11 верасня – Дзень нараджэння Святланы Ціханоўскай
11 верасня – Дзень нараджэння Святланы Ціханоўскай. З чым я і віншую законна абраную прэзідэнтку Беларусі.
Святлана Ціханоўская ўнікальная асоба найперш абставінамі, калі далёкі ад грамадска-палітычнай дзейнасці чалавек раптам робіцца прадстаўнком дэмакратычнага грамадства Беларусі.
Нагадаю змест майго любімага плакату падчас менскіх маршаў у 2020 годзе: «Саша, твой сексізм цябе згубіў!» Маецца на ўвазе, што Лукашэнку ў галаву не прыйшло, што «нейкая там баба» можа скласці яму канкурэнцыю.
Тое, што Святлана Ціханоўская не мела ніякага палітычнага бэкграўнду, ні пазітыўнага, ці адмоўнага, дапамагло беларускім выбарнікам аб’яднацца не проста супраць Лукашэнкі, а за асобу, якая пакідае пазітыўнае ўражанне.
Хоць, вядома, выбары былі найперш за цывілізацыйныя перамены.
Праціўнікі Святланы Ціханоўскай падкрэслівалі яе хатнягаспадыйнасць. Маўляў, кухарка пайшла рэпрэзентаваць цэлую краіну. Пасля мы дазналіся, што адзін з дзяцей Святланы вымагае пільнай апекі, таму яе хатняе гаспадаранне было вымушаным.
Шмат хто з сімпатызантаў Святланы Ціханоўскай расчараваны, што яна не прыняла прэзідэнцкую прысягу, напрыклад у Вільні. Было б і сімвалічна, і практычна.
Трагедыі і войны адбываюцца пастаянна па ўсёй планеце. Зразумела, што цікавасць да Беларусі не магла быць бясконцай.
Ні ўсе мы, грамадзяне, ні Святлана не маглі ведаць, што беларуская драма 2020 году адбывалася напярэдадні яшчэ больш маштабнай драмы – украінскай. Цяпер пра Беларусь згадваюць хіба палітычныя і вайсковыя аналітыкі.
Але дзякуючы рэпрэзентацыйнай дзейнасці Святланы Ціханоўскай пра Беларусь памятаюць не толькі ў звязку з палітычным пятляннем Лукашэнкі.
Святлана Ціханоўская хоць і не зрабіла прэзідэнцкую прысягу, але яна дэ-факта адзін легітымны прадстаўнік беларусаў.
І гэта чалавек, які зрабіў невераемны высілак над сабою, і застаўся ў беларускім грамадска-палітычным жыцці.
Улічваючы ўзрост Святланы, народжанай у 1982 годзе, у яе можа быць вялікая палітычная перспектыва.
І ўнутры новых беларускіх дыяспараў, якія толькі афармляюцца, і ў самой Беларусі, пры ўмове, што адбудзецца вайсковы разгром Расеі, і для беларусаў адкрыецца новае акно палітычных магчымасцяў.
Пакуль жа хочацца пажадаць Святлане Ціханоўскай далейшай пракачкі сябе як грамадска-палітычнай асобы.
І здароўя, канешне.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя