19 лістапада кіраўнікі МЗС краін ЕЗ абмяркуюць апошнія падзеі ў Беларусі
Міністры замежных спраў краін Еўразвяза на сустрэчы 19 лістапада абмяркуюць апошнія падзеі ў Беларусі. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана.
„Беларусь будзе ў парадку дня наступнай сустрэчы Савета міністраў замежных спраў ЕЗ у гэты чацвер, — сказаў ён. — Міністры абмяркуюць апошнія падзеі ў краіне і працяглыя рэпрэсіі супраць грамадзян”.
Стана не пацвердзіў інфармацыю аб тым, што на пасяджэнні кіраўніка МЗС збіраюцца разгледзець трэці пакет санкцый у дачыненні да Беларусі. Раней пра гэта са спасылкай на свае крыніцы паведамляў брусельскі карэспандэнт „Радыё Свабода” Рыкард Юзвяк. „Міністры замежных спраў ЕС маюць намер даць зялёнае святло трэцяму пакету санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі на сустрэчы ў чацвер. Забойства Бандарэнкі паскорыла працэс”, — напісаў ён у „Твітэры”.
Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, куды быў дастаўлены напярэдадні ў цяжкім стане з Цэнтральнага РУУС Менска.
Увечары 11 лістапада на сімвалічнай „плошчы Перамен” — у двары жылога дома, дзе на трансфарматарнай будцы пастаянна з’яўляецца выява „дыджэяў перамен”, здарыўся канфлікт. Згодна з паведамленнем відавочцаў, вечарам туды прыехалі невядомыя і сталі зразаць белыя і чырвоныя стужкі, якімі ўпрыгожаны двор. Мясцовыя жыхары спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, завязалася бойка. Бандарэнка быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ва УУС Цэнтральнага раёна.
Раніцай 12 лістапада ў СМІ з’явілася фатаграфія выпіскі з бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, з якой вынікала, што Бандарэнка знаходзіўся ў аддзяленні рэанімацыі нейрахірургічнага профілю ў цяжкім стане. У выпісцы было пазначана, што яго даставілі ў такім стане з РУУС на вуліцы Арлоўскай, 58. Пазней лекары паведамілі, што ў маладога чалавека цяжкая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканак галавы. Ён быў у коме.
Следчы камітэт сцвярджае, што пры медыцынскім аглядзе разам з цялеснымі пашкоджаннямі ў пацярпелага была дыягнаставаная алкагольная інтаксікацыя. Аднак тэлеграм-канал медработнікаў „Белыя халаты” размясціў дакумент з бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, з якога вынікае, што Бандарэнка быў абсалютна цвярозы.
15 лістапада ў Менску, ва ўсіх абласных цэнтрах і шэрагу іншых гарадоў прайшлі акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Паводле звестак праваабаронцаў, затрымана не менш за 1.127 чалавек, з іх 967 — у Менску. Валанцёрскі тэлеграм-канал „Спісы затрыманых” дае лічбу 1.423.
У Менску сілавікі не дазволілі пратэстоўцам сфармаваць калону ля станцыі метро „Пушкінская”, адбыліся масавыя затрыманні на праспекце Пушкіна і ў прылеглых дварах. На скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага прагрымелі два выбухі. Ля развязкі праспект Пушкіна — вуліца Ціміразева — вуліца Арлоўская — праспект Пераможцаў быў выстаўлены ўзмоцнены кардон з калючым дротам, бо анансаваны маршрут пралягаў міма Палаца Незалежнасці — цяперашняй працоўнай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.
Некалькі тысяч чалавек сабраліся на самой „плошчы Перамен”. Туды прыбылі сілавікі, аднак яны знаходзіліся ў меншасці і неўзабаве адступілі. Пасля гэтага частка людзей пакінулі двор, а сілавікі прыцягнулі дадатковыя падраздзяленні і апынуліся ў большасці. „Плошча Перамен” была зачышчаная, пратэстоўцаў затрымалі. Мемарыял быў часткова знішчаны: сарваныя сцягі, плакаты, растаптаныя лампадкі, частка кветак. Прачэсваліся таксама найбліжэйшыя двары і дамы. У раёне вуліц Чарвякова і Арлоўскай былі чутныя выбухі і стрэлы. Пасля 18-й гадзіны пачаўся поўны знос мемарыяла.
Да раніцы сілавікі патрулявалі „плошчу Перамен” і наваколлі. Быў уведзены пашпартны рэжым: у тых, хто выходзіў з пад’ездаў, правяралі прапіску ў надзеі выявіць тых, хто схаваўся ў кватэрах перад сілавой аперацыяй. Сілавікі таксама хадзілі па кватэрах. Ноччу ў сацсетках з’явілася фатаграфія з пяццю затрыманымі ў адным з дамоў.