12-ы пакет санкцый ЕЗ супраць Расеі можа быць прадстаўлены ў сераду



Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Жазэп Барэль спрагназаваў, што новы, дванаццаты пакет санкцый супраць Расеі можа быць узгоднены і прадстаўлены ўжо на гэтым тыдні.

Пра гэта Барэль сказаў, выступаючы пасля пасяджэння Савета ЕЗ па замежных справах у панядзелак у Бруселі, паведамляе „Еўрапейская праўда”.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ удакладніў, што будзе, у прыватнасці, уведзена больш санкцый супраць фізічных асоб, прыменены новыя забароны на расейскі экспарт, і сярод іншага – забарона на расейскія алмазы, дзеянні па ўзмацненні столі коштаў на нафту для змяншэння прыбыткаў Расеі, а таксама будуць уведзены новыя меры супраць абыходу раней уведзеных санкцый.

У новым пакеце могуць прысутнічаць больш за 100 фізічных і чатыры дзясяткі юрыдычных асоб. Абмяркоўваюць таксама забарону працаўладкавання расейцаў на працу ў так званыя „адчувальныя” сектары і рэпатрыяцыю расейскіх актываў у ЕЗ.

Абмеркаванне новых санкцый зрушылася з мёртвай кропкі пасля таго, як міністры замежных спраў краін „Групы сямі” на сустрэчы ў Японіі далі зялёнае святло на ўвядзенне абмежаванняў у дачыненні да алмазаў расейскага паходжання.