21 год таму знік журналіст Зміцер Завадскі
21 год таму ў Менску знік тэлежурналіст Зміцер Завадскі.
Пазней адбыўся суд, і вінаватымі ў яго выкраданні былі прызнаныя былы спецназавец з атраду па барацьбе з тэрарызмам Валер Ігнатовіч і баец гэтага ж спецпадраздзялення Максім Малік, абодва сябры праварадыкалнага РНЕ (Русское Национальное Единство). Абодва прысужаны да пажыццёвага зняволення. Аднак суд не адказаў, як было здзейснена злачынства, дзе пахаваны Завадскі і на многія іншыя пытанні.
Гаворыць намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:
– На жаль, апошнія падзеі нас у нейкім сэнсе аддалілі ад выкраданняў і знікненняў 2000-х, а з другога боку, наадварот, вельмі моцна наблізілі. Сумныя рэаліі апошняга года паставілі многія падзеі ў адзін шэраг з падзеямі 2000-х. Раней дзень выкрадання Завадскага 7-га ліпеня быў адной з самых важных дат лета ў журналісцкім календары Беларусі. Пасля да гэтай даты дадаўся дзень забойства Паўла Шарамета. І заўсёды ў гэтыя дні мы сустракаліся або на магіле Паўла Шарамета, або ля кватэры Змітра Завадскага. Але цяпер кожны дзень проста бясконцы шквал рэпрэсій супраць журналістаў. І часцей мы сустракаемся ў судах, а з многімі нават сустрэцца не можам, бо 25 нашых калег зараз знаходзяцца за кратамі.
РР: Праз дзяржаўныя СМІ раскручваецца тэма пра нібыта замах на жыццё праўладнага журналіста з СТВ. У той час як ёсць рэальныя забойствы таго ж Завадскага, Веранікі Чаркасавай, Алега Бябеніна.
Барыс Гарэцкі: Я не думаю, што ў цяперашніх беларускіх рэаліях увогуле магчыма чакаць расследаванняў тых забойстваў. Цяпер нават свежыя злачынствы супраць журналістаў не расследуюцца. Ёсць спадзеў толькі на нейкія сведчанні, калі раптам людзі, якія мелі датычнасць да тых падзей, выехалі або змянілі сваё меркаванне і яны нешта апублікуюць. Цяпер нават гарачыя падзеі, стрэлы ў журналістаў, якія адбываліся навідавоку, знятыя на камеры відэаназірання, па іх нават крымінальныя справы не заведзеныя. Нядаўна размаўляў з Наталляй Лубнеўскай, якая 38 дзён правяла ў шпіталі хуткай дапамогі пасля ранення. Крымінальная справа па гэтым выпадку дагэтуль не пачата.
Аднак, калі камуністычны рэжым рухнуў, праўда пра яго злачынствы літаральна выбухнула. Таму ёсць упэўненасць, што і праўду пра лёс Змітра Завадскага і іншых зніклых апанентаў афіцыйных уладаў мы з часам даведаемся, – лічыць Барыс Гарэцкі.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: gazetaby.com