25 жніўня — угодкі абвяшчэння незалежнасці Беларусі
25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага акта. Гэта адбылося пасля таго, як у Маскве праваліўся путч „ГКЧП”.
25 жніўня на плошчы Леніна ў Цэнтры Менску адбыўся шматтысячны мітынг, удзельнікі якога патрабавалі разагнаць камуністычную партыю.
Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк павіншаваў беларусаў са святам:
– Дазвольце ўсіх нас павіншаваць з найвялікшым святам – Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта міжнародная рэальнасць. Нашая дзяржава існуе, прызнаная ўсім светам. Зараз ужо зусім не так, як было некалі, калі нашую беларускую эміграцыю не лічылі за людзей. Кожнаму трэба было даказваць, што ён – беларус. Казалі, што такой дзяржавы не існуе: альбо прылучалі да Расейскай імперыі, альбо – да Польшчы. Рэспубліка Беларусь паклала крэс гэтаму ўсяму.
Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР прынялі яшчэ 27 ліпеня 1990 года, аднак рэальную моц яна набыла толькі ў жніўні 1991-га. Менавіта з гэтага дня наша краіна стала фактычна самастойнай. Пасяджэнне Вярхоўнага Савета праходзіла пад бел-чырвона-белым сцягам, які ўнеслі ў залу сябры БНФ на чале з Зянонам Пазьняком.
Беларускае Радыё Рацыя