17 траўня Палата прадстаўнікоў разгледзіць “антыдармаедскі” дэкрэт №1



На пасяджэнні 17 траўня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разгледзяць дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі №1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”. Гэтым дэкрэтам уносяцца змены ў сумна вядомы дэкрэт №3 ад 2 красавіка 2015 года “Аб папярэджанні сацыяльнага дармаедства”, з’яўленне якога прывяло да шматлікіх акцый пратэсту вясной 2017 года.

Ужо вядома, што дэкрэт №1, яшчэ не ўхвалены дэпутатамі парламента, пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2019 года. Паводле яго, збор з “незадзейнічаных у эканоміцы” беларусаў, якія не бяруць удзелу ў “фінансаванні дзяржрасходаў”, адменены, але плаціць ім усё ж давядзецца. Напрыклад, “дармаеды” мусяць на 100% аплачваць ацяпленне.

Апроч дэкрэта №1, 17 траўня дэпутаты разгледзяць у першым чытанні законапраект “Аб унясенні змен і дапаўненняў у некаторыя законы па пытанні прававога рэгулявання жыллёвых адносін”.

Еўрарадыё