26 красавіка ў Менску адбудзецца традыцыйны „Чарнобыльскі шлях”
У сядзібе партыі БНФ, пасля прыняцця заяўкі Менгарвыканкамам, адбылася прэс-канферэнцыя арганізатараў-заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху-2015”. Лідары Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук, першы намеснік старшыні руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, лідар руху салідарнасці “Разам” Ілля Дабратвор – агучылі асноўныя лозунгі шэсця ды распавялі пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы, што зараз, на іх думку, ўяўляюць галоўныя пагрозы жыхарам Беларусі.
Юрась Губарэвіч:
– Гэта адна з нешматлікіх магчымасцяў легальна выйсці на цэнтральныя вуліцы горада. Бо Чырнобыль перадусім палягае ў абыякавасці і бескантрольнасці ўлады.
Віталь Рымашэўскі:
– 25 сакавіка пускалі „фейкавыя” навіны, што нібыта ствараюцца нейкія „антымайданы”. І гэта ўсё было створана менавіта дзеля таго, каю проста запужаць людзей і каб яны не прыходзілі. 25 сакавіка выйшла шмат моладзі, і гэта лепшая нашая беларуская моладзь. Таму мы зараз заклікаем не баяцца, выходзіць на мітынгі, не паддавацца на правакацыі і пры гэтым праяўляць пільнасць.
Збор удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” плануецца а 14 гадзіне 26 красавіка ля сталічнага кінатэатра “Кастрычнік”, шэсце – а 15-й, па вуліцах Сурганава, часткова Арлоўскай, да перакрыжавання з вуліцай Карастаянавай, да памятнага камяня “Ахвярам Чарнобыля”.
Беларускае Радыё Рацыя