25 гадоў без СССР
На міжнароднай канферэнцыі “Менскі дыялог” абмяркоўваюць наступствы развалу савецкай імперыі. Дыскусія праходзіць у гістарычным месцы – Выканаўчым камітэце СНД. Хаця першапачаткова планаваліся Віскулі, дзе ў 1991 годзе былі падпісаныя Белавежскія пагадненні. Адметна, што меркаванні былых ды цяперашніх прадстаўнікоў улады, з аднаго боку, і незалежных экспертаў, з другога, дыяметральна разыходзяцца. У тым пераканаўся наш карэспандэнт Стас Дадэрка.
РР: Вельмі прадстаўнічы склад экспертаў. Але, на маю думку, не хапае Станіслава Шушкевіча з Вячаславма Кебічам. Ці Вам былі выстаўлены нейкія абмежаванні?
Мадэратар канферэнцыі, кіраўнік экспертнай ініцыятывы “Менскі дыялог” Яўген Прэйгерман: Не, ніхто ніякіх абмежаванняў не выстаўляў. Па-першае, дзве гэтыя гістарычныя асобы недаступныя ў гэты час. Гэта можна прасачыць нават у СМІ. Спадар Шушкевіч не так даўно быў у ЗША на іншай прадстаўнічай канферэнцыі. А па-другое, на гэтай канферэнцыі мы факусуемся на пытаннях сённяшняга і заўтрашняга дня, таму ў нас маладзейшы склад, чаго не заўважыш на падобных канферэнцыях.
РР: А канкрэтна на Ваш погляд, развал СССР, які адбыўся 25 гадоў таму, гэта пазітыўная ці негатыўная падзея? Ці варта папросту ўспрымаць гэта як дадзенасць, факт?
Яўген Прэйгерман: Я схіляюся, хутчэй, да нейтральнага адказу: гэта факт. І насамрэч пытанне ацэнак – гэта другаснае. Бо ні тады, ні цяпер часу пра гэта разважаць няма. Хоць я лічу, што калі гэтая падзея прынесла суверэнітэт Беларусі, то гэта падзея вельмі важная для беларускай дзяржавы.
РР: Зусім нядаўна ў Расеі прайшло сацапытанне, і большасць расейцаў выказала свой сум з нагоды развалу СССР. Як, на Вашу думку, у Беларусі ставяцца да гэтага людзі? І ці змяняюцца з кожным годам адносіны да гэтага? Бо 25 гадоў ужо прайшло…
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі: Людзі розныя. Калі ўзяць палітычнага лідара, то ён не так даўно, будучы ў Пекіне, сказаў, што гэта катастрофа. Як вядома, расейскі афіцыйны лідар кажа тое ж. І гэта пры тым, што дзякуючы развалу СССР Лукашэнка атрымаў сваю пасаду. Калі браць шырэй, то ў кіроўнай эліце яшчэ ёсць частка старой прасавецкай гвардыі, і іх мысленне засталося савецкім.
Галоўная праблема Беларусі сёння – гэта тое, што беларуская эканоміка так і не стала самастойнай. Цягам 25 гадоў гульні ў брацкую інтэграцыю прывялі да таго, што не адбыліся даўно ўжо наспелыя рэформы. І сёння, колькі б ні казалі беларускія кіраўнікі пра шматвектарнасць, дыверсіфікацыю і палітыкі, і замежнага гандлю, нічога не атрымліваецца.
Былы, трэці па ліку міністр замежных спраў БССР, у 70-х гадах пастаянны прадстаўнік БССР пры ЮНЭСКА Іван Антановіч: Я ведаю, што большасць людзей сталага веку ва ўсіх постсавецкіх краінах хацелі б вярнуцца назад, у часы сваёй маладосці. Гэта больш настальгія, чым памяць пра рэальныя падзеі. Адначасова гэта была і трагедыя. Бо распад такой вялікай дзяржавы, другой дзяржавы сусвету, на якой трымалася раўнавага светапарадку, – гэта трагедыя. І вінаватыя ў ёй усе тыя, хто быў на чале той вялікай дзяржавы. Хто мог прадбачыць?.. Трагедыя, але разам з тым – факт. Павароту няма. Трэба жыць далей.
РР: Але ж ёсць спробы аднаўлення ў новай форме. Напрыклад, Еўразійскі эканамічны саюз.
Іван Антановіч: Калісьці Біл Клінтан перамог у прэзідэнцкіх выбарах адным простым, нават прымітыўным лозунгам “It’s the economy, stupid” (“Гэта эканоміка, дурачок”). Калі будзе добрая эканоміка ў Расеі і краінах постсавецкай прасторы, яны заўсёды знойдуць магчымасці ўзаемадзейнічаць і змогуць пераадолець розныя праблемы, канфлікты.
РР: Выходзіць, сваімі дзеяннямі Расея, наадварот, пагаршае ўласнае эканамічнае становішча?
Іван Антановіч: Гэта няпраўда. Расеі папросту цяжка прывесці ў парадак такую вялізную краіну ў 150 мільёнаў чалавек. Гэта першая краіна па тэрыторыі ў сусвеце. І ў яе неверагодныя цяжкасці.
РР: Некаторыя эксперты схільны называць працэсы, якія цяпер адбывюцца на постсавецкай прасторы, чарговым этапам развалу імперыі. Адзін з такіх этапаў быў пасля Першай сусветнай вайны, другім этапам называюць 1991 год. Ці, наадварот, Расея выбудоўвае імперыю нанова?
Эксперт „Ліберальнага клуба” Вадзім Мажэйка: Зараз адбываецца звычайная рэч. Пасля краху імперыі ў Крамля застаецца адчуванне сябе сталіцай імперыі. Але няма ні імперыі, ні рэальных магчымасцей пабудаваць сабе гэтую імперыю. Адсюль мы бачым пэўныя фантомныя болі: стварэнне магутнай імперыі замяняецца акупацыяй аднаго Крыма. І мы бачым, з якімі наступствамі. Пачынаюцца нейкія дзіўныя войны ў Сірыі. Мы бачым нейкія спробы штосьці змяніць, але агулам гісторыя прайшла – аднавіць СССР немагчыма. Нават фантомныя дзеянні Масквы не адновяць Савецкі Саюз.
Падчас канферэнцыі “Менскі дыялог” намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў і сенатар Сяргей Рахманаў паўтарылі тэзу кіраўнікоў Беларусі і Расеі наконт таго, што ліквідацыя Савецкага Саюзу сталася найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагоддзя. Разам з тым, яны высока ацэньваюць ролю Садружнасці Незалежных Дзяржаў у постсавецкіх інтэграцыйных працэсах.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота vsesovetnik.ru