180 мільярдаў – на прэзідэнцкую кампанію
Самая верагодная дата правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі – 15-га лістапада. У гарадах з’явяцца празрыстыя скрыні для галасавання, а кандыдаты ў прэзідэнты гэтым разам не атрымаюць сродкаў на агітацыйную кампанію – пра ўсё гэта ішла размова на пасяджэнні Цэнтрвыбаркаму. Кажа старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына:
– Яны будуць праводзіць агітацыю толькі на тое, што збяруць самыя. Але ім павялічылі магчымасць асабістых фінансавых фондаў з 3 тыс базавых велічынь – да 9 тыс базавых. Таксама ім далі магчымасць ствараць фонды не з моманту рэгістрацыі іх кандыдатамі ў прэзідэнты, а з таго моманту, як яны зарэгіструюць ініцыятыўную групу.
На правядзенне першага тура прэзідэнцкіх выбараў у бюджэце прадугледжана 180 мільярдаў рублёў. Збольшага – гэта сродкі на працу выбарчых камісій, частка – на пластыкавыя скрыні для галасавання. Таксама сёлета прадугледжана ўсё для людзей з кепскім зрокам – павелічальнае шкло і копіі ўсіх дакументаў шрыфтам Брайля. Афіцыйна дату выбараў абвесцяць у жніўні.
Беларускае Радыё Рацыя