Беларусь – адзіная у Еўропе, хто не ўшаноўвае ахвяр сталінізму (абноўлена)
Беларусь застаецца адзінай дзяржавай сярод еўрапейскіх краін, дзе не ўшанавана памяць ахвяр сталінізму, заявіў гісторык Ігар Кузняцоў на брыфінгу, прысвечаным памяці ахвяр аўтарытарызму.
Кузняцоў са шкадаваннем адзначыў, што дагэтуль “у Беларусі, у адрозненне ад усіх еўрапейскіх краін, памяці ахвяр сталінізму не надаюць увагі”:
– Мы звярталіся ва ўсе дзяржаўныя інстанцыі, пачынаючы ад Адміністрацыі прэзідэнта, з просьбай увесці ў Беларусі, аналагічны як у Расеі, Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. У Расеі 30 кастрычніка адзначаецца на дзяржаўным узроўні, мы прапаноўвалі гэты дзень 29 кастрычніка. У выніку зварота да старшыні Рады міністраў, мы атрымалі адказ за подпісам старшыні КДБ, тады гэта быў Сухарэнка, які сказаў, што ў Беларусі вы можаце адзначаць гэту дату на Дзяды і на Радуніцу, а далей мы лічым немэтазгодным.
У Еўропе, адзначыў гісторык, заахвочваюць і падтрымліваюць дзейнасць няўрадавых арганізацый, якія праводзяць даследчую і асветніцкую працу аб злачынствах таталітарных рэжымаў. “У Беларусі за гэта нават не ўзяліся”, – дадаў Кузняцоў.
Ідэя адзначэння Дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму належала Вацлаву Гавелу, які лічыў важным нагадваць еўрапейскім народам, пра падпісаны 23 жніўня 1939 году пакт Рыбентропа – Молатава, які ў выніку распачаў Другую сусветную вайну.
“У Еўропе ўжо 5 год адзначаецца Дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Аднак у Беларусі ён не стаў пакуль знакавым ні для дзяржавы, ні для грамадскасці”, – сказаў гістрык Ігар Кузняцоў на брыфінгу ў Менску, які быў прысвечаны гэтаму дню.
– Здаецца, гэта тая дата, якая мусіць аб’яднаць памяць ахвяраў вайны, памяць ахвяраў рэпрэсій. А наш народ вельмі пацярпеў ад двух рэжымаў. Але з кожным годам колькасць тых, хто прыходзіць і ў Трасцянец, і ў Курапаты, змяншаецца. Для мяне гэтая тэндэнцыя сумная. Гэта гаворыць пра тое, што, напэўна, далёка не ўсё нармальна ў нашым грамадстве.
Адказ, чаму такое адбываецца, зразумелы. За мінулыя 20 гадоў тэма рэпрэсій сышла з падручнікаў гісторыі. Гісторыя скажаецца, навязваецца думка, што ніякіх незаконных масавых рэпрэсій не было, а яны быццам выкарыстоўваліся толькі супраць ворагаў савецкай улады. І усё гэта прерашкаджае фармаванню нацыянальнай свядомасці беларусаў, – лічыць Ігар Кузняцоў.
«Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму павінен адзначацца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні», – сказала каардынатар руху салідарнасці „Разам” Ганна Шапуцька, выступаючы ў Менску на брыфінгу, які быў прысвечаны Дню памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў.
– Роўна пяць гадоў таму назад, калі адзначаўся гэты дзень, па інцыятыве руху «Разам» з далучэннем партыяў і арганізацый мы паехалі ў Катынь. Такім чынам беларуская грамадскасць адзначыла гэты дзень. Але гэта недастаткова, гэты дзень трэба адзначаць на шырокім узроўні. Абавязкова трэба, каб пра гэта помніла дзяржава. І каб гэта ішло на дзяржаўным узроўні.
Як распавяла Ганна Шапуцька, паездка ў Катынь адбудзецца і ў гэтым годзе. Яна набывае яшчэ больш важны змест, улічваючы, што Расея фактычна развязала і падтрымлівае вайну супраць Украіны. «А гэта значыць, не знішчана, працягвае існаваць агрэсіўная сістэма, якая параджае войны і масавыя забойствы», – кажа Ганна Шапуцька
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя