20 гадоў таму знік тэлеаператар Дзмітрый Завадскі
Роўна 20 гадоў таму знік беларускі тэлеаператар, супрацоўнік Грамадскага расеійскага тэлебачання (ОРТ, цяпер — Першы канал) Дзмітрый Завадскі. На момант знікнення яму было 27 гадоў.
Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) заклікала калег сёння апоўдні ўшанаваць памяць Дзмітрыя Завадскага хвілінай маўчання.
„Прайшло 20 гадоў, а праўды мы не ведаем дагэтуль, — гаворыцца ў паведамленні БАЖ. — Вельмі цяжка і балюча. Няма нават магілы, на якую можна было б прыйсці і ўспомніць калегу. У мінулыя гады 7 ліпеня мы прыходзілі з партрэтамі Дзмітрыя да пад`езда, адкуль ён выйшаў той раніцай. Але сёння гарантаваць бяспеку калег падчас нават маўклівага стаяння з партрэтам немагчыма. Але памяць немагчыма забіць. Украсці. Затрымаць, аштрафаваць ці кінуць на „суткі”.
З 1994 па 1996 год Дзмітрый Завадскі працаваў у аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым стаў працаваць на Грамадскім расійскім тэлебачанні. Летам 1997 года ён разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі. З кастрычніка 1999 года па май 2000-га Завадскі працаваў у Чачні, дзе з Шараметам здымаў фільм „Чачэнскі дзённік”.
Раніцай 7 ліпеня 2000 года Завадскі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Менск сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З таго часу аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.
У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС „Алмаз” Валерыя Ігнатовіча, які сустракаўся з ім у Чачні. Ігнатовіч, а таксама прызнаны вінаватым у выкраданні Максім Малік асуджаныя на пажыццёвае зняволенне. Былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза і беспрацоўнага Сяргея Савушкіна, якія таксама праходзілі падазраванымі па гэтай справе, у выніку прызналі вінаватымі ў здзяйсненні іншых злачынстваў і асудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму адпаведна.
27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Менска прызнаў Завадскага памерлым, хоць яго цела так і не было знойдзена. У сакавіку 2004 года пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага „ў сувязі з невыяўленнем зніклай без вестак асобы”. У 2005 годзе расследаванне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га зноў прыпынена.
У студзені гэтага года ўдава Завадскага атрымала афіцыйны адказ Следчага камітэта з адмовай аднавіць прыпыненае папярэдняе расследаванне па справе выкрадзенага тэлеаператара.
У пачатку 2000-х гадоў былі апублікаваныя дакументы, з якіх вынікала, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі актывістамі расправіўся спецыяльна створаны для гэтага „эскадрон смерці”. Сярод датычных да выкраданняў згадваўся былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў. Па гэтай прычыне яму, як і шэрагу іншых беларускіх чыноўнікаў, быў забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвяза.