11 траўня – судовы канвеер у Берасці
Ужо сёння, 11 траўня, пачнецца судовы канвеер над актывістамі ў Берасці, што выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. У чаканні суда зараз знаходзяцца Раман Кісляк, Сяргей Пятрухін, Валеры Фамінскі, Алег Вялаў, Уладзімір Мароз, Юры Калько, Дзяніс Малышэнка і Канстанцін Астапук. Невядомае месцазнаходжанне праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна. Высвятляюцца дадзеныя яшчэ двух берасцейцаў, якія былі затрыманыя падчас акцыі, — распавяла ўдзельніца сходаў, спадарыня Святлана:
– На гэтыя суды мы запрашаем людзей неабыякавых. Але не ўсе, на жаль, могуць прыйсці. Бо буднія дні. Усе працуюць. Галоўнае, каб прысутнічаў хтосьці з нашых актывістаў, каб ведаць, што ім ставяць у віну і што ім пагражае.
Спадарыня Святлана ўпэўнена, што сведкамі выступяць міліцыянты, а артыкул, па якім будуць судзіць актывістаў, хучэй за ўсё — 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу — незаконны ўдзел і арганізацыя масавага мерапрыемства.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
