27 гадоў таму ў Віскулях завершылася існаванне СССР



8 снежня 1991 года ў Віскулях былі падпісаныя «Белавежскія пагадненні», якія прывялі да канца існавання СССР. Гэтая гістарычная падзея фактычна завяршыла існаванне Савецкага Саюзу і адкрыла новую старонку ў жыцці савецкіх рэспублік.

Савецкі Саюз праіснаваў дакладна 69 гадоў. Ён быў створаны 29 снежня 1922 года. Да снежня 1991 года адбыўся шэраг падзеяў, якія вызначылі лёс СССР, перш за ўсе гэта абвяшчэнне незалежнасці шэрагам рэспублік, перш за ўсе балтыйскіх.

Ключавую ролю згуляла спроба вайсковага перавароту ў Маскве ў жніўні 1991 года

Путч перакрэсліў планы па рэфармаванні СССР і пераўтварэнні яго ў свайго роду федэратыўную садружнасць. Тэмп развалу СССР набіраў хуткасці, галоўным чынам па ініцыятыве прэзідэнта РСФСР Барыса Ельцына.

Рашэнне пра спыненне існавання СССР было прынята спантанна

Удзельнікі сустрэчы ў Віскулях сцвярджаюць, што рашэнне пра спыненне існаваньня СССР было прынята спантанна.

Сустрэча й абмеркаванне некаторых пытанняў пачалося 7 снежня ў Белавежскай пушчы, дзе знаходзілася ўрадавая рэзідэнцыя беларускага кіраўніцтва «Віскулі». На сустрэчы прысутнічалі прэзідэнт РСФСР Барыс Ельцын і прэм’ер-міністар і першы дзяржсакратар Расеі Генадзій Бурбуліс, спікер беларускай Вярхоўнай Рады Станіслаў Шушкевіч і прэм’ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч, прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук і прэм’ер-міністар Віталь Фокін. На сустрэчу павінен быў прыляцець і прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, але яго самалёт прызямліўся ў Маскве і там застаўся.

Сустрэча адбывалася ва ўмовах сакрэтнасці

Па словах удзельнікаў, прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў  не ведаў пра планы кіраўніцтва саюзных рэспублік. Ельцын і Бурбуліс прапанавалі напрацоўкі і настойвалі на падпісанні пагаднення. Матывам такога рашэння было, па-сутнасці, двухуладдзе ў Расеі, з аднаго боку Ельцын, з іншага Гарбачоў, які страціў свае ўплывы пасля путчу.

Лёс СССР быў акрэслены на працягу некалькіх гадзін

Вырашыць справу трэба было вельмі хутка, і фактычна лёс СССР быў акрэслены на працягу некалькіх гадзін 7 снежня, пасля чаго палітыкі накіраваліся ў лазню. На наступны дзень 8 снежня кіраўнікі дзяржаваў яшчэ паспелі схадзіць на паляванне.

8 снежня адбылося афіцыйнае падпісанне «Белавежскіх пагадненняў», альбо інакш «Пагаднення пра стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаваў».

У прэамбуле дакументу сцвярджалася: «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». Пасля падпісання дакументу, Ельцын патэлефанаваў амерыканскаму прэзідэнту Джорджу Бушу, а Шушкевіч – Гарбачову.

Варта зазначыць, што Беларусь была адна з краінаў «заснавальнікаў» СССР у 1922 годзе.

 radyjo.net

Фота wikimedia.org