Дзень незалежнасцi Польшчы ў Беластоку (абноўлена)
Прысутныя ўсклалі кветкі да помніка Юзафу Пілсудскаму, вайскоўцы прайшліся маршам.














***
Выступіў Маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі.

***
Выcтупае Падляшскі ваявода Богдан Пашкоўскі.



***
Традыцыйна Дзень незалежнасцi Польшчы ў Беластоку адзначаецца адмысловай урачыстасцю. Свята праходзiць на Рынку Касцюшкi ля помнiку маршалу Юзафу Пiлсудскаму, з удзелам кiраўнiцтва ваяводства і горада. На пачатку свята адбылася ўрачастая iмша ў Катэдральным касцёле.
Ва ўрачыстасці ўдзельнічаюць прадстаўнiкi вайсковых падраздзяленняў, якiя праходзяць ля помніка маршалу Юзафу Пілсудскаму ўрачыстымi шыхтaмi.
Cярод ганаровых гасцей ветэраны ўзброеных сіл Польшчы, прадстаўнікі духавенства.










***
Нацыянальнае свята незалежнасці – адно з самых важных святаў у Польшчы. Яно адзначаецца 11 лістапада ў памяць здабыцця незалежнасці ў 1918 годзе. У змаганні за незалежнасць удзельнічалі сотні тысяч палякаў, якія за зброяй у руках змагаліся і за незалежнасць, і за цэласнасць краіны.

Кажа гісторык Аляксандр Краўцэвіч:
– Трэба памятаць, што адразу пасля дэкларацыі тых незалежных дзяржаваў у васямнаццатым годзе пачаліся канфлікты за тэрыторыі, за межы. І найбольш гэтыя канфлікты датычылі Польшчы. Польшча апынулася ў стане вайны з усімі сваімі суседзямі, акрамя латышоў і венграў. Ваявала з усімі. І вось дзякуючы гэтай сіле польскага нацыянальнага руху, дзякуючы таму, што былі арміі, як казаў Пілсудскі, цяпер не дыпламаты вырашаюць, а дывізіі, у палякаў было найбольш дывізій, і яны змаглі адваяваць гэтыя свае межы.
Свята незалежнасці было ўстаноўлена законам ад 23 красавіка 1937 года, адменена законам Краёвай Народнай Рады ад 22 ліпеня 1945 года, і было адноўлена ў перыяд сістэмнай трансфармацыі ў Польшчы ў 1989 годзе.

Беластоцкі гісторык Алег Латышонак згадвае, як з сябрамі за часамі сацыялістычнай Польшчы змагаўся за вяртанне свята.
– Я помню мы гэтае свята адваёўвалі, я сам хадзіў на дэманстрацыю ў Кракаве 11 лістапада. Камуна ўжо хілілася да свайго канца, але ж яшчэ трымалася. Мы адзеліся па-спартыўнаму, каб уцякаць ці біцца, калі што. Я помню, што хадзілі мы па Кракаве, спявалі, яшчэ ў катэдры была імша, наведвалі. Пасля хадзілі па цэнтры, крычалі: Ярузэльскі – Вавельскі цмок, прэч з камунай.
Першы раз у поўным аб’ёме ўрачыстасці былі праведзеныя 14 лістапада 1920 года. У той дзень ушаноўвалі Юзэфа Пілсудскага як пераможнага галоўнакамандуючага ў Савецка-польскай вайне, уручыўшы яму маршальскую булаву.
Беларускае Радыё Рацыя
***
У Польшчы сёння адзначаецца Дзень Незалежнасці.

11 лістапада 1918 года, Польшча пасля звыш стогадовага падзелу сваёй тэрыторыі атрымала незалежнасць. Свята на афіцыйным узроўні пачалі святкаваць пасля 1989 года.
Сёння па ўсёй краіне пройдуць патрыятычныя мерапрыемствы. У Варшаве запланавана Шэсце Незалежнасці.
Напярэдадні вечарам Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, віцэ-прэме’ры, міністры ўраду Польшчы, Маршалак Сойму Эльжбета Вітэк, а таксама дэпутаты ад кіруючай партыі «Права і справядлівасць» на чале з яе старшынём Яраславам Качыньскім усклалі кветкі да помніка Юзэфу Пілсудскаму ў Варшаве.
Беларускае Радыё Рацыя
