25 жніўня – Дзень утварэння сучаснай дзяржаўнасці Беларусі
У гэты дзень ніколі не было ні дзяржаўных ні грамадскіх урачыстасцяў. Магчыма, таму, што вырашылі святкаваць 27 ліпеня, калі ў 1990-м годзе была прынятая Дэкларацыя пра незалежнасць. Але дэкларацыі бываюць рознымі. Вунь у 1918 годзе была дэклараваная Беларуская народная Рэспубліка. Але ў 1920-м на Случчыне БНР адстойвалася са зброяй у руках.
Дык калі ў Беларусі сапраўдны Дзень Незалежнасці?
Ёсць падыход дэ-юрэ, а ёсць падыход дэ-факта. Дэ-юрэ 25 жніўня 1991 году дэкларацыя 27 ліпеня 1990 году набыла законную сілу. Але.
Але нічога наўкола не змянілася. А вось крыху пазней – 19 верасня 1991 году мы ўбачылі над Домам Ураду ў Менску бел-чырвона-белы сцяг. Гэтае відовішча было як чароўны сон.
Праз некалькі дзён мы ішлі з аднакурснікам Андрусём каля плошчы Незалежнасці, нядаўна перайменаванай з плошчы Леніна. У Андруся на адзежы быў прымацаваны бел-чырвона-белы значак.
Насустрач ішла пара сталага веку, па выглядзе прыехалі з вёскі ў сталіцу. «Глядзі! Глядзі! Бэнээфавец!» – цётухна з жахам указала свайму мужу на значак Андруся.
Пры гэтым за спінай у цётухны над Домам ураду лунаў такі самы БЧБ-сцяг. Пара яшчэ не зразумела, што адбылося. Перад тым словы пра незалежнасць успрымалі як пусты гук.
Дэ-факта незалежнасць надышла тады, калі межы Беларусі пачалі ахоўваць не савецкія, а свае беларускія памежнікі, дый яшчэ з БЧБ сімволікай на форме.
Лукашэнка ўжо гадоў пятнаццаць як спрабуе выцерці памяць пра жыццё Беларусі пад нацыянальнай сімволікай. Гісторыя сучаснай Беларусі ў дыктатара пачынаецца ўжо не ад 1944 году з вызвалення Менску, а ад 1994 году – з прыходам да ўлады Лукашэнкі.
Беларускія незалежныя медыі так і не стварылі ніводнага папулярнага дакументальнага фільму ці серыялу пра канец 1980-х – 1990-я гады.
Памятаю размовы з некаторымі галоўнымі рэдактарамі. Усе ў адзін голас казалі, маўляў, гэта ж нядаўна было, усе ўсё памятаюць.
Час ляціць хутка. Думаю, што васямнаццаці-дзевятнаццаці гадовыя «срочнікі» унутраных войскаў, якія малацілі дубінкамі людзей і машыны, дакладна не ўяўлялі на каго і за што падымалі руку. І што ў Беларусі была хай сабе адносная, але свабода.
Адчуванне сучаснай незалежнасці ў беларусаў змазанае праз шматгадовае масквапаклонніцтва Лукашэнкі і ягонай паствы.
А Дзень Волі на 25 сакавіка застаецца самым папулярным. Бо гэта не проста дата ў гісторыі. Шмат людзей пралілі кроў і яшчэ больш пасядзелі за кратамі за права вольна адзначаць гэты дзень – дзень волі, волі да свабоднага жыцця.
У будучыні апроч 25 сакавіка я бачу другую па чарзе і магчыма першую па значнасці дату. Дзень вызвалення Беларусі ад унутранай акупацыі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя