19 снежня ў Менску адбылося чарговае паседжанне „сямёркі”
Лідары сямі вядучых дэмакратычных партый і арганізацый працягваюць абмяркоўваць магчымасць сумесных дзеянняў у час прэзідэнцкай кампаніі.
Аднак тэма адзінага кандыдата, якога павінен выбраць Кангрэс дэмакратычных сілаў, ужо не стаяла на павестцы дня, – распавёў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
– Безумоўна абмяркоўвалі, у чым мы маглі бы супрацоўнічаць пры падрыхтоўцы і правядзенні прэзідэнцкіх выбараў 2015 году. Адным з пунктаў фармавання парадку дня было абмеркаванне магчымасці сумеснага ўдзелу ў кампаніі вылучэння Міколы Статкевіча, таксама каардынацыя пазіцыяў у міжнародных кантактах, каардынацыя пазіцыяў агульнай праграмы пераменаў. Менавіта ў гэтых накірунках можна гаварыць пра магчымасць нейкага супрацоўніцтва.
„А вось пытанне пра адзінага кандыдата з прычыны складанасцяў і супярэчнасцяў, якія ўзніклі цягам апошняга часу, зараз ужо не стаіць у павестцы дня”, – сказаў палітык.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя