2 лістапада ў Менску – дазволеныя шэсце і мітынг на Дзяды
Менскія гарадскія і абласныя ўлады далі дазвол на правядзенне традыцыйнга Дня памяці „Дзяды” – шэсця і мітынгу ва ўрочышчы Курапаты – месцы расстэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 30-х гадоў мінулага стагоддзя.
Па словах намесніка старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага, традыцыйнае мерапрыемства адбудзецца 2 лістапада:
– Шэсце пройдзе па вуліцах Менску па традыцыйным маршруце – ад гадзіннікавага заводу. Пачатак збору ў 10.30, рух калоны ў 11.00. Пасля заканчэння шэсця – мітынг у Курапатах.
Мітынг у Курапатах пройдзе з 14. 30 да 17 гадзін. Па словах Юрася Беленькага, арганізатары чакаюць, што ў мерапрыемстве прыме ўдзел шмат людзей, не менш, чым у былыя гады.
„Дзяды – гэта агульна-нацыянальнае свята, агульна-нацыянальнае рушанне. Дзень памяці сягае з глыбінь нашай гісторыі. І нацыя жыве, пакуль ёсць памяць. Пакуль нацыя грунтуецца не толькі на матэрыяльных, але і на духоўных каштоўнасцях – яна мае перспектывы”, – падкрэсліў Юрась Беленькі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя