ЗША прапануюць працягнуць тэрмін даўнасці па справах зніклых палітыкаў
ЗША прапануюць беларускім уладам працягнуць тэрмін даўнасці па справах зніклых палітыкаў, які заканчваецца ў гэтым годзе, чытаем ў апублікаванай заяве прадстаўніка Дзярждэпартамента Мэры Харф з нагоды 15-й гадавіны знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
Паводле слоў Харф, Ганчар і Красоўскі рызыкавалі сваімі жыццямі і будучыняй, каб супрацьстаяць рэпрэсіям”.
Дзярждэп падкрэслівае, што афіцыйнае расследаванне знікненняў не прынесла істотных вынікаў. „Згодна з беларускім заканадаўствам тэрмін іскавай даўніны па расследаванні гэтых знікненняў заканчваецца ў гэтым годзе. Мы па-ранейшаму глыбока заклапочаны лёсам гэтых мужчын і заклікаем беларускія ўлады працягнуць тэрмін даўнасці і дакладна і празрыста расследаваць іх знікненні. Сем’і зніклых заслугоўваюць справядлівасці”, – гаворыцца ў заяве.
ЗША зноў заклікалі Беларусь „неадкладна і безагаворачна вызваліць усіх палітычных зняволеных і аднавіць іх палітычныя правы”.— падкрэслівае Мэры Харф.
Родныя журналіста Дзмітрыя Завадскага і былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, якія былі гвалтоўна выкрадзены, звярнуліся да следчых з хадайніцтвам аб’яднаць справы зніклых у адну, – распавяла праваабаронца, кіраўнік зарэгістраванага ў Літве „Беларускага дакументацыйнага цэнтру” Раіса Міхайлоўская:
– Хадайніцтва падала Захаранка Ульяна Грыгор’еўна і Завадская Святлана, якія просяць аб’яднаць справу Зміцера Завадскага і справу Захаранкі. Яны таксама просяць пра перакваліфікацыю гэтых спраў на артыкул 128 “Злачынства супраць чалавечнасьці”, якая не мае ніякіх тэрмінаў даўніны.
Па меркаванню Раісы Міхайлоўскай, гэта было б лагічна і абгрунтавана. З ужо вядомых матэрыялаў пра расследаванне выкраданняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага, можна зрабіць высновы, што гэта часткі аднага цэлага і выканаўцы гэтых злачынстваў былі адны.
* * *
За паўтары дзесяцігоддзя з моманту знікнення Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага следства так не высветліла іх лёсу і абставінаў злачынстваў.
Кіраўніка арганізацыі „Прававая дапамога насельніцтву”, былы следчы Алег Волчака упэўнены, што праўда будзе высветлена. Адначасова ён нагадвае, што тыя следчыя, якія вялі і вядуць расследаванне справаў аб знікненнях, нясуць адказнасць за адсутнасць вынікаў.
– Крымінальна-працэсульны Кодэкс абавязвае орган папярэдняга даследавання прыняць усе меры па раскрыццю злачынства, па прыцягненню да адказнасці абвінавачаных і давядзення справы да суда. Пытанне стаіць пра персанальную адказнасць следчых і пракурораў, якія нясуць адказнасць за аб’ектыўнае ўсебаковае і галоснае расследванне гэтай справы.
15 гадоў вакол гэтых справаў у Беларусі глухая сцяна. Аднак грамадскасць не дасць спыніць расследаванне, хаця ёсць небяспека таго, што па тэрміну даўніны гэтыя справы могуць быць закрытыя, – сказаў Алег Волчак. Ён нагадаў, што скаргі па справах знікненняў накіраваны ў Камітэт па правах чалавека і ў працоўную групу па гвалтоўным знікненням ААН.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
16 верасня ў 15-ую гадавіну знікнення лідара беларускай апазіцыі Віктара Ганчара і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага ў Варшаве адбудзецца пікет, прысвечаны памяці зніклых беларусаў.
Арганізатар мерапрыемства – грамадзянская ініцыятыва «Еўрапейская Беларусь». Мэта акцыі – ушанаванне памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі — Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Дзмітрыя Завадскага, прыцягненне ўвагі да сітуацыі з палітычнымі рэпрэсіямі і палітвязнямі ў Беларусі.
16 верасня (аўторак) а 17.00 сустракаемся на Замковай плошчы ў Варшаве, каб засведчыць нашую Салідарнасць. Яны зніклі, але не засталіся забытымі! Запрашаем да ўдзелу!
Гаворыць адзін з арганізатараў пікета, каардынатар “Еўрапейскай Беларусі” Уладзімір Кобец:
– Нельга дазволіць закрыць гэтыя справы. Яны не расследаваліся гэтыя 15 год, а наадварот заціраліся ўсе сляды гэтых злачынстваў, каб справы ляглі ў архіў. Менавіта з лозунгам: “Прыцягнуць да адказнасці і пакараць забойцаў!” мы выйдзем сёння на Замкавую плошчу з партрэтамі зніклых, а таксама з партрэтамі палітвязняў, якія сёння працягваюць знаходзіцца ў засценках рэжыма Лукашэнкі.
Таксама сёння актывісты Беларуска-амерыканскага задзіночання плануюць пікет перад Беларускім пасольствам у Вашынгтоне ў знак пратэсту супраць адсутнасці прагрэсу ў расследаваннях знікненняў Ганчара і Красоўскага.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
16 верасня спаўняецца 15 гадоў з дня знікнення палітыка Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага, а 24 верасня канчаецца падоўжаны тэрмін расследавання крымінальнай справы аб знікненні былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Такім чынам, з інтэрвалам у тыдзень абедзве справы аб знікненні вядомых палітыкаў могуць проста закрыць з фармулёўкай «у сувязі з заканчэьнем тэрміну даўнасці».
У канцы жніўня ўдава Анатоля Красоўскага, Ірына Красоўская, і прадстаўнікі Беларуска-амерыканскага задзіночання звярнулія да дзяржсакратара ЗША Джона Керы, каб той паўплываў на афіцыйны Менск і заклікаў «грунтоўна расследаваць» знікненні Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, і Завадскага, а таксама даць публічную справаздачу аб высновах расследавання. Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША ўпэўнены, што Беларусь павінна падоўжыць тэрмін даўнасці ў расследаванні справы аб знікненні палітыка Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.
Сёння актывісты Беларускага-амерыканскага задзіночання плануюць пікет перад беларускім пасольствам у Вашынгтоне ў знак пратэсту супраць адсутнасці прагрэсу ў расследаваннях знікненняў Ганчара і Красоўскага.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота nv-online.info