Партыі Літвы дамовіліся не купляць энергію з Астравецкай АЭС



атомкаЛітоўскія палітыкі гатовы сігналізаваць Захаду, што паступленне электраэнергіі з Астравецкай АЭС (ААЭС), якая будуецца ў Беларусі, недалёка ад Вільні, будзе абмяжоўвацца: буйныя партыі краіны падрыхтуюць пагадненне пра пагрозу, якую ўяўляе гэтая станцыя для Літвы, паведамляе delfi. lt.

Такое рашэнне ў панядзелак было прынята на нарадзе ўсіх палітыкаў парламенцкіх партый і энергетыкаў у сойме. «Мы павінны накіраваць зусім ясны сігнал пра тое, што абмежаванне і фізічных, і камерцыйных патокаў будзе вельмі строгім. Што непасрэдна залежыць ад нас – гэта магчымасць прадэманстраваць беларусам, «Расатаму» і Пуціну, што эканамічны план гэтай электрастанцыі можа быць зусім не такім, як яны падлічвалі; што мы зробім усё, каб электраэнергія не трапіла ў літоўскую сістэму, каб ёй не гандлявалі, каб яна не прыносіла валюту», – заявіў лідар парламенцкай апазіцыі, кансерватар Андрус Кубілюс.

Аднак старшыня парламенцкага Камітэта па еўрапейскіх справах, сацыял-дэмакрат Гедымінас Кіркілас лічыць, што гэтыя дзеянні ўжо запозненыя. «Мы ўжо, сапраўды, падобнымі крокамі не спынім будоўлю гэтай электрастанцыі. Ужо прайшоў гэты час. Зараз, на маю думку, мы можам толькі змякчыць наступствы», – сказаў парламентар. Ён лічыць, што пагрозамі з нагоды Астравецкай АЭС Літва ператворыць Беларусь, якая незаўсёды падтрымлівае палітыку Расеі, у свайго ворага, а не саюзніка.

Апазіцыйныя палітыкі чакаюць, што да траўня будзе падрыхтаваны і прыняты соймам спецыяльны закон аб абароне Літвы ад ААЭС, у якім была б дадзена ацэнка тэхнічных мер, якія дазволілі б Літве эфектыўна абараніць сістэму ЛЭП ад электрычнасці з гэтай станцыі, а таксама неадкладна пачаць падрыхтоўку да сінхранізацыі ЛЭП Літвы з сістэмай электраперадачы Захаду.

Фота 5min.by