20 гадоў таму Мясніковіча ўзялі ў ЗША ў апошні момант
Стала вядома, што ў верасні беларуская дэлегацыя на чале з Міхаілам Мясніковічам возьме ў ЗША ўдзел у інвестыцыйным беларуска-амерыканскім форуме. Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч успамінае, як 20 гадоў таму Мясніковіч паляцеў у ЗША замест міністра замежных спраў Краўчанкі, а таксама ацэньвае перспектывы беларуска-амерыканскіх дачыненняў.
РР: Некаторыя мяркуюць, што пасля кароткага візіту ў Менск Біла Клінтана на пачатку 1994 года гэты ўдзел у форуме – другая па значнасці станоўчая падзея ў беларуска-амерыканскіх дачыненнях. Якое ваша меркаванне з гэтай нагоды?
Станіслаў Шушкевіч: Ведаеце, мне цяжка сказаць, які будзе вынік пасля ўдзелу беларускай дэлегацыі ў форуме, але тое, што беларуска-амерыканскія стасункі ў дрэнным стане і гэта дрэнна адбіваецца на Беларусі – адназначна. І, калі ўлічваць паводзіны беларускіх уладаў у гэтым кірунку, здзіўляцца тут няма чаму. Але, магчыма, вырашылі аднавіць добрыя стасункі з ЗША, і гэта вельмі добра. Дарэчы, Мясніковіч, які зараз узначаліць беларускую дэлегацыю, у 1993 годзе таксама лётаў разам са мной у Злучаныя Штаты. У апошні момант Мясніковіч (на той час ён быў віцэ-прэм’ерам) замяніў у дэлегацыі міністра замежных спраў Пятра Краўчанку і быў вельмі задаволены паездкай. Ён быў у Авальнай зале, на сустрэчы з Клінтанам…
РР: А чаму адбылася такая ракіроўка?
Станіслаў Шушкевіч: Краўчанка стаў у позу, заявіў, што не паедзе ў ЗША. Вырашыў, напэўна, так: калі ён не паедзе, то сарвецца візіт. Самалюбства ў Пятра Кузьміча гіпертрафічна развітое.
РР: На што так пакрыўдзіўся Пётр Краўчанка?
Станіслаў Шушкевіч: Таму што давялося некалькі разоў паставіць яго на месца. Ён клапаціўся пра сябе, але не пра дачыненні. Калі ў Менск прыязджаў дзяржсакратар ЗША Уорэн Крыстофер, праграмай не было прадугледжана яго наведванне МЗС. Уорэн сустрэўся са мной, як са старшынём Вярхоўнага Савета Беларусі, а Краўчанка на гэта і пакрыўдзіўся. Як гэта да яго дзяржсакратар не завітаў? Пасля чаго і заявіў, што не паедзе ў Штаты. Я яму: “Дзякуй! Паедзе твой начальнік Мясніковіч”.
РР: Якімі вам бачацца сёння перспектывы беларуска-амерыканскіх стасункаў?
Станіслаў Шушкевіч: Ведаеце, супрацоўнічаць у галіне тэхналогій з Кітаем ці Венесуэлай – гэта, прабачце, несур’ёзна. Цягнуцца трэба да тых, у каго ёсць мазгі. Калі мы заяўляем, што пабудуем у сябе “сіліконавую даліну”, то неабходна выходзіць на тых, у каго ёсць сучасныя тэхналогіі. І, калі зараз Беларусь робіць крок у гэтым кірунку, то гэта цудоўна. Але ў мяне вялікі сумніў, бо ў нас жа пераважваюць лозунгі. Аднак Мясніковіч у гэтай сферы добра арыентуецца. Калі не будзе аніякіх перашкодаў, можна будзе шмат чаго дасягнуць у карысных стасунках.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота virtualbelarus.by