100 гадоў таму прынятая Першая Устаўная грамата БНР
Першая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі – юрыдычны палітычны акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага з’езду 21 лютага ў Менску. Адбылася гэтая гістарычная падзея ў будынку колішняга Дома губернатара.
Імклівы наступ нямецкіх войск, які пачаўся 16 лютага 1918 года, прымусіў Абласны выканкамзах і Савет Народных камісараў Заходняй вобласці і фронту ў ноч на 19 лютага эвакуявацца з Менску ў Смаленск. 3 падполля выйшаў Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду, з турмы вызваленыя дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Выканкам Рады Ўсебеларускага зьезду сваім загадам №1 ад 19 лютага абвясціў, што ён “узяў уладу ў свае рукі”, а навядзенне парадку ў Менску, дзе пачала актыўна дзеіць Польская вайсковая арганізацыя, усклаў на каменданта гораду, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР Кастуся Езавітава.
21 лютага Выканкам Рады Ўсебеларускага з’езду звярнуўся да народаў Беларусі з Першай Устаўнай граматай, у якой адзначалася: “Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы… Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі”. Першая Ўстаўная грамата заклікала беларускі народ здзейсьніць сваё права на “поўнае самавызначэнне”, а нацыянальныя меншасці – на нацыянальна-персанальную аўтаномію. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэнне, аўтары граматы сцвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фармавацца згодна з воляю народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып мусіць ажыццяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Ўсебеларускі Ўстаноўчы Сойм.
У гэтым дакумэнце Выканкам абвясціў пра стварэньне ім 20 лютага ўраду – Народнага Сакратарыяту Беларусі – часовага выканаўчага органа народнай улады ў краі, які 21 лютага пачаў выкананне сваіх абавязкаў. У склад сакратарыяту ўвайшлі Палута Бадунова, Язэп Варонка (старшыня), Тамаш Грыб, Кастусь Езавітаў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Аркадзь Смоліч.
Выканаўчы камітэт Рады I Усебеларускага зьезду абвясціў сябе часовай уладай у Беларусі. У грамаце ўпершыню не згадвалася пра аўтаномію і неабходнасьць заставацца ў складзе Савецкай Расеі. Яе тэкст на беларускай і расейскай мовах быў расклеены па ўсім Менску. Тэкст дакументу быў змацаваны пячаткай, пасярэдзіне якай выява высокага снапа, а на яго тле перакрыжоўваюцца каса і граблі, а на абадку выгравіравана: НАРОДНЫ СЭКРЭТАРЫЯТ БЕЛАРУСІ. Арыгінал гэтага дакументальнага акту мікрафільмаваны, захоўваецца ў 325-м фондзе Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь.
З 21 лютага 1918 года ўлада ў Беларусі апынулася ў руках камандавання нямецкай арміі. 22 лютага яна загадала польскім падраздзяленням пакінуць Менск, а беларускім – скласці зброю. Каб не ўскладняць дачыненьні з Расеяй, немцы не прызналі беларускага ўраду, занялі сядзібу Народнага Сакратарыяту, рэквізавалі ягоную маёмасць, скінулі з будынкаў беларускія нацыянальныя сьцягі і забаранілі ўрадоўцам пакідаць горад. Аднак напрыканцы лютага дайшло да перамоваў паміж Сакратарыятам і нямецкай вайсковай адміністрацыяй, у выніку якіх акупанты прызналі ўрад Варонкі прадстаўніцтвам беларускага насельніцтва. Немцы дазволілі Сакратарыяту весьці легальную дзейнасць на тэрыторыі Меншчыны, галоўным чынам у галіне стварэння мясцовай адміністрацыі, школьніцтва і выдавецкай справы. Наступным крокам было ўжо абвяшчэння незалежнасці БНР.
Беларускае Радыё Рацыя