200 дзён пратэстаў — помнік годнасці народа
200 дзён беларускіх пратэстаў — гэта юбілей, які „не назавеш святам, але з’яўляецца помнікам годнасці народа”, напісаў былы пасол Літвы ў Менску (ліпень—снежань 2012 года) і былы міністр замежных спраў краіны (снежань 2012-га — снежань 2020-га) Лінас Лінкявічус на сваёй старонцы ў „Твітэры”.
„Гэта цвёрдая рашучасць і адзінства, якія з кожным днём набіраюць сілу. І гэта кожны дзень разбурае ілюзіі „лідараў”, якія сыходзяць”, — лічыць былы кіраўнік літоўскай дыпламатыі.
Раней Лінкявічус пракаментаваў нападкі Аляксандра Лукашэнкі на Захад, якія прагучалі на VI Усебеларускім народным сходзе: „Лідар, які сыходзіць, падбадзёрвае сябе і абвяшчае, што ён выйграў „інспіраваны Захадам бліцкрыг”. Яму цяжка паверыць, што гэта не Захад, а Беларусь страціла цярпенне, людзі змагаюцца 6 месяцаў і не збіраюцца спыняцца, пакуль не стануць свабоднымі. Гэта іх краіна!”
Акцыі пратэсту ў Беларусі праходзяць штодня ў розных фарматах з 9 жніўня 2020 года. Грамадзяне выступаюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і пераследу іншадумцаў. Паводле звестак праваабаронцаў, адміністрацыйны арышт зазналі больш за 30 тысяч чалавек, больш за 800 праходзяць па крымінальнай справе. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі каля 250 чалавек. Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў 24 лютага, што яго ведамства распачало каля 2.300 спраў „экстрэмісцкай скіраванасці”.
Беларускае Радыё Рацыя