150 затрыманняў па палітычных матывах у траўні
Паводле дадзеных закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна», з 6 траўня ў краіне зафіксавана каля 150 выпадкаў адвольных затрыманняў па палітычных матывах.
За гэты час 61 чалавек быў арыштаваны на тэрмін ад двух да 45 сутак. Некаторых (у прыватнасці, блогераў Сяргея Ціханоўскага і Уладзіміра Няронскага) судзілі некалькі разоў і кожны раз каралі арыштамі. Агульная колькасць сутак арышту з 6 па 22 траўня – 622. На падставе артыкулаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і за непадпарадкаванне міліцыі падчас гэтых акцый 47 чалавек засуджаны да штрафаў, агульная сума якіх перавышае 47 тыс. рублёў.
Адміністрацыйныя суды прайшлі ў 20 гарадах. «Рэкардсменамі» па колькасці палітычна матываваных адміністрацыйных спраў сталі Менск (больш як 22 суды), Магілёў (21) і Берасце(19), адзначаюць праваабаронцы. Паводле іх інфармацыі, чарговыя суды над паплечнікамі Ціханоўскага і іншымі актывістамі пройдуць 25–27, 29 траўня і 1 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя