Таццяна Караткевіч абскардзіла вынікі выбараў у ЦВК (абноўлена)



“Таццяна Караткевіч зрабіла слушы крок, што не знялася з выбараў і прайшла выбарчую кампанію да канца,” – лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, які быў намеснікам кіраўніка штаба Таццяны Караткевіч, а таксама сябрам Цэнтрвыбаркама.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Калі б Караткевіч знялася з выбараў, то не было б ніякіх падставаў абскарджваць іх вынікі, лічыць Ігар Лялькоў:

-Калі б у бюлетэнях засталіся тры прозвішчы: Лукашэнка, Гайдукевіч і Улаховіч, – то можна было б прадбачыць, што ўлада магла б пайсці на тое, каб упершыню з 1994 года нічога не фальсіфікаваць на прэзідэнцкіх выбарах. Бо зразумела, што гэтых канкурэнтаў Лукашэнка перамагае без усялякіх фальсіфікацыяў.

Таму ўлады вымушаны былі зноў ісці на фальсіфікацыі. І тое, што зараз у нас ёсць падставы падаць скаргу на тое, што вынікі выбараў несапраўдныя, выбары фактычна не адбыліся, то гэта толькі таму, што Таццяна Караткевіч засталася ў выбарчым бюлетэні, упэўнены Ігар Лялькоў.

* * *

Былая кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч абскардзіла ў Цэнтральнай выбарчай камісіі вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Па яе словах, скарга атрымалася аб’ёмістай – каля 200 старонак. Гэты дакумент уключае ў сябе вынікі працы грамадскіх кампаній „Права выбару” і „Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

– Ёсць некалькі асноўных відаў парушэнняў. Гэта звязана з тым, што назіральнікам не прадстаўлялася інфармацыя па спісах. І па тым, як адбывалася галасванне па месцы жыхарства. І другая асноўная скарга звязана з падлікам галасоў. Там ёсць усе выпадкі. Іх шмат. Канешне, нашая скарга ўключае і прапановы да ЦВК для правядзення наступных выбараў.

Па словах Таццяны Караткевіч, мінулыя выбары не былі прызрыстымі і сумленнымі, таму прызнаваць іх вынікі нельга. Аднак былы кандыдат у прэзідэнты, улічваючы сучасныя рэаліі, не верыць, што скарга будзе задаволена. Яе разгляд адбудзецца ў пятніцу, 16 кастрычніка.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара