20 гадоў без „Пагоні”, мовы і незалежнага парламента



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Антончык успамінае часы, калі ў Беларусі прайшоў першы рэферэндум, і распавядае, якія яго наступствы сёння.

Роўна 20 гадоў таму, 14 мая 1995 года, у Беларусі прайшоў рэферэндум, які ў выніку дазволіў кіраўніку краіны пераабірацца бязмежна, надаў дзяржаўны статус расейскай і беларускай мовам, змяніў сімволіку, а краіна ўзяла курс на інтэграцыю з Расеяй. Што маем праз два дзесяцігоддзі?

Сяргей Антончык: У знак пратэсту мы тады з калегамі-дэпутатамі нават аб’явілі галадоўку, бо разумелі, што рэферэндум – гэта забойства беларускай незалежнасці. Змена нацыянальных сімвалаў, наданне расейскай мове дзяржаўнага статусу – гэта прыводзіла да скасавання філасофіі краіны на Адраджэнне. Таму я памятаю рэферэндум, як вельмі сумную падзею. Цяжкае адчуванне, што ўсё разумееш і зрабіць нічога не можаш. Хоць праводзіліся з гэтай нагоды нейкія акцыі пратэсту, ладзіліся мітынгі, былі сустрэчы з людзьмі. Але, на вялікі жаль, нішто не паўздзейнічала на ўладу, і рэферэндум адбыўся.

РР: Якія яго вынікі вы бачыце сёння?

Сяргей Антончык: 20 гадоў таму пачынаўся рэванш расейскай імперыі, людзі гэтага не разумелі. Зараз Беларусь пакрыху страчваецца, як краіна. Яна пераўтвараецца ў залежную ад Расеі паўкалонію. Вось гэта самае цяжкае наступства. Калі б прайшлі 15-20 гадоў беларускага Адраджэння, то зараз мы мелі б зусім іншую краіну. Нам, як паветра, былі неабходны гэтыя 20 гадоў, зараз вырасла б ужо зусім іншае пакаленне са сваёй мовай і культурай. Каб мелі сваю ідэнтыфікацыю ў сусветнай прасторы, як нацыя. Але гэтага не адбылося. Тыя парасткі нацыянальнага Адраджэння, якія з’явіліся пасля развалу Саюза, былі знішчаны рэферэндумам, які, на мой погляд, быў распрацаваны ў Расеі, каб не даць стаць на ногі самастойнай Беларусі. Гэта быў брутальны механізм разбурэння будучыні па-сапраўднаму незалежнай краіны.

725a2ce7ef6ec52b3ee876553e62ef60

У выніку рэферэндуму краіна змяніла дзяржаўную сімволіку часоў адноўленай незалежнасці — герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг – на падпраўленыя савецкія сімвалы, расейская мова стала другой дзяржаўнай, Беларусь узяла курс на эканамічную інтэграцыю з Расеяй. Пратэсты апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, што згодна з заканадаўствам пытанні мовы і сімволікі не могуць выносіцца на рэферэндум, не прынеслі вынікаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя