25 гадоў таму прынятая Канстытуцыя суверэннай Беларусі



«Рэспубліка Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава». 15 сакавіка 1994 года дэпутаты Вярхоўнага Савета ХII склікання прынялі Канстытуцыю – першы асноўны закон незалежнай Беларусі. Гэта была першая Канстытуцыя суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Адзін з тагачасных дэпутатаў Вярхоўнага Савету Валянцін Голубеў успамінаў: „Працэсы пабудовы дзяржавы мала залежалі ад перакананняў людзей, якія туды прыйшлі. Дзяржаўныя і нацыянальныя інтарэсы пераважалі над партыйнымі. Цікава было тое, што абсалютная большасць людзей – як камуністаў, так і юрыстаў, прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, – прыйшлі да адзінай высновы, што Беларусь павінна мець канстытуцыю, якая б абвяшчала яе незалежнасць. 22 чэрвеня 1990 г. была прынята Пастанова Вярхоўнага Савета БССР «Аб стварэнні Канстытуцыйнай камісіі. Праца над Канстытуцыяй Беларусі доўжылася 3 гады і 9 месяцаў і скончылася 15 сакавіка 1994 года”.

Былі створаныя дзве працоўныя групы. Адна афіцыйная (прадзяржаўная), другая – альтэрнатыўная (дэмакратычная). Афіцыйную групу ўзначаліў намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Васіль Шаладонаў, а альтэрнатыўную – дэпутат Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар.

Праект канстытуцыі прайшоў экспертызу замежных спецыялістаў у Германіі, Англіі, Польшчы, ЗША, Украіне і Расеі. Два разы праект друкаваўся ў газетах для ўсенароднага абмеркавання. Першы праект канстытуцыі быў апублікаваны яшчэ ў 1991 годзе.

Апазіцыя прапаноўвала назваць Вярхоўны Савет Вярхоўнай Радай, Соймам. Шматлікія тэрміны прапаноўвалі перанесці з ВКЛ («ратуша», «войт»), хацелі перайменаваць Мінск у Менск… Але ні адна з гэтых прапаноў не была прынятая. З прэамбулы таксама прыбралі абзац, у якім узгадваліся гістарычныя прававыя акты канстытуцыйнага значэння, якія папярэднічалі Канстытуцыі Беларусі. Больш за ўсё пракамуністычных дэпутатаў раздражнялі ўзгадкі пра ВКЛ, Рускае і Жамойцкае княствы, пра БНР.

Жорсткія спрэчкі ішлі пра формы кіравання дзяржавай, па гэтым пытанні адзінага меркавання ў дэпутатаў не было. Адны выступалі за ўвядзенне прэзідэнцкай формы кіравання, іншыя былі катэгарычна супраць і выступалі за парламенцкую форму кіравання. Урэшце перамагла наменклатурная бальшыня, якая прагаласавала за прэзідэнцкую форму кіравання.

Адзінай дзяржаўнай мовай паводле Канстытуцыі 1994 года была абвешчана беларуская мова.

Беларускае Радыё Рацыя