13 красавіка Лукашэнка накіруецца з візітам у Азербайджан



Аляксандр Лукашэнка 13 красавіка накіруецца з двухдзённым візітам у Азербайджан, паведамляе яго прэс-служба.

Падчас візіту Лукашэнка правядзе дзве сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. Першая, нефармальная, адбудзецца адразу пасля прыбыцця ў Баку. На ёй будуць абмяркоўвацца асноўныя напрамкі беларуска-азербайджанскіх адносін і стратэгічныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.

14 красавіка адбудзецца афіцыйная сустрэча Лукашэнкі і Аліева. Перамовы пройдуць у вузкім і пашыраным складах. Асноўная ўвага будзе надавацца пашырэнню гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і „напаўненню супрацоўніцтва новым зместам”, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

На сустрэчы будуць абмяркоўвацца пытанні прамысловай кааперацыі, бягучыя і перспектыўныя праекты ў галіне вытворчасці і паставак прадуктаў харчавання, перапрацоўкі сельгаспрадукцыі. Плануецца закрануць тэмы супрацоўніцтва ў ахове здароўя, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і турыстычнай сферах. Таксама Лукашэнка і Аліеў „абмяняюцца меркаваннямі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня”.

Па выніках перамоў чакаецца падпісанне двухбаковых дакументаў.

belapan.by