21-23 жніўня Беларусь наведае польская парламенцкая дэлегацыя



21-23 жніўня Беларусь наведае польская парламенцкая дэлегацыя на чале з віцэ-маршалам сейма Рышардам Цярлецкім.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, падчас візіту бакі абмяркуюць пытанні пашырэння міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, паглыблення гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага, турыстычнага і гуманітарнага супрацоўніцтва.

Раніцай 22 жніўня ў Доме ўрада адбудзецца сустрэча польскай дэлегацыі з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком. Там жа запланаваная сустрэча з рабочай групай Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з парламентам Польшчы.

Акрамя гэтага, польскія парламентарыі сустрэнуцца з кіраўніцтвам Міністэрства спорту і турызму, наведаюць спарткомплекс „Мінск-Арэна”.

Запланаваныя паездкі ў Мядзельскі і Глыбоцкі раёны. Члены дэлегацыі сустрэнуцца з кіраўніцтвам Мядзельскага райвыканкама (Менская вобласць), пабываюць у нацыянальным парку „Нарачанскі” і экскурсійна-турыстычным комплексе „Аптэкарскі сад”. У вёсцы Нарач дэлегацыя возьме ўдзел у набажэнстве і цырымоніі ўрачыстага адкрыцця мемарыяльнай дошкі польскаму эканамісту і грамадскаму дзеячу, жонцы восьмага прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага Марыі Качыньскай.

У апошні дзень візіту дэлегацыя наведае санаторна-курортны комплекс „Пліса” ў Глыбоцкім раёне (Віцебская вобласць), дзе сустрэнецца з кіраўніцтвам раёна і прадстаўнікамі польскай дыяспары.

belapan.by