Лідара Партыі БНФ пакаралі буйным штрафам (абноўлена)



Суд Шклоўскага раёна сёння разглядаў справу лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. За ўдзел у акцыі супраць “паглыбленай інтэграцыі” у Менску летась 20 снежня, суддзя Святлана Баранцава пакарала палітыка штрафам 810 рублёў. Як удакладніў „Свабодзе” Рыгор Кастусёў, працэс пачаўся яшчэ ў канцы мінулага года, але некалькі разоў пераносіўся з прычыны адсутнасці сведак. Палітык спадзяваўся, што справу спыняць, бо выйшаў тэрмін даўнасці правапарушэння.  Аднак гэтым разам была наладжаная скайп-сувязь з Менскам. Міліцыянты-сведкі пацвердзілі, што бачылі абвінавачанага падчас акцыі, удзельнікаў якой папярэдзілі пра яе незаконнасць. Вырак суду — 30 базавых велічынь штрафу.

* * * 

10 лютага ў Шклове працягнецца адміністрацыйны судовы працэс па справе старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога абвінавачваюць у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (ч.1. арт. 23.34 КаАП).

Разгляд справы прызначаны у судзе Шклоўскага раёну (Шклоў, вул.Фабрычная, д.2а, каб.3. тэл. 8 02239 32 457), суддзя – Святлана Баранцава.

Нагадаем, што падставай для прыцягнення старшыні Партыі БНФ да адміністрацыйнай адказнасці стаў удзел палітыка ў снежаньскіх акцыях у абарону незалежнасці і супраць пагрозаў “гібрыднай інтэграцыі” з боку Расеі.

Першае пасяджэнне па гэтай справе прайшло 28 студзеня, аднак тады Рыгор Кастусёў заявіў нязгоду з абвінавачаннем, якое грунтавалася адно толькі на адміністрацыйным пратаколе, у суд нават не былі выкліканыя сведкі-міліцыянты, на чыіх сьведчаннях была заснаваная справа. Палітык удакладніў, што сваім удзелам у масавым мерапрыемстве ён рэалізоўваў сваё канстытуцыйнае права на мірны пратэст, і пры гэтым не стварыў ніякай пагрозы грамадскаму парадку. На гэтай падставе Рыгор Кастусёў заявіў хадайніцтва пра выклік у суд сведак-міліцыянтаў – яно было задаволенае і працяг працэсу прызначаны на 10 лютага.

Невядома, ці з’явяцца ў шклоўскі суд менскія міліцыянты, на чыіх сведчаннях пабудаванае абвінавачанне супраць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

Сам старшыня Партыі БНФ напярэдадні працягу судовага працэсу быў затрыманы на мяжы: мытнікі правялі праверку друкаваных матэрыялаў, з якімі Рыгор Кастусёў вяртаўся з канферэнцыі ў Кіеве. У выніку некаторыя з матэрыялаў кіеўскай канферэнцыі пра пагрозы расейскай агрэсіі супраць Беларусі былі забраныя для правядзеньня экспертызы.

Агулам за мірныя пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй ўлады аштрафавалі беларусаў  больш, чым на 100 тысяч рублёў (каля. 50 тыс USD).

Грамадзянская супольнасць арганізавала збор сродкаў для пацярпелых ад рэпрэсій – BY_help.

Гарадзенскія актывісты стварылі свой аналаг by_help — збор дапамогі рэпрэсаваным за акцыі ў падтрымку Незалежнасці, што адбыліся ў Гародні. Падтрымаць рэпрэсаваных гродзенцаў можна на адмысловай старонцы кампаніі, — https://molamola.by/cmp/dDr.

Беларускае Радыё Рацыя