25 гадоў таму СССР спыніў сваё існаванне



25 гадоў таму ва ўрадавай рэзідэнцыі Віскулі былі падпісаныя Белавежскія пагадненні. Кіраўнікі тагачаснай Беларусі, Расеі і Украіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук афіцыйна дэнансавалі дагавор аб утварэнні СССР і ўтварылі Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

inx960x640

gi-16455-80837-big

На пытанні карэспандэнта Радыё Рацыя Генадзя Барбарыча, як гэта адбывалася і чаму магутная дзяржава пацярпела фіяска, адказвае Станіслаў Шушкевіч, былы кіраўнік Беларусі, адзін з тых, хто  падпісаў „белавежскія” пагадненні:

— Чаму Савецкі саюз распаўся? Ён перастаў быць кіруемай дзяржавай. Макіявелі некалі вельмі добра гаварыў гэта пра манархіі: калі дзяржава перастае быць кіруемай, яна распадаецца. Калі Гарбачоў быў няздольны кіраваць Савецкім Саюзам, накіроўваў грошы з Масквы ва Уладзівасток, каб там падправіць сітуацыю, а яны не даходзілі, бо губляліся па дарозе — дзяржава стала некіруемай. У жніўні 1991 года, пасля путчу, было канстатавана, што так яно і ёсць — няма парадку ў дзяржаве. Вось яна і распалася. А ў нас хапіла мужнасці назваць гэта сваімі імёнамі, хапіла мужнасці заключыць пагадненне, якое вышэй па ўсіх Канстытуцыях Украіны, Расеі і Беларусі, вышэй за заканадаўства гэтых краін, і яно пачало дзейнічаць. Саюза юрыдычна не стала, Гарбачову не было куды падзецца і ён 25 снежня 1991 года адрокся ад пасады кіраўніка неіснуючага ўжо Савецкага Саюза.  

РР: Вы ехалі ў Віскулі ўжо маючы нейкі план?

— Ніякіх пісьмовых загатовак да таго, што мы там прынялі не было. Усё гэта было зроблена там, зроблена на вялікім энтузіязме. Тады, мне здаецца, нам хапіла смеласці паставіць вельмі рэзка пытанне пра тое, кім мы з’яўляемся. І тут вялікую ролю адыграў Генадзь Эдуардавіч Бурбуліс. Ён паставіў такое пытанне: ці згодныя вы падпісаць, што СССР, як геапалітычная рэальнасць і суб’ект міжнароднага права, перастае існаваць у сучасным выглядзе? Я першым сказаў: так, я гэта падпішу. Мы зразумелі, што для таго, каб вырашыць тыя эканамічныя пытанні, дзеля якіх мы сабраліся ў пушчы, дзеля таго, каб дамовіцца з Расеяй пра пастаўкі нафты і газу, трэба было вызначыцца, кім мы ёсць. Іншы шлях быў толькі такі: прасіць Гарбачова нам дапамагчы. А тое, што ён ужо не кіраваў і дапамагчы не мог — гэта было адназначна. Таму мы прынялі адзінае магчымае рашэнне.

РР: З Вашых слоў вынікае, што ўсё ж такі Расея адыгрывала вядучую ролю: Ельцын, Бурбуліс, Гайдар…

— Расея адыграла вялікую ролю, я б сказаў, першую ролю ў гэтай справе. Але я хачу вам сказаць, што і мы далёка не статыстамі былі, бо калі б хто-небудзь з нас, ці то Краўчук, ці то я, пайшлі б па шляху нашай старой ментальнасці, то мы не павінны былі б гэтага падпісваць. Мы павінны былі зразумець, што трэба дзейнічаць рашуча, бо гэта той момант, калі мы павіны давесці, што мы палітыкі. Ніякіх хістанняў тут не было. Што да актуальнага патэнцыялу, дык я хачу сказаць шчыра, што мы саступалі Расеі, бо многія фармулёўкі, а мы аніводнага пункта не прынялі ў тым выглядзе, у якім нам падрыхтавала камісія за ноч з 7 на 8-е снежня. Кожны пункт мы змянялі.  І вось тыя ўдакладненні, па пажаданні нашай 6-кі: першыя і другія асобы, шэсць чалавек, дык нашы пажаданні выконвалі лепей за усіх, я падкрэсліваю, прадстаўнікі Расеі. Украінцы нядрэнна працавалі, беларусы нядрэнна працавалі, але самыя далікатныя пазіцыі, калі ну не атрымоўваўся артыкул, дык іх вырашалі Гайдар і Шахрай — два чалавекі. У гэтым сэнсе, я скажу вам шчыра, я проста зайздросціў, наколькі людзі здольныя знайсці фармулёўку. Ну можа і я б знайшоў, але мне спатрэбілася б многа гадзін, а гэта рабілася за дзесяць – пятнаццаць хвілін. У гэтым сэнсе інтэлектуальная вага расейскай дэлегацыі была вялікай.

РР: Вядомыя словы Пуціна пра тое, што распад Савецкага Саюза і Белавежскія пагадненні — гэта геапалітычная катастрофа…   

— Ён тут дзейнічаў як прымітыў, якому шкада лубянкаўскіх падыходаў і рэалій. Няхай ён успомніць мільёны людзей, якіх загубіла савецкая ўлада, мільёны інтэлектуалаў, дзякуючы якім Расея і гэта тэрыторыя магла б развівацца значна хутчэй. Ён хоча, каб Расея былі імперыяй і хоча захаваць гэту тэрыторыю ўсю пад расейскім ботам. Расея не цураецца ніякіх захадаў, каб захаваць сваё ўздзеянне на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза і нават больш — на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Ёсць жа і прамое ваеннае ўмяшальніцтва, прамая акупацыя расейскімі войскамі ва Украіне.   

РР: Ці здолеем мы адстаяць свой суверэнітэт у такіх складаных варунках?

—  Мы губляем фрагменты, на шасце саму залежнасць дэ-юрэ страціць даволі цяжка, бо Белавежскае пагадненне ўсё ж дзейнічае. Памятаеце, у Расеі ж былі таксама парывы, клоуны тыпу Жырыноўскага і ім падобныя, яны ж нават у дзевяноста шостым годзе прынялі рашэнне пра дэнансацыю Белавежскага пагаднення на радзе, а пасля зразумелі, што глупства ўчынілі і зрабілі заяву, што гэта мае толькі сімвалічнае значэнне. Як гэта, заканадаўчы орган прымае дэкларацыю сімвалічнага значэння і ніяк уцяміць не можа, што яны заканадаўцы, а не проста вялікі сход. Яны працуюць па старой ментальнасці: камуністычная эмоцыі ў кіраўніцтва Расеі значна больш старэйшыя за іх прымітыўны сучасны палітычны інтэлект.

Таму і надалей цяперашняе кіраўніцтва Расеі гатовае да ўчынення ўзрушэнняў у краінах вакол сябе і ў свеце. Беларусь яна паціху скупляе паціху, Украіна працягвае змагацца. І працэсы гэтыя, шляхі нашых краінаў да сапраўднай незалежнасці не будуць простымі і кароткім, — лічыць Станіслаў Шушкевіч.

***

Тымчасам, з нагоды 25-годдзя з дня ўтварэння Садружнасці незалежных дзяржаў Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншавальныя пасланні кіраўнікам краін СНД.

Лукашэнка адзначыў, што пагадненне аб стварэнні СНД, падпісанае 8 снежня 1991 года, стала пачаткам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. „За чвэрць стагоддзя, абапіраючыся на прынцыпы павагі нацыянальных прыярытэтаў і свабоды волевыяўлення дзяржаў-удзельніц, Садружнасць сфармавалася як сучасная рэгіянальная супольнасць, якая ўлічвае інтарэсы ўсіх бакоў”, — цытуе прэс-служба заяву кіраўніка Беларусі. Таксама ён нагадаў, што 16 верасня 2016 года было прынятае рашэнне адаптаваць СНД да сучасных рэалій. На думку Лукашэнкі, у выніку СНД зробіцца яшчэ больш запатрабаваным і актуальным аб’яднаннем.