўказ падпісаў чалавек, які некалькі тыдняў таму крычаў: паспрабуйце мне звольніць хоць аднаго працаўніка, я вам голавы паадрываю.

У Дзень салідарнасці працоўных Незалежныя прафсаюзы заклікалі рабочых Беларусі «аб’яднаць намаганні для абароны сваіх правоў, якія ў сувязі з крызісам яшчэ больш ўшчамляюцца».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН