19 снежня – угодкі Плошчы-2010 у Менску (абноўлена)
Каля Чырвонага касцёла вечарам 19 снежня актывісты запалілі “свечкі салідарнасці”, – паведамляе Tut.by. Да касцёла прыйшоў Дзмітрый Паліенка, Мікалай Статкевіч ды яшчэ некалькі чалавек. Супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным і журналістаў аказалася значна больш, чым удзельнікаў. Паліенка некалькі разоў падкрэсліў, што гэта не акцыя. “Гэта не акцыя, не пікет, не мітынг, гэта проста знак салідарнасці з тымі, хто ўдзельнічаў у акцыі 19 снежня 2010 года, і з тымі, хто сядзіць зараз”, — сказаў Паліенка, словы якога перадае “Наша Ніва”. Статкевіч заявіў, што прыйшоў да касцёла, каб успомніць 19 снежня 2010 года і тых, хто тады пацярпеў. “Зараз падзеі ўваходзяць у вострую стадыю, але плошча-2020 пераможа”, — сказаў палітык. Ён таксама заявіў журналістам, што плануе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у наступным годзе.
* * *
Вітольд Ашурак пра Плошчу 2010: «Беларусі патрэбная – эвалюцыя, а не рэвалюцыя»
Сёння адзначаецца 9-я гадавіна Плошчы 19 снежня 2010 года. Тады каля 40 тысяч чалавек сабраліся на плошчы Незалежнасці, каб выказаць сваю нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Пасля таго, як невядомыя асобы спрабавалі штурмаваць Цэнтрвыбаркам, міліцыя і ўнутраныя войскі зладзілі брутальны разгон дэманстрацыі. Сотні людзей былі збітыя і кінутыя за краты.
Вітольд Ашурак, які ў тую ноч апынуўся ў віры падзеяў, лічыць, што Беларусь павінная ісці не па шляху рэвалюцыі, а развіцця:
– Тады я лічыў, што перамены могуць адбыцца ў выніку рэвалюцый. Сённяшні я больш дасведчаны, той чалавек, які аналізаваў вынікі плошчы 2010 года, вынікі ўкраінскай рэвалюцыі 2014 года. Той чалавек рэвалюцыі не хоча, вось я не хачу рэвалюцыі. Таму я, хутчэй за ўсё, схіляюся да таго, што Беларусі патрэбная эвалюцыя. Плошча для мяне стала каталізатарам вось гэтай маёй унутранай эвалюцыі.
Па выніках брутальнага разгону Плошчы, каля 700 чалавек атрымалі адміністрацыйныя арышты. Каля 50 чалавек праходзілі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Апошнія з іх выйшлі на волю толькі ў канцы лета 2015 года.
Сам жа Вітольд Ашурак быў асуджаны на 12 сутак арышту.
***
Споўнілася дзевяць гадоў Плошчы 2010 года ў Менску.
Пасля аб’яўлення вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у сталіцы прайшла масавая вулічная акцыя, якую разагналі сілавікі.
Паводле афіцыйных вынікаў, Аляксандр Лукашэнка набраў 79,65% (апазіцыя ў яго перамогу ў першым туры не верыла). Сярод іншых дзевяці кандыдатаў найбольш атрымаў Андрэй Саннікаў – 2,43%.
На Кастрычніцкай плошчы на акцыю пратэсту сабраліся дзясяткі тысяч чалавек, якія пасля прайшлі па праспекце Незалежнасці да Дома ўраду. Там пратэстоўцы былі разагнаныя, затрымалі каля 700 чалавек.
Яшчэ да абвяшчэння вынікаў выбараў адбыўся напад на кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева і яго каманду. Збітага Някляева завезлі ў шпіталь, адкуль яго пасля забралі ў СІЗА КДБ. Агулам былі затрыманыя 7 кандыдатаў у прэзідэнты.
Па справе аб «масавых беспарадках» былі асуджаныя паўсотні чалавек. Апошнія з палітвязняў выйшлі на волю ў канцы лета 2015-га года.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: maxim-nm.livejournal.com